Политика
Радыё Свабода

Эўрапарлямэнт заклікае правесьці паўторныя выбары ў Беларусі

Перад галасаваньнем Эўрапарлямэнт вітаў Аляксандра Мілінкевіча авацыямі. За ключавы пункт рэзалюцыі, у якім прэзыдэнцкія выбары 19 сакавіка ў Беларусі прызнаныя несвабоднымі і неадпаведнымі міжнародным стандартам, Лукашэнка лічыцца нелегітымным прэзыдэнтам Беларусі, а таму прэзыдэнцкія выбары павінны быць паўтораныя, было пададзена 524 галасоў — за, 17 — супраць.

Рэзалюцыя ў цэлым была ўхваленая абсалютнай большасьцю, пры вельмі нязначнай колькасьць галасоў супраць.

Эўрапейскі парлямэнт вітаў рашэньне Рады Эўразьвязу ўнесьці А. Лукашэнку ў сьпіс асобаў, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць візавыя забароны, і заклікаў пашырыць гэты сьпіс за кошт чыноўнікаў мясцовых і цэнтральных органаў улады, якія былі ўцягнутыя ў парушэньні правоў чалавека і палітычных свабодаў цягам выбарчай кампаніі. Адначасова Эўрапарлямэнт заклікаў Раду Эўразьвязу аблегчыць візавы рэжым для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Эўрапарлямэнт заклікаў афіцыйны Менск вызваліць лідэраў апазыцыі, дэманстрантаў, журналістаў, замежных грамадзян, якія былі арыштаваныя цягам кампаніі пратэстаў, а таксама апублікаваць сьпіс прозьвішчаў арыштаваных, умовы іх затрыманьня і абвінавачваньні, вылучаныя супраць іх, спыніць зьбіцьцё і катаваньні палітычных вязьняў.

Эўрапарлямэнт заклікаў ААН, Раду Эўропы і краіны сябры Эўразьвязу стварыць міжнародную камісію па дасьледаваньні зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту будзе ўлічаная на паседжаньні Рады Эўразьвязу 10 красавіка ў Люксэмбургу, на якім будуць зацьверджаныя санкцыі супраць А. Лукашэнкі і іншых беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у фальшаваньні прэзыдэнцкіх выбараў і масавых рэпрэсіях пад час і пасьля выбарчай кампаніі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)