Политика

ЕС гатовы разгледзіць новыя санкцыі ў адказ на масавыя ператрусы і затрыманні

«Распраўляючыся з грамадзянскай супольнасцю, рэжым яшчэ больш паглыбіў раскол з беларускім народам».

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што пасля ўчорашніх падзей Еўрасаюз гатовы разгледзець новыя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска, паведамляе Наша Нiва.

— Мы працягнем рабіць усё магчымае для падтрымкі народа Беларусі, працягнем падтрымліваць усіх праваабаронцаў, незалежныя галасы і ўсіх людзей, якіх пераследуюць у Беларусі, — заявіў ён. —Гэтая новая хваля рэпрэсій з'яўляецца яшчэ адным доказам таго, што рэжым Лукашэнкі вядзе сістэматычную і добра арганізаваную кампанію з канчатковай мэтай прымусіць замаўчаць усе астатнія галасы іншадумцаў і здушыць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.

Распраўляючыся з грамадзянскай супольнасцю, рэжым яшчэ больш паглыбіў раскол з беларускім народам.

ЕС заклікае ўлады Беларусі паважаць правы чалавека і фундаментальныя свабоды. Там адзначаюць, што гэтыя абуральныя парушэнні правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў не застануцца беспакаранымі.

ЕС патрабуе вызвалення ўсіх палітвязняў і нядаўна затрыманых праваабаронцаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)