Политика

Эксперт: Неяк не складаецца пазл на тэму «Пуцін усіх перамог»

Эксперты працягваюць ацэньваць падзеі ў Казахстане. Прапануем вашай увазе меркаванні пра ўсемагутнасць Расіі і значэнне АДКБ.

Цыганкоў: «Расея наступіла на інтарэсы Турцыі і Кітая ў Казахстане»

— Калі я чытаю беларускія допісы (нават салідных людзей) на тэму «Якая хітрая Расея, Пуцін у Казахстане зноў усіх перамог», то міжволі ўзгадваецца, што «Для мышки сильнее кошки зверя нет», — піша палітычны аглядальнік Віталь Цыганокоў. — Пры гэтым рыторыка ўмоўных Салаўёвых і Жырыноўскіх зусім адваротная — «Амерыка наступае, чарговая аперацыя Вашынгтона, яны амаль дасягнулі сваіх мэтаў, зноў нас аслабляюць, мы наступныя».

Сапраўды, хараство казахстанскай сітуацыі ў тым, што экспэрты і канспіролагі могуць ацаніць яе ў любы, часам процілеглы бок.

Але калі паспрабаваць паглядзець суха і аб’ектыўна, то атрымліваецца наступнае.

1. Палітычная і ваенная ўвага Масквы пераключылася з Украіны на Казахстан. Уварваньне ва Украіну (рэальнае ці прыдуманае) стала ў найбліжэйшы час немагчымым. Адбылося гэта напярэдадні перамоваў Масквы і Вашынгтона. Як цяпер перамаўляцца, калі зьнік галоўны козыр, аргумент — пагроза нападу пра Украіну?

2. Расея наступіла на інтарэсы Турцыі і Кітая ў Казахстане. Яны гэта «не забудут, не простят» у той ці іншай форме.

3. За апошнія 30 гадоў казахстанская нацыя фармавалася ў даволі моцным антыімперскім, антысавецкім (умоўна нават можна сказаць — антырасейскім) кантэксьце.

Расейскія войскі зараз дапамаглі захавацца існуючай, і гледзячы па ўсіму, ня вельмі папулярнай, уладзе, якая 30 гадоў раскрадала багатую на рэсурсы краіну.

Як казахстанскае грамадзтва ўспрыме прысутнасьць у краіне расейскіх войскаў — адкрытае пытаньне, але нешта падказвае, што не надта радасна.

Наўрад ці іх будуць успрымаць як абаронцаў (абаронцаў ад каго, ад якога зьнешняга ворага?), а вельмі магчыма — як акупантаў. Як мінімум адбудзецца антырасейскі паварот у грамадзкіх настроях, як ва Украіне пасьля Крыму і Данбасу. Як максімум — напады, сутыкненьні, страты.

4. Як на прыход Расеі ў Казахстан адрэагуюць ісламскія радыкалы, ды і проста «памяркоўнае» ісламскае духавенства, як у Казахстане, так і ў суседніх краінах? (Мне падаецца, што для Масквы найлепшым варыянтам было б хутчэй адтуль выходзіць — маўляў, мы задачу выканалі, сітуацыя стабілізаваліся, мы добрыя і мудрыя. Але няма ўпэўненасьці, што Крэмль не захоча застацца надоўга).

І калі пры самым горшым разьвіцьці падзеяў у Расею пойдуць трупы расейскіх вайскоўцаў — як гэта паўплывае на ўнутраную сытуацыю ў краіне, ці не стане гэта тым самы «чорным лебедзем» і «трыгерам»?

Так што неяк не складаецца пазл на зададзеную тэму «Пуцін усіх перамог».

Рудкоўскі: Даўгачаканы дэбют АДКБ?

— Ёсць такая арганізацыя ў Еўразіі: Арганізацыя дагавору аб калектыўнай бяспецы. Нарадзілася (са шматлікімі дэфектамі) ў 1992 годзе, праз 10 год нарадзілася другі раз, — нагадвае акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі. — Незалежна ад таго, ад якога года весці адлік яе жыцця-быцця, зараз гэта паўналетняя арганізацыя, якая сёлета будзе святкаваць круглы юбілей 20 або 30 год з дня нараджэння.

Арганізацыя паклікана аберагаць краін-удзельніц перадусім ад знешняй агрэсіі, міжнароднага тэрарызму і пагроз для тэрытарыяльнай цэласнасці.

Апошнія гады прыпаднеслі для ўдзельніц АДКБ як мінімум два выклікі: уварванне Азербайджана ў Нагорны Карабах у 2020 годзе і наўпростыя пагрозы з боку талібаў на адрас Таджыкістана з 2021 года. У абодвух выпадках пад знешняй пагрозай апыналіся члены АДКБ: Арменія і Таджыкістан.

У першым выпадку з чыста фармальнага гледзішча знешняя пагроза не была ў дачыненні да Арменіі, а ў дачыненні да спрэчнай тэрыторыі.

Але акурат гэта і мог бы стаць шанец для АДКБ праявіць сваю палітычную моц: аказаць прэсінг на знешнюю сілу, каб дамагчыся карыснага для свайго чальца кампрамісу.

Але не, АДКБ папросту схавалася за труслівай фармулёўкай: «Нагорны Карабах не ёсць тэрыторыяй Арменіі, суадносна, мы тут ні пры чым». Цуду не адбылося. Арганізацыя засталася на паперы.

У выпадку канфлікту паміж талібамі і Таджыкістанам (членам АДКБ), можа зарана рабіць высновы, але пачатак дужа красамоўны. Талібы афіцыйна ў Расіі прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй, да таго ж яны рэгулярна чыняць масу варожых жэстаў у стасунку да Таджыкістана.

Агрэсіўныя жэсты знешніх сіл, якія , згодна з афіцыйнай класіфікацыяй асноўнага члена АДКБ з’яўляюцца «міжнароднымі тэрарыстамі» — вось гэта сапраўды выклік. На яго, згодна са статутам, альянс мусіць рэагаваць. Але рэакцыі пакуль што не відно ніякай.

Цуду не адбылося, арганізацыя надалей на паперы.

Прырода пратэстаў у Казахстане пакуль што не зусім ясная. Магчыма, гэта спантанны грамадзянскі ўздым, да якога «прыклеіліся» радыкальныя сілы. Магчыма, гэта былі міжкланаваныя разборкі з выкарыстаннем грамадства. Але атрымлівацца адно з двух:

1. Або АДКБ спрычыніўся да пацыфікацыі грамадскіх пратэстаў (з элементамі насілля) у адной з краін-чальцоў.

2. Або АДКБ умяшаўся ў міжкланавыя разборкі ў адной з краін-чальцоў.

Урэшце адбыўся цуд: АДКБ вылезла з паперы і здзейсніла свой першы дэбют! Са статутнымі абавязкамі справіцца не па зубах, то дай жа хоць паўдзельнічаю ў дваровых разборках. І пакажу, што магу.

Да нядаўняга часу нават сімпатыкі Расіі & Co казалі, што АДКБ — «папяровая арганізацыя». Цяпер трэба рабіць удакладненне наконт «паперы»: «туалетна-папяровая». Вартая жалю пародыя Арганізацыі Варшаўскай дамовы, якая ў сваю чаргу была вартай жалю пародыяй НАТА.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(32)