Лица

Дзяніс Дудзінскі: «Так і мяне здавалі. Гэта тычыцца майго атачэньня ў БТ»

Тэлевядоўца, шоўмэн, сьпявак, актор Дзяніс Дудзінскі, які цяпер у вымушанай эміграцыі ва Ўкраіне, расказаў у эфіры youtube-каналу Свабода Premium пра жыцьцё, працу і новыя магчымасьці ў Кіеве, пра стукачоў у Белтэлерадыёкампаніі, а таксама пра сарказм і гумар як дзейныя спосабы барацьбы са злом.

Дзяніс Дудзінскі

Дзяніс Дудзінскі, папулярны тэлевядоўца, шоўмэн, сьпявак, актор. Летась улетку выказаўся супраць гвалту сілавікоў, калі ў чэрвені АМАП разагнаў людзей, якія стаялі ў чарзе ў краму Symbal.by. Пасьля гэтага страціў эфір на дзяржаўнай тэлевізіі. У верасьні адседзеў 12 сутак на Акрэсьціна, пасьля таго як выказваўся супраць гвалту і фальсыфікацый выбараў. У чэрвені з прычыны перасьледу ўладаў быў вымушаны разам з жонкай Кацярынай Раецкай зьехаць ва Ўкраіну.

Асноўныя тэзісы Дзяніса Дудзінскага прыводзіць Радыё Свабода.

Пра працу ва Ўкраіне

— Адноўленыя ўсе кантакты, якія былі страчаныя, калі Беларусь праз ковід і палітычную сытуацыю аказалася адрэзаная ад усяго сьвету. Ва Ўкраіне ўсе дарогі на поўдзень, поўнач, захад і ўсход адкрытыя — ад працы ў вялікіх кампаніях і мэдыйных карпарацыях да карпаратываў (вясельляў і юбілеяў). Жыцьцё насычанае, і найперш беларускім парадкам дня. Як прачнуўся, адразу за тэлефон — што адбываецца, хто каго, якія інтэрвію даюць.

Пра стрыманы аптымізм

— Прышчэпку ад хуткіх высноваў я атрымаў яшчэ ў жніўні, калі 16 жніўня мы ўсе, сотні тысячаў, выйшлі на вуліцы і плошчы Менску. Нехта тады сказаў, што хай бы да верасьня гэта скончыць, а я на яго накінуўся — маўляў, у верасьні нашы дзеці пойдуць у школы ўжо ў новай Беларусі, два-тры дні, максымум тыдзень — і ўсё, хто гэта зможа спыніць. А не... У верасьні мы казалі пра лістапад як нейкі ўяўны рубеж. Ня скончылася. Потым мы казалі, што новы год сустрэнем у свабоднай, новай Беларусі. Не. Потым была вясна, потым была гадавіна падзеяў. І ўсё не заканчваецца і не заканчваецца.

Таму цяпер я вельмі акуратна і стрымана рэагую ў тым ліку на пазытыўны парадак дня, які прыходзіць зь Беларусі. Канечне, радуюся, захапляюся, перажываю, але гэты аптымізм не выпячваю вонкі, не выходжу ў сацыяльныя сеткі з крыкамі «ура-а-а» і шашкай на кані, што вось-вось ужо перамога. Акуратна. Вер, але дапускай і іншы варыянт. Ня хочацца, але хай будуць думкі пра іншы варыянт.

Пра пазытыў і цішыню

— Шчасьце любіць цішыню. Гэта той самы выпадак, калі пазытыўны парадак дня патрабуе цішыні. Выйшаў на ўсеагульнае абмеркаваньне зь нейкай пазытыўнай навіной, і няма ніякай гарантыі, што яна не перастане быць такой. Арганізаваць нейкі фэстываль, канфэрэнцыю ці нешта яшчэ... Усе людзі, якія не падтрымліваюць цяперашнюю ўладу, асабліва з мэдыйнай сфэры, даўно «на алоўку».

Пазытыўны парадак дня ў Беларусі патрабуе цішыні. І таму я не гавару пра тое, з кім, калі і зь якой нагоды сустракаюся нават тут, ва Ўкраіне, каб не нашкодзіць людзям, якія могуць паехаць у Беларусь. У мяне не атрымліваецца выліваць радасьць у сацсетках. Маё ўнутранае адчуваньне не адпавядае парадку дня «коцікаў і кветак».

У які Менск хацеў бы вярнуцца

— Нам бы вярнуцца, а там мы ўжо створым той самы Менск. Цяперашні шэры Менск мы расфарбуем падзеямі, івэнтамі, малюнкамі на сьценах. Прыдумаем, што з гэтым рабіць. Галоўнае — вярнуцца. Любы Менск добры для нас. І Варшава, і Кіеў — цудоўныя гарады, але Менск — гэта Менск, які б ён ні быў. Радзіму, сталіцу не выбіраюць (патасная фраза).

Пра шырокія магчымасьці ў Кіеве

Дзяніс Дудзінскі разам з жонкай Кацярынай Раецкай

— Шмат беларусаў прыехалі ў Кіеў зь веданьнем замежных моваў. Скажу як чалавек, які скончыў інстытут замежных моваў, што веданьне замежных моваў ва Ўкраіне — патрабаваньне нумар адзін, калі ты хочаш укараніцца ня толькі ва ўкраінскі рынак, але і эўрапейскі рынак закрануць, і рынкі Азіі і ЗША. Тут вялізарная колькасьць замежных кампаній, групаў, форумаў. Калі ведаеш (пажадана не адну) замежную мову і можаш ствараць кантэнт, то ня столькі ты будзеш шукаць выхад на іх, колькі будуць шукаць выхад на цябе і рабіць нейкія прапановы.

Ты ўжо цалкам у рынкавай эканоміцы існуеш і як вядучы, і як перакладчык, і як выкладчык, і гэтай далей. Стала значна больш магчымасьцяў, чым было ў Беларусі. Там усё лягчэй і прасьцей. Выйшаў з дому, і праз гадзіну на лётнішчы, праз гадзіну ў Варшаве, празь дзьве гадзіны ў Парыжы ці Міляне. Перамовы вядуцца вельмі хутка — сёньня дамовіліся, заўтра сустрэліся ў іншай краіне.

Пра даносчыкаў

— Калі мінулай восеньню ў некаторых людзей яшчэ былі ваганьні, яны асьцярожна звонку назіралі, куды, у які бок нахіліцца балянс у расстаноўцы палітычных сілаў, то цяпер яны для сябе прынялі, што пратэсты жорстка падаўленыя і што ёсьць адзіная сіла — улада, і лепей супрацоўнічаць зь ёй. Для гэтага трэба паказаць сваю ляяльнасьць, расказаць пра гэта ў сацсетках, прайсьці аўтапрабегам і, пажадана, кагосьці здаць. На гэтых трох слупах трымаецца сумленьне чалавека, які хоча надалей атрымліваць плюшкі ад дзейнай улады. Цяпер гэта стала заканамернасьцю для многіх людзей.

Так і мяне здавалі. Я рана ці позна пра гэта раскажу і напішу, як толькі на руках будуць афіцыйныя паперы. Хаця б прынтскрыны з тых самых папераў, якія я бачыў, але якіх у мяне цяпер на руках няма. Гэта тычыцца майго атачэньня ў БТ. Калі я знаходзіўся на Акрэсьціна, людзі, якія прыходзілі туды, не хавалі гэтага. Можа, гэта калі-небудзь усплыве праз кібэрпартызанаў.

Пра зло, зь якога трэба сьмяяцца

— Зло — катэгорыя абсалютная. Пра дабро можна разважаць — для кагосьці гэта дабро, а для кагосьці не дабро. Зло — абсалютнае. Забойства — гэта зло. Не бяром ніякіх «калі», «ох», «ах» і іншых акалічнасьцяў. Калі зло спрабаваць перамагчы той жа зброяй, якой ваюе зло, можна прыйсьці ў выніку да разьвязаньня сапраўднай вайны. Зло на зло — гэта вельмі дрэнна, катэгарычна непрымальна.

Іронія, сарказм, гумар — гэта першы флянг, які выходзіць на фронт, на барацьбу са злом. Так было ў часы вайны — гумар, сатыра, пародыі, карыкатуры, шаржы на Гітлера. Дастаткова паказаць зло нязграбным, дурным, каб людзі пасьмяяліся, і тады адчуваньне суцэльнай цемры адступае. А калі гэта зрабіць граматна, калі рэжысэр здыме камэдыю пра зло, пісьменьнік напіша сьмешна, іранічна пра зло, то людзям будзе лягчэй і прасьцей успрымаць гэтае самае зло. Дабро перамагае зло.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(43)