Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Пазіцыя лукашэнкаўскай прапаганды — гэта рускія прайгралі Херсон, а мы тут пры чым?

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст расказаў Филину пры прычыны красамоўнага маўчання беларускіх праўладных СМІ на фоне поспехаў украінскіх ваенных.

Юрый Дракахруст

— Мінула чатыры дні, як расійскія войскі сыйшлі з Херсона. Як бы вы ацанілі рэакцыю расейцаў на гэтую падзею — як кіраўніцтва, так і на шараговым узроўні?

— Рэакцыя Пуціна, рэакцыя Крамля, калі яна і ёсць, то яе можна звесці да словаў «вайна ёсць вайна». Ваеннае шчасце, што называецца, паварочвае ў розныя бакі. І вось зараз яно павярнула не на бок Расіі.

Але мы бачылі, што такія інстытуцыйныя крытыкі істэблішменту, кшталту Кадырава і Прыгожына, у гэтай сітуацыі кажуць, маўляў, правільна зрабілі, што вывелі войскі. Ім паказалі, каго можна крытыкаваць, а каго нельга. І ў дадзеным выпадку ўсім было зразумела, што загад адступаць мог даць толькі Пуцін.

Што тычыцца грамадскай думкі, то я б сказаў, што тут гаворка ідзе пра разгубленасць і роспач. Пакуль апытанняў няма, але калі глядзець на водгукі патрыятычнай ці нават шавіністычнай часткі грамадства, то ў іх бачнае пераасэнсаванне таго, што адбылося. Яны не толькі бэсцяць генералаў і нават Пуціна, але ўсё часцей задаюць пытанні: «А навошта гэта ўсё было? Ці правільна мы ўсё разлічылі?»

Я звярнуў увагу, як на многіх з тых, хто падтрымлівае Крэмль, зрабіла ўражанне тое, як украінцы ў Херсоне сустракалі сваіх салдатаў. Зразумела, што многія кажуць, што і нашых так прымалі. І тым не менш, гэта ўражвала.

Так, стан разгубленасці ад таго, што здалі адзіны захоплены абласны цэнтр, прысутнічае. Але казаць, што цяпер усё пасыплецца, гэта пакуль не факт. Магчыма, зімой будзе адбывацца пазіцыйная вайна. Ваенныя эксперты тут лепш патлумачаць. Але не выключана, што пэўная паўза ў актыўных баях, у наступе ўкраінскіх узброенных сілаў на зімні час усё ж будзе.

Акрамя таго, не варта забываць, што ў верасні-кастрычніку праходзіла мабілізацыя ў Расіі. І гэтыя 318 тысячаў, як казаў Пуцін, чамусьці навучаць. А гэта вялікая маса людзей, якая паступіць на фронт.

З іншага боку, грамадская думка ў Расіі, а таксама рэакцыя Крамля на гэтую падзею цікавая яшчэ і тым, чаго ў ёй няма. Бо мы памятаем допісы Дзмітрыя Мядзведзева, у якіх ён не аднойчы паўтараў: у выпадку экзістэнцыйнай пагрозы для краіны Расія можа ўжыць ядзерную зброю. Ды і Пуцін пра гэта не раз намякаў. 

Ну вось яна — пагроза.

Калі ўлічыць рашэнні аб анэксіі, то здача Херсона нічым не адрозніваецца ад здачы Сімферопаля, Белгарада, Варонежа. Ды няхай сабе і Масквы. Але гэта не прысутнічае ў грамадскай думцы, што мы адпомсцім за Херсон. Гэтага няма.

Хіба што адзін Дугін расстаўляў акцэнты, маўляў, Херсон — гэта апошні рубеж, за якім Расія рассыплецца. Але сказаць, каб гэта было мэйнстрымам, то не. Ні Пуцін гэтага не гаворыць, ні генералы. Ніхто не паўтарае тыя словы Мядзведзева. Што, маўляў, «бандэраўцы» захапілі «рускі» горад, і за гэта мусіць быць «атветка».

Магчыма, гэта яшчэ і з’явіцца, хоць звычайна такія рэчы гучаць або адразу, або ніколі. Гэтага няма. Усё ж такі ёсць успрыняцце і ў народзе, і ў Крамлі, што гэта не сваё. Як захапілі, так і сыйшлі, бяды вялікай тут няма. Сімвалічны момант тут ёсць, але адчування, што ўкраінцы занялі такі ж горад, як Сімферопаль ці Варонеж, тут няма.

І нават не тое, што ядзерная зброя, няма такой рэакцыі, якую мы назіралі пасля атакі на Крымскі мост. Магчыма, у тым выпадку падобныя планы існавалі даўно, але выглядала гэта так: вы нам мост падарвалі, гэта дыверсія, і мы зараз пачнем граміць вашую інфраструктуру.

А тут гісторыя куды больш сур’ёзная, але гэта не дыверсія, гэта параза. А за яе не помсцяць. Мне падаецца, гэта важны палітыка-псіхалагічны момант — чаго ў іхняй рэакцыі я пакуль што не зафіксаваў. Толькі хіба ў Дугіна.

— Здача Херсона амаль не згадвалася ў навінах беларускага афіцыёзу, а калі і згадвалася, то вельмі асцярожна, без канкрэтыкі, у асноўным — словамі РИА Новости. І гэта кантраставала з расійскімі медыя, дзе пра гэта гаварылася больш адкрыта.

Чаму так? І для чаго гэты спектакль з ігнорам такой важнай навіны — спроба спадабацца Крамлю ці гэта для ўнутранай аўдыторыі?

— Я думаю, што найперш для ўнутранай. І тут ёсць два пасылы. Адзін з іх, дарэчы, вельмі часта ўжываюць беларускія ўлады адносна падзеяў ва Украіне, па прынцыпе «маўчы — за разумнага сыйдзеш». Хаваць непрыемныя для сябе навіны, проста не гаварыць.

Маўляў, мы пра гэта не будзем гаварыць, і людзі не будуць гэта ўспрымаць. Можна гаварыць пра дэфіцыт, скачок цэн — пра што заўгодна. А вось пра гэта мы не гаворым, калі гэта тычыцца нас.

А што тычыцца Расіі, то тут дадаецца яшчэ адзін фактар, які прысутнічае і ў грамадскай думцы, і ва ўладзе таксама. Прынамсі, як адзін з чыннікаў. Калі звяртацца да сацыялогіі, то значная частка грамадства выступае за Расію. Але калі запытацца пра ўдзел у вайне, то тут ёсць агульная згода: няхай яны там самі ваююць, самі разбіраюцца.

І гэта другі элемент гэтага маўчання. Груба кажучы: рускія прайгралі, а мы тут пры чым? Гэта не нашая параза. Мы там нічога не прайгралі, гэта яны прайгралі. Ну, мы пра гэта і не расказваем. Адным словам, тут і нежаданне ўвогуле расказваць пра гэтыя падзеі. І таксама спроба дыстанцыявацца ад гэтых падзей, маўляў, мы ў «доміку».

Так, цытуецца агенцтва РИА, але свае публікацыі не робяцца.

Бо напішы пра тое, як у Херсоне сустракалі ЗСУ, што падумаюць у Крамлі? А з другога боку, аж занадта фарбаваць гэта сусальным золатам — навошта? Для ўздзеяння на свой народ гэта трэба? Не, не трэба. 

У гэтай справе бегчы паперад бацькі ў пекла нікому не хочацца. І таму тут лепей маўчаць і тупа перадрукоўваць РИА Новости. Яно так і робіцца: вось, гэта іх інфармацыя, гэта не наша, а мы — у «доміку».

І тут, канечне, розныя думкі ўзнікаюць. Той жа праўладны палітолаг Шпакоўскі ў праграме расійскай прапагандысткі Скабеевай заявіў, што калі Расія абрынецца ў выніку гэтай вайны, то і беларуская сістэма таксама.

Як яно будзе насамрэч, цяжка сказаць. Пытанне, ці абрынецца катастарфічна РФ па выніках вайны. Але цікавы сам факт, што людзі там над гэтым задумваюцца. Прынамсі, думкі пра гэта ўзнікаюць. 24-25 лютага такіх думак не было, а праз столькі месяцаў вайны, пасля абваяванага Харкава, пасля вызваленага Херсона яны ўзнікаюць.

І не ў аднаго Шпакоўскага. Я думаю, яны ўзнікаюць і ў Лукашэнкі, які нават свой тон змяніў. Зяленскага, якога ён у пачатку вайны толькі матам не крыў, ён цяпер, аказваецца, ледзь не груддзю ўзгадаваў.

Дадайце сюды ўсе гэтыя манеўры Макея, ягоныя паездкі, перамовы, якія, магчыма, вядуцца за кадрам.

Лукашэнка патануць з Пуціным і Расіяй не хоча. Ён не такі рускі салдат, які стаіць у шыхце з думкай «заб’юць дык заб’юць». Ён гінуць разам з рускімі не хоча.

— Калі казаць пра Лукашэнку, то вось гэты дзіўны семінар па праблемах меліярацыі, дзе ён звыкла казаў пра нізкую дысцыпліну, крытыкаваў урад — гэта з той самай оперы? «Не заўважыць» важную падзею, «схавацца ў доміку»? Бо выглядала гэта вельмі паказальна.

— Так, паказальна. І гэта пацвярджае што першы, што другі вышэй згаданыя кампаненты. Гэта ў рускіх вайна, а ў нас — уборачная. Падрыхтоўка да зімы, азімыя… У нас сваё жыццё. А тое, што з нашай тэрыторыі лятаюць ракеты? Ну так, лятаюць. А мы тут пры чым? Гэта ж не нашы ракеты, гэта іх ракеты.

І гэта, канечне, такое пасланне. А расейцы што з гэтым могуць зрабіць? Відаць, паслаць беларускае войска ў бой яны не могуць, ці не хочуць. Што датычыць нейкіх практычных рэчаў, то прывезеных у Беларусь мабілізаваных на некалькіх палігонах вучаць, рыхтуюць.

У гэтым сэнсе Лукашэнка робіць усё, што ад яго патрабуюць. Але ў плане ідэалогіі сітуацыя такая: у нас уборка, меліярацыя, свае гаспадарчыя праблемы, а вайны няма, мы ў ёй не ўдзельнічаем.

І калі нават па апытаннях глядзець, Вардамацкага, Chatham House, па вялікім рахунку, гэты пасыл супадае з масавымі настроямі. Большасць не ўспрымае сваю краіну як удзельніцу вайны. Нават частка тых, хто не любіць Лукашэнку, згодныя: так, мы не ваюем, гэта не наша вайна. Бо надта цяжкая гэта віна, каб браць яе на сябе.

— На тым семінары быў цікавы перавод фокуса. Маўляў, галоўнае эканоміка — будзе яна моцнай, то нам не страшная будзе любая вайна.

— Крыху па-дзіцячы гэта гучыць. Вайна не залежыць ад стану эканомікі. Але пасыл тут менавіта такі: вайны няма, мы не маем да яе дачынення. Трэба проста працаваць, дысцыпліну падымаць. І ўсё будзе добра.

І тут такі момант: які выбар ёсць у Лукашэнкі ў той сітуацыі, у якой ён апынуўся? Мы будзем ваяваць, мы пакажам гэтым «бандэраўцам»? Ну, давай, паспрабуй. Паглядзім, што будзе з табой і з тваім народам.

Сказаць рускім «прэч»? Таксама праблема. То што яму застаецца? Застаецца гуляць у гэтую гульню. Памятаеце, ягоны шчыраванні ў кастрычніку, калі ён сказаў, што мы прымаем удзел у «спецыяльнай ваеннай аперацыі»? Тыя словы цытавалі, маўляў, ага, вось ён і прызнаўся.

Але што ён тады сказаў? Мы трымаем мяжу з Польшчай, трымаем мяжу з Літвой і Украінай. Усё, кропка. Ні пра якія ракеты, ні пра прадастаўленне тэрыторыі. То бок, наш удзел у гэтай «аперацыі» — абарона нашага «доміка». Мы — «у доміку».

І ён працягвае гэтую лінію: мы ўдзельнічаем у вайне тым, што мы ў ёй не ўдзельнічаем. Падцягваем патроны нашым братам, лечым, вучым, кормім.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(15)