Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Нейкая гульня з Захадам ідзе, робяцца пэўныя жэсты. Але ці ўспрыме гэта заходні бок?

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркаваў з Филином прысуд Святлане Ціханоўскай і працэсы ва ўладнай сістэме. 

Юрый Дракахруст

 — Мы бачым, што ўлады з вялікім спазненнем адрэагавалі на інцыдэнт у Мачулішчах. Рэакцыя даволі дзіўная: з аднаго боку яны даслалі прывітанне Аляксандру Азараву здзеклівым ролікам пра самалёт, з іншага боку — сілавікі працягваюць аблавы па шырокім спісе магчымых падазраваных: на былых палітычных асуджаных, страйкбалістаў, уласнікаў дронаў.

Паралельна ў сацсетках расце расчараванне ад таго, што расійскі самалёт такі паляцеў, з’яўляюцца версіі, а ці не сама Расія гэта ўсё арганізавала. Якую б вы зрабілі выснову з гэтай гісторыі на дадзены момант?

— Пачнем з хвалі тэрору. Беларуская сістэма рэагуе так, як і ўсе падобныя сістэмы на вялікія выклікі. А выклік там быў — той ці іншы. Тое, што атака была, для мяне абсалютна відавочна.

Паколькі, мяркуючы па ўсім, датычных да інцыдэнту людзей яны схапіць не здолелі, то пачалося паляванне на ўсё жывое. Я разумею, што тут можа быць не зусім дакладная аналогія, але прыгадаем, што адбывалася ў СССР пасля забойства Кірава — так званы «кіраўскі паток».

Калі дзясяткі тысяч чалавек ад Брэста да Уладзівастока праходзілі па гэтай справе, хоць пераважная большасць з іх не мела аніякага дачынення ні да Кірава, ні да ягонага забойства. Тым не менш, так гэта працавала.

У той жа нацысцкай Нямеччыне пасля замаха на Гітлера ў 1944-м, а таксама з іншых нагодаў, таксама ладзіўся шырокі тэрор. Хапалі і тых, хто побач стаяў, і каго побач не было.

Так і ў нас: ёсць у цябе дрон — мы цябе і прыхопім. Гэта, натуральна, не азначае, што ўсіх пасадзяць, але многіх могуць, і не абавязкова за гісторыю з самалётам. Але ўсё гэта азначае, што нешта ў Мачулішчах здарылася.

А вось што менавіта? З аднаго боку, так, гэтае чатырохдзённае маўчанне магло сведчыць, што яны разгубіліся, ці не маглі вызначыць прыроду пашкоджанняў, іх значэнне. Магчыма, раілся з Масквой, паміж ведамствамі.

Але эфект у выніку апынуўся меншым, чым яго параўноўвалі, напрыклад, з крэйсерам «Масква». Той патануў, і таму не было пытанняў, наколькі сур’ёзна ён быў пашкоджаны. Што тычыцца самалёта, то ён усё ж паляцеў. І таму, калі казаць пра піяр-эфект, у тым ліку і палітычны эфект, ён меншы.

Мы тут ужо можам толькі спрачацца, ці пазбавіўся ён сваіх унікальных уласцівасцяў. І на колькі мільёнаў з тых 330, што ён каштуе, нанесеная шкода. І ці можна там штосьці хутка аднавіць. Але тое, што самалёт такі паляцеў, зніжае палітычны эфект ад таго, што было зроблена.

Што тычыцца ўсёй гэтай канспіралогіі, то жыццё падказвае: нейкія складаныя і маніпулятыўныя планы здараюцца значна радзей, чым самыя банальныя накладкі, памылкі і няўдачы.

Некалі мы ў школе чыталі, як беларускія партызаны пускалі пад адхон нямецкія цягнікі. Частку сапраўды пускалі, але ў некаторых выпадках то міна не спрацоўвала, то спрацоўвала не там, дзе трэба. Ці той эшалон у выніку быў толькі злёгку пашкоджаны і не сыйшоў з рэек.

Я прыгадаў замах на Гітлера. Яго доўга рыхтавалі, там былі прафесійныя ваенныя. Але атрымалася так, як атрымалася. І чыя гэта была задума ўчыніць замах, але так, каб не забіць Гітлера? Гестапа, Гімлера ці Герынга? Ды нікога. Так жыццё склалася.

І тут тое самае. Якая там накладка здарылася, што пайшло не так, як было запланавана, я не ведаю. Мы ведаем, што былі ўжытыя нейкія самаробныя прыстасаванні. А яны могуць не так спрацаваць, як прафесійна выкананая прылада.

З таго, што мы ведаем: атака была, штосьці ў выніку было зроблена. Але жыццё паказвае, што часам усё ідзе зусім не так, як прадугледжвался пільна распрацаваным планам. І гэта мне падаецца куды больш рэалістычным, чым версіі пра нейкія звышскладаныя шматхадоўкі.

Расейцы самі напалі на ўласны самалёт — каб што? Каб дыскрэдытаваць Лукашэнку ў чыіх вачах? У сваіх уласных? Тым больш, што жыццё паказвае, што складаныя і не вельмі планы на першым ці на другім ходзе гараць сінім полымем.

— Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму далі 10 гадоў. Пры гэтым пракурор прасіў 12, а апошнім часам просьбы пракурораў у палітычных справах часцей за ўсё улічваюцца судом. Акрамя таго, удзельнікам справы «Рэвалюцыйнага дз*яння» Марфе Рабковай і Андрэю Чэпюку скарацілі тэрмін на тры месяцы. Выглядае гэта як здзек, але ці можам мы ў сённяшніх варнунках расцэньваць гэта ў якасці сігнала Захаду?

— Я бы гэтага не выключаў. Думаю, менавіта пра гэта размова і ідзе. Бо нейкіх унутраных імпульсаў і стымулаў для гэтага, па шчырасці, я не бачу. Няма той сітуацыі, каб тысячы людзей на вуліцы патрабавалі вызваліць Алеся Бяляцкага ці скараціць тэрмін Марфе Рабковай.

А тое, што нейкая гульня з Захадам ідзе, гэта зразумела. І нездарма на месца Макея прызначылі Алейніка, а не Савіных, пра што мы раней размаўлялі. Не выключана, што робяцца пэўныя жэсты. Ці ўспрыме гэта заходні бок? Не факт. Магчыма, яны на гэта не рэагуюць.

Там ідуць свае складаныя гульні. Яны звязаныя з пазіцыямі розных краінаў. Напрыклад, пазіцыя Польшчы ў звязку са справай Анджэя Пачобута. А з іншага боку пазіцыя Партугаліі адносна санкцыяў. Гэтая краіна мае сувязі з Бразіліяй, якая мае патрэбу ва ўганеннях. А Беларусь — гэта магчымасць іх атрымаць. І раптам у Партугаліі, якая, магчыма, не надта і ўяўляе, дзе тая Беларусь, выяўляюцца ўласныя інтарэсы.

І вось гэтыя жэсты афіцыйнага Мінска, калі не зараз, то пазней могуць нейкім чынам спрацаваць.

— З гэтай жа оперы навіна пра тое, што Швецыя нібыта блакуе новы пакет санкцыяў супраць Беларусі?

— У прынцыпе, так. Мы пра гэта гаварылі: еўрапейскія палітыкі павінны ўлічваць мноства фактараў. У іх свае ацэнкі сітуацыі, свае ўплывы. Як кажа мой калега Рыкард Ёзвак, дасведчаны чалавек у таямніцах брусэльскага двара, для паўднёвых еўрапейскіх краінаў — Італіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі — важнае меркаванне краінаў Афрыкі.

Там цяпер на фоне вайны ўзляцелі цэны, яны жывуць на мяжы галечы. І гэтым еўрапейскім краінам не трэба, каб Афрыка выбухнула.

Гэта гульня на вялікай шахматнай дошцы. Мы можам нават не ведаць, чаму менавіта Швецыя заняла вось такую пазіцыю. А Данія, умоўна кажучы, такую пазіцыю не заняла. Тут трэба быць для гэтага інсайдэрам.

Але гаворка ідзе пра працэс перамоваў, гэта не азначае, што Швецыя канчаткова заблакавала. Гэта ўвогуле не ў стылі Еўразвяза штосьці блакаваць. Ёсць пазіцыя, яна адстойваецца. Ёсць суб’екты, якія адстойваюць іншыя пазіцыі. У выніку атрымліваецца пэўнае кампраміснае рашэнне. І яно ў дадзеным выпадку будзе прынятае.

— Акурат у гэты момант, калі мы з вамі размаўляем, прыйшла навіна пра прысуд Святлане Ціханоўскай і Паўлу Латушку. Пракурор прасіў для іх па 19 гадаў калоніі. У выніку Ціханоўскай суд ізноў даў менш — 15 гадоў, Латушку — 18. 

Калі паспрабаваць паразважаць па гарачых слядах — што гэта азначае? Гэта можна назваць больш мяккім прысудам? Больш мяккім, напрыклад, чым Сяргею Ціханоўскаму.

— Мне цяжка каментаваць гэтую, насамрэч, шызафрэнічную сітуацыю. Тут могуць быць розныя фактары. З аднаго боку, так, гэта можа быць нейкае пасланне пэўным заходнім партнёрам.

З іншага боку, гэта можа быць жэст: маўляў, жанчынам нельга шмат даваць. Зразумела, гэта трызненне. Але вось мужу далі столькі, а жонцы менш. Бо мы ж «пра жанчын думаем».

Магчыма, і гэта таксама толькі версія, унутры сістэмы ёсць калі не рознагалоссі, то пэўныя напружанасці. Розныя меркаванні, якія выскокваюць на паверхню.

Прыгадаем абсалютна вар’яцкую сітуацыю, якая склалася вакол указа пра вяртанне беларусаў з-за мяжы. Вар’яцкасць указа ў тым, што ён цалкам абсурдны. Тут магла б быць чыстая лінія: мы аб’яўляем амністыю, запрашаем людзей, а ўжо на месцы будзем разбірацца. Як гэта было ў СССР пасля 1921 года. Гэта адзін цалкам магчымы падыход.

Другі падыход: душыць да канца. Пасадзім і знішчым усіх, хто патрапіў у рукі. Гэта таксама па-свойму лагічны варыянт. Улады ж выбралі мікс: вы прыязджайце, мы вам нічога не гарантуем, а вось гэтыя байцы вас пасадзяць. Гэта проста абсурд нават з іхняга ўласнага пункту гледжання.

Яшчэ адзін момант: канфлікт паміж дэпутатам Ігарам Марзалюком і прарасійскімі блогерамі. Гэта ўнутрысістэмны канфлікт, які нагадвае сітуацыю пасля рэвалюцыі 1905 года.

Калі чарнасоценцы з Саюза рускага народа прэтэндавалі на тое, што яны будуць вызначаць, што і як, а не вертыкаль. А вертыкалі гэта вельмі не падабалася, калі нейкія фрыкі ім указвалі, што ёсць рускае, і што ёсць дзяржаўнае.

І ў сённяшняй беларускай сітуацыі мы назіраем тое самае. Дарэчы, сюды ж дадамо артыкул прапагандыста Мукавозчыка, які раскрытыкаваў калегаў, якія не падтрымліваюць «курс на поўнае ачышчэнне». Гэта такая пазіцыя шалёных, якія выступаюць супраць любых замірэнняў. Душыць і помсціць.

Я не думаю, што на ўзроўні афіцыйных паведамленняў гэтыя супярэчнасці могуць выплыць, наўрадці. Што адны, умоўна кажучы, хацелі напісаць Ціханоўскай 19, а другія сказалі: «Не, давайце дамо ёй 15 гадоў».

Але я проста зафіксаваў бы, што некаторыя такія ваганні, спрэчкі ні спрэчкі, але розныя падыходы — яны на тым баку ёсць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(8)