Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Не выключана, што версія пра беларускіх партызанаў выгадная і апазіцыі, і ўладам»

Ці стануць Мачулішчы Зябраўкай-2?

26 лютага тэлеграм-канал аб’яднання былых беларускіх сілавікоў паведаміў пра выбухі на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам. Пазней з’явіліся падрабязнасці: нібыта з дапамогай дронаў была здзейсненая атака на расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50.

Лідар аб’яднання сілавікоў Аляксандр Азараў сцвярджае, што атаку зладзілі беларускія партызаны. Нібыта яны паспяхова эвакуяваныя за межы краіны.

Улады афіцыйна не каментуюць здарэнне. Пры гэтым сілавікі знаходзяцца на аэрадроме з моманту першых паведамленняў пра інцыдэнт. Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі сілавых ведамстваў у вузкім коле, але яна, згодна афіцыйных паведамленняў, датычылася фінансавання вайсковых закупак.

Юрый Дракахруст

Рэакцыю ўладаў на інцыдэнт у Мачулішчах Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

— Рэакцыя ўладаў на інцыдэнт на вайсковым аэрадроме пакуль праяўляецца ў актыўнасці сілавікоў: праверкі на дарогах і памежных пераходах, а таксама пошук «няправільных» каментароў у сацсетках.

Ёсць яшчэ няўцямны каментар Крамля ў асобе Дзмітрыя Пяскова, але няма публічных выказванняў беларускага боку. Зрэшты, цягам гэтага года мы такое ўжо бачылі. І ўсё ж, пра што гэта можа сведчыць? І якой рэакцыі можна чакаць?

— Рэакцыя тут такая, якой яна была ў расейцаў на першыя сур’ёзныя інцыдэнты. Як гэта было ў тых жа Саках у Крыме, калі яны заявілі, што гэта была аварыя, хлапок, ці, як жартуюць украінцы, «бавоўна». І тут рэакцыя такая ж.

Яна па сутнасці ніякая. Ёсць тыя абставіны, пра якія вы згадалі — хапун на межах, адсочванне каментароў у сацсетках. Але і ўсё на гэтым. Пяскоў сказаў, што Беларусь абвергла гэтую навіну, але мы не ведаем, дзе яна гэта зрабіла. У размове з ім ці з Крамлём?

Публічных абвяржэнняў пакуль не было. Але і пацверджаняў не было таксама.

Я думаю, што з гэтым так цягнуць, па-першае, з прычыны разумення піяр-эфекту, розгаласу. Што будзе, калі прызнаць, што быў нанесены ўдар у самым цэнтры краіны, ды па такому важнаму элементу ваеннай інфраструктуры. Па дарагому, гледзячы па ўсім, самалёту, які з’яўляецца штучным таварам.

Яшчэ большы роздум, я думаю, ідзе пра тое, як на гэта рэагаваць. Спадар Азараў сказаў, што яны не чакалі звышрэзкай рэакцыі. Яны не чакалі, што беларускі бок успрыме гэта як «казус бэлі». Бо Лукашэнка неаднойчы казаў, як і на нядаўняй прэс-канферэнцыі: калі на нас нападуць, то мы тады па поўнай уступім у вайну.

У рэшце рэшт рэакцыя можа быць такой, якой яна была на незразумелы інцыдэнт на аэрадроме ў Зябраўцы, што пад Гомелем. Калі сказалі ў выніку пра паломку тэхнікі. Так можа здарыцца і цяпер.

І тут, канечне, цікавае пытанне: хто? Б*йполаўцы кажуць, што гэта яны, партызаны. Ёсць папулярная версія пра ўкраінскіх дыверсантаў. Але я думаю, што калі гэта зрабілі яны, то не без дапамогі беларусаў. Бо ў чужой краіне немагчыма здзейсніць такое, як мне здаецца, без падтрымкі.

Не выключана, што версія пра беларускіх партызанаў даволі выгадная, па-першае, самому дэмакратычнаму руху. Бо дэманструе здольнасці ажыццяўляць такія складаныя дзеянні. Але адначасова гэта і прадухіленне жадання ўладаў беларускіх, ці нават расейскіх, разглядаць гэта ў якасці «казус бэлі».

Бо калі гэта зрабілі беларусы, то чаму павінны прымацца нейкія меры адносна Украіны? І калі будзе агучаная версія пра беларускі след, то хутчэй за ўсё нейкіх экстраардынарных мераў прынята не будзе.

Зрэшты, нагадаю, што літаральна сёння ноччу былі нанесеныя ўдары па тэрыторыі Украіны. Не выключана, што гэта адказ на здарэнне ў Мачулішчах. Але адказ, што называецца, штатны. Ён не падобны на падгон сітуацыі пад формулу, якую Лукашэнка агучыў на сустрэчы з журналістамі.

— Вы ў самым пачатку параўналі сённяшнюю рэакцыю Мінска з рэакцыяй Крамля на першыя сур’ёзныя інцыдэнты. Ці можа гэта сведчыць, што ў выпадку з Мачулішчамі гаворка ідзе пра каардынацыю дзеянняў з Масквой? Ці гэта проста прыклад выкарыстання наяўнага досведу?

— Тут цяжка сказаць. Магчыма, гэта насамрэч скаардынаваная рэакцыя. Думаю, яны гэта абмяркоўвалі паміж сабой у любым разе. Але ёсць тут і ўзор расійскага досведу. Іншая справа, калі падобнае пачне здарацца больш часта, то, натуральна, такі спосаб рэагавання больш не спрацуе. Як не спрацаваў ён і ў расейцаў.

А на пачатку яны дзейнічаюць так. Бо ў псіхалагічным сэнсе гэта ўдар па пазіцыях беларускіх уладаў. Па іх іміджу — «у нас усё пад кантролем», беларусы знаходзяцца ў бяспецы. Не, не ўсё ў вас пад кантролем.

Так, удар быў нанесены па ваеннай тэхніцы, як я разумею, загінулых няма. Але гэта ўсё адно сведчыць пра тое, што можна ўдарыць па самым цэнтры краіны, што тут ўсё дастаткова ўразлівае.

Гэта не самае пажаданае пасланне грамадству, лепш яму сказаць, што гэта была «бавоўна».

Як, дарэчы, мы колькі разоў чулі ад уладаў вельмі падобныя тлумачэнні наконт розных інцыдэнтаў на АЭС у Астраўцы. Колькі было пра іх інфармацыі і кожны раз гэта было ці «не так», ці гэтага ўвогуле «не было». Інфармацыю проста замыльвалі.

Таму, магчыма, тут быў скарыстаны не толькі расійскі досвед інтэрпрэтацыі інфармацыі пра здарэнне ў Саках, але і ўласны досвед. Маўчы — за разумнага сыйдзеш. Відэа няма, гэтага няма, чуткі, паклёп… А насмрэч — усё ў парадку.  

Больш за тое, у Расіі ёсць яшчэ колькі такіх самалётаў. Можна прыгнаць адзін з іх сюды і паказаць: вось ён, цэлы, на хаду.

— Па гарачых слядах загучалі здагадкі, што хтосьці такім чынам спрабуе сарваць візіт Лукашэнкі ў Кітай. Што вы думаеце пра такую версію, ці можа падобнае здарэнне сарваць такую важную для яго падзею?

— Па шчырасці, мне падаецца гэта малаімаверным. Таму што страшнай пагрозы бяспецы краіны гэта не стварае. Гэта, паўтаруся, не гібель людзей, не ўдар па нейкай ключавой, крытычнай кропцы самой краіны.

Так, падбілі расійскі ваенны самалёт, але ці падства гэта для адмены такога важнага візіту? Я не думаю. Чуткі могуць быць розныя, але, з пункту гледжання ўладаў, гэта не падстава. Прычынай магла быць атака на ключавыя пункты бяспекі ўсёй краіны, але гэтага тут і блізка няма.

І потым, візіт у Кітай ладзіцца не кожны дзень і нават не кожны год. Апошні раз Лукашэнка сустракаўся з кітайскім кіраўніком у Самаркандзе.

Гэта важны візіт, і я не ведаю, якая тут павінна быць прычына для адмены. У свой час Гарбачоў перарваў візіт у ЗША, калі здарыўся землятрус у Спітаку, але там загінулі тысячы чалавек. А тут усяго толькі самалёт.

Зрэшты, Лукашэнка можа нават неяк выкарыстаць гэты сюжэт у размове з тым жа Сі Цзіньпінам. Таму, на мой погляд, такі варыянт цалкам выключаны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(13)