Да чаго вядзе «ўкраінскі след» у заявах пра ваенны пераварот у Беларусі?

Згодна расійскаму ФСБ «нацыяналісты» з Украіны нібыта ўдзельнічалі ў планах ваеннага перавароту ў Беларусі. З улікам паглыблення расійска-украінскага канфлікту і таго факту, што Беларусь – галоўны ваенны саюзнік Расіі, многія заклапочаны пытаннем, ці не будзе ўцягнутая і наша краіна ў гэта супрацьстаянне.

Фото Getty images

Як зазначыў аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч у эфіры «Еўрарадыё Live», у дадзеным выпадку супалі інтарэсы двух бакоў, Масквы і Мінска, каб выкарыстаць стандартную нарыхтоўку, і яе прыдумалі б у любым выпадку:

– Украінскім нацыяналістам ёсць, чым заняцца ў сваёй краіне, але пытанне ў тым, што без іх, без так званай «візіткі Яраша», як у свой час гэта гучала на расійскім ТБ, не сядзіцца ні ў Мінску, не ў Маскве. Любая інфармацыйная нагода, звязаная з палітычным крызісам або нейкай небяспекай на тэрыторыі што адной, што другой дзяржавы, вядзе да таго, што трэба знайсці «злосных украінскіх нацыяналістаў», якія пойдуць раздаваць візіткі Яраша і, што называецца, паляваць на расійскамоўных немаўлятаў.

Са свайго боку, беларускія ўлады традыцыйна выкарыстоўваюць тэзу «Вы хочаце, як ва Украіне?» дзеля таго, каб запалохаць людзей або паказаць негатыўны сцэнар развіцця падзей. Таму нават калі б не было расійскай інфармацыйнай гульні ў гэтым кейсе, а выключна мінская, тэма «ўкраінскіх нацыяналістаў» ці «пэўных палітыкаў» усё адно ўзнікла б.

З іншага боку, мяркуе эксперт, у многіх кірунках Расія стараецца падтрымліваць беларуска-ўкраінскія стасункі ва «ўмерана падаграваным» стане – як праз медыя, так і праз чуткі як эфектыўны інструмент інфармацыйных аперацый, які недаацэньваюць ні ў Мінску, ні ў Кіеве.

Зрэшты, беларускі рэжым у гэтым сэнсе таксама стараецца: то з украінскага боку «прарываецца» джып з тэрарыстамі, то ледзьве не цэлымі вагонамі вязуць зброю, то адкрываюць базы па падрыхтоўцы баевікоў… Тым больш дзіўна выглядала, калі днямі да Лукашэнкі, якога Украіна не прызнала легітымным кіраўніком Беларусі, прыехаў дэпутат Вярхоўнай Рады Шаўчэнка, які ўваходзіць у партыю «Слуга народа».

– Трэба не ўспрымаць украінскую палітыку і палітыкаў як нейкі маналіт, – гаворыць Ігар Тышкевіч, – нават у фракцыі «Слуга народа» ёсць багата розных групаў. Шаўчэнка прадстаўнік адной з іх, і ён не першы раз прыязджае ў Беларусь. Нават пазіцыя афіцыйнага Кіеву датычна Мінску багата ў чым кампрамісная, і бакі гэтага кампрамісу мяняюцца ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі: той, хто ва ўладзе, звычайна больш цярпімы, той, хто ў апазіцыі, гаворыць, што нельга працаваць з дыктатарскім рэжымам.

Гэта цалкам натуральны працэс для ўкраінскай палітыкі – нават міжнародныя адносіны шмат у чым праходзяць праз прызму міжвідавой барацьбы за месца ў Вярхоўнай Радзе.

Вось і дэпутат Шаўчэнка – прадстаўнік адной з групаў унутры «Слугі народа», якую можна аднесці да еўраскептыкаў альбо да тых, хто больш схільны да развіцця адносінаў, перадусім гандлёвых, на тэрыторыі былога СССР, а цяпер СНД. Ягоная палітычная дэманстрацыя – не пазіцыя партыі, Рады і ўкраінскіх палітычных элітаў. Гэта, калі хочаце, спроба асобна ўзятага дэпутата «пахайпаваць» на беларускай тэме. З пункту гледжання Кіева такая спроба не будзе заўважаная аніяк.

Наколькі сур’ёзна ва Украіне ставяцца да магчымасці ўвядзення расійскіх войскаў і стварэння новых ваенных баз у Беларусі?

– Гэтая тэма рэгулярна з’яўляецца ва ўкраінскіх СМІ. З аднаго боку, ёсць дастаткова цвярозая ацэнка разведкі, якая базуецца на рэальных дадзеных, з другога – тэма магчымага абвастрэння вайсковай небяспекі ўздымаецца з пэўнай перыядычнасцю,  – адзначае эксперт. – Напрыклад, падчас падрыхтоўкі бюджэта на наступны год хто-небудзь з Міністэрства абароны нагадвае, што можа быць пагроза з боку Беларусі. Але гэта натуральная барацьба за грошы, паколькі з пункту гледжання вайскоўцаў Узброеныя сілы фінансуюцца недастаткова, і яны такім чынам паказваюць на яшчэ адну кропку, дзе патрэбныя бюджэтныя ўліванні.

Трэці пласт – на жаль, традыцыйна з 2017 года – палітычная рыторыка, на якой базуецца частка ўкраінскіх партый, маўляў, не сёння-заўтра на нас нападуць. Толькі на маёй памяці за гэты час Беларусь «акупоўвалі» разы тры ці чатыры. Такі інфармацыйны фон негатыўны для Беларусі, але на сёння я не сказаў бы, што тут з’явіліся нейкія новыя ўводныя – ключавыя тэзісы засталіся тыя ж самыя, што былі раней.

Што да росту напружання на ўкраінска-расійскай мяжы, на думку Ігара Тышкевіча, Беларусь «можа быць уцягнутай у такі рэгіянальны канфлікт толькі ў тым выпадку, калі ён стане часткай Трэцяй сусветнай вайны»:

– Так, сёння Расія спрабуе падняць стаўкі, шантажаваць і Злучаныя штаты Амерыкі, і Еўрапейскі Саюз, натуральна, будзе шантажаваць і Украіну. Гаворка ідзе пра магчымую эскалацыю на фронце – альбо на Данбасе, альбо на Крымскім участку.

Аднак пытанне поўнамаштабнай вайны з пункту гледжання нават логікі такое:  не праблема паспрабаваць заняць тэрыторыі, чым ты іх будзеш утрымліваць? Бо і настроі ў грамадстве змяніліся пасля  2014 года, і пытанне тых жа кіроўных кадраў – на Данбасе мясцовыя групоўкі пры ўсёй сваей прарасійскай рыторыцы не ўспрымаюцца як цалкам лаяльныя, і так званыя «смотрящие» з Масквы ўсё адно ёсць. Калі гэта памножыць хаця б удвая па плошчы, то пытанне ў тым, якімі сіламі, якімі людзьмі ўсё стабілізаваць і трымаць пад кантролем.

Таму для Расіі, паводле нашага аналізу гаворка ідзе пра абвастрэнне, не выключаецца і варыянт узброенага абвастрэння, абмежаванай вайсковай аперыцыі. Але гаворка не ідзе пра захоп вялікай тэрыторыі. Як бы цынічна гэта ні гучала, але Пуціну патрэбныя трупы ўкраінцаў, каб дэстабілізаваць унутраную палітычную сітуацыю ў самой Украіне і змусіць дзяржавы Еўрасаюза, ЗША пайсці на пэўныя саступкі ці перамовы, дзе разглядаліся б адразу некалькі геапалітычных пляцовак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(18)