Цыганкоў: У краіне кожны другі — патэнцыйны «змоўшчык»

На думку журналіста, галоўная задача ў выкрыцьці «змоўшчыкаў» — гэта стварыць такі інфашум, каб людзі баяліся нават абмяркоўваць магчымасьці і варыянты зьмены ўлады. 

— У краіне кожны другі — патэнцыйны «змоўшчык». Пастаноўка спектаклю са змовай паказвае, што ва ўладзе няма ніякага адчуваньня, што яны «перамаглі» і цяпер могуць спаць спакойна. Хутчэй наадварот, — піша Віталь Цыганкоў. — Бо зьнешне нібыта ж усё збольшага ціха, але яны амаль штодня прымаюць новыя драконаўскія законы, знаходзяць новых «экстрэмістаў»

Бо ведаюць рэальныя настроі грамадзтва.

У савецкі час у КДБ была сярод іншага задача маніторыць рэальныя настроі людзей. Супрацоўнікі пад відам звычайных людзей заводзілі размовы на вуліцах, у крамах, у транспарце — потым усё гэта карпатліва занатоўвалася ў адпаведных дакладных запісках, дакументах, некаторыя зь іх у пасьлясавецкі час былі апублікаваныя. І яны былі вострыя і аб'ектыўныя — нездарма было перакананьне, што ў СССР толькі КДБ ведае рэальны стан рэчаў.

Ня ведаю, ці засталася такая функцыя ў КДБ цяпер, у час інтэрнэту і сацыяльных сетак — мне чамусьці падаецца, што засталася. І якія выказваньні могуць пачуць кдбісты ў транспарце, у крамах, на вуліцах — тым больш, калі будуць самі правакаваць палітычныя тэмы? 

Я нядаўна напісаў, што зараз сілавікі, калі хапаюць цалкам выпадковых людзей на любой вуліцы, могуць быць упэўненыя, што 80 працэнтаў зь іх будуць праціўнікамі ўлады, ня трэба шукаць ніякіх доказаў.

Прыблізна тое самае са «змоўшчыкамі» — выбяры 10 выпадковых беларусаў, пачні сачыць за імі і праслухоўваць, і акажацца, што палова зь іх абавязкова ў нейкай непарламенцай форме абмяркоўвалі — «калі ўжо гэтага…»

Цитата дня. «Как бы ни клепали новые дела, симпатии большинства белорусов будут на стороне тех, кто ненавидит захватчиков и лжецов»

Так што галоўная задача ў выкрыцьці «змоўшчыкаў» — гэта стварыць такі інфашум, каб людзі баяліся нават абмяркоўваць магчымасьці і варыянты зьмены ўлады.

Ну і другі аспэкт — для замежнага карыстальніка. Лукашэнка, канешне, падкінуў козыраў Пуціну, каб той цяпер мог адказваць Байдэну ў сваім любімым стылю — «сам такой». Прэзыдэнт ЗША нядаўна назваў Пуціна забойцам, а вось, акзаваецца, сам тым часам рыхтаваў замах на Лукашэнку, набраўшы крутых баявікоў для гэтага — Кастусёва, Фядуту і Зяньковіча.

Заўважце, як Лукашэнка пра гэта казаў: «Затем мы обнаружили работу явно иностранных спецслужб. Скорее всего, Центрального разведывательного управления, ФБР, не знаю, кто там из американцев работал» (Нагадаем, ФБР займаецца толькі ўнутранай палітыкай. Лукашэнка мог бы з такім жа посьпехам сказаць — «ЦРУ ці ФБР, ці  дарожная паліцыя, нехта зь іх». Калі ён кажа «ФБР», то можна нават падумаць, што ён нібыта падмігвае нам — «глядзіце, я ж прыкалваюся». Але не, гэта ня той чалавек.

Так што гэта яўны прагіб перад Пуціным — «глядзі, Валодзя, я з амерыканцамі больш не заігрываю, я ўсім заявіў, што яны на мяне замах рыхтавалі, я цалкам твой». Ясна, што менш за ўсё Лукашэнку хочацца быць у пазыцыі «я цалкам твой», але, відаць, пэўныя абставіны вымушаюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(41)