Цыганкоў: У цяперашняга пакаленьня беларусаў у жніўні 2020-га быў свой «веласіпед»

Кранальны пост пра непаўторнае пачуцьцё палёту, свабоды і радасьці, якія нам даў мінулы год.

— Ёсьць такая фразачка ці прыказка: «калі ў дзяцінстве ў цябе не было веласіпеда, а цяпер у цябе Бэнтлі (яхта, самалёт) – то ўсё роўна ў цябе ў дзяцінстве не было веласіпеда», — піша журналіст Віталь Цыганкоў.

Дык вось, у нас, у цяперашняга пакаленьня беларусаў, у жніўні 2020-га быў свой «веласіпед».

Далёка не ў кожнага пакаленьня, не ў кожнай краіне, быў свой «веласіпед». Для беларусаў апошні раз «веласіпед» прыкаціў у 1991 годзе. І тое, далёка ня ўсе тады яго менавіта так ўспрымалі. Хтосьці браў і катаўся, а хтосьці баяўся сесьці ў гэты незнаёмы прадмет. Пасьля — ані міні-плошча ў 2006-м, ані 2 гадзіны язды 19 сьнежня 2010 году – на сапраўдны «веласіпед» не цягнулі. Цэлае пакаленьне пражыло, ня ўяўляючы, як гэты «веласіпед» выглядае, ня ведаючы, як ім карыстацца. 

Будучыня можа скласьціся па-рознаму. У нас можа быць Бэнтлі і яхта (дэмакратыя, дабрабыт і нацыянальнае адраджэньне), а можа чагосьці з гэтага і не быць. Ці не адразу. Ці атрымаецца не Бэнтлі, а нейкая марка папрасьцей.

Але незалежна ад таго, што адбудзецца потым, мы будзем памятаць, як мы гойсалі на нашым «веласіпедзе», будзем памятаць тое непаўторнае пачуцьцё палёту, свабоды і радасьці, якое ён нам даваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(30)