Цыганкоў: «У любой паразе і няшчасьці мы шукаем надзею і ўрок»

Журналicт – пра тое, што мы жывем у сьвеце праслаўленьня пакутаў.

– Калі пішуцца біяграфіі «вялікіх людзей», галоўны ўціск робіцца на тое, што наш герой пераадолеў, праз якія цяжкасьці прайшоў і якіх маральных сілаў яму гэта ўсё каштавала, – пiша Вiталь Цыганкоў. – Любы піяршчык ведае, што інтэрвію зоркі павінна зьмяшчаць абавязковую «недасканаласьць» героя, а таксама пэўную долю «драмы» і «пакута» – публіка гэта любіць, публіка не прыме гісторыю посьпеха без «пераадоленьня» нейкіх перашкодаў.

«Так же, как все, я по земле хожу» – сьпявала Ала Пугачова, марна спрабуючы даказаць, што яе праблемы нічым не адрозьніваюцца ад турботаў «простых людзей».

У заходніх універсітэтах падчас прыняцьця ў студэнты асаблівую ўвагу надаюць паходжаньню, расе, прыналежнасьцю да меншасьці абітурыента, лічыцца, што пэўныя катэгорыі апрыёры прыгнечаныя (нават незалежна ад сацыяльнага і матэрыяльнага статусу) і ім трэба даваць зялёнае сьвятло.

Мільёны амерыканцаў раптам пазнаходзілі ў сябе індзейскія карані. Забясьпечаныя дзеці з сярэдняга класу хутка прасяклі фішку і за адсутнасьцю рэальных жыцьцёвых бедаў гіпертрафіравана ўзвялічваюць пакутлівыя драмы з сямейнага жыцьця, адносінаў з сябрамі, хлопчыкамі-дзяўчынкамі ці бацькамі.

На Юцюбе ёсьць забаўны ролік, дзе прыёмная камісія разглядае лісты абітурыентаў і адразу прымае тых, у каго ёсьць «драма» – «у дзень перад іспытам я даведалася, што тата нас кінуў», «памёр любімы сабачка». Залічаны, атрымаеш грант на вучобу!

Я бачу гэта як варыянт падсьвядомага прабачэньня за свабоднае і заможнае жыцьцё. Няма праблемаў, дык мы іх створым. Толькі ня падумайце, што нам добра жывецца – «багатыя таксама плачуць».

Зь адваротнага боку – шматвекавая расейская традыцыя абагаўленьня, узьнясеньня болю і пакутаў, метафізічнае рахметаўскае ляжаньне на цьвіках. Прытым яны ж не абмяжоўваюцца добраахвотным стварэньнем пакутаў для сябе, – яны ж ствараюць іх для іншых, бо ў іхнім разуменьні без пакутаў чалавек не чалавек, таму трэба іх забясьпечыць.

Мы не гатовыя прызнацца сабе, што штосьці ў нашым жыцьці было лішнім, непатрэбным, таму прыдумляем казачку пра «усё было нездарма». Любую трагедыю, страту, зьняволеньне мы тлумачым тым, што «гэта дало мне новы жыцьцёвы вопыт», «пасьля гэтага я вырас як асоба», «я шмат зразумеў».

За гэтым забаўна было назіраць у арміі – падчас службы ўсе салдаты-срочнікі армію мацюкалі і ненавідзелі, а вярнуўшыся на гражданку, пачалі распавядаць, «як шмат мне армія дала і навучыла».

Тое самае з турмой. У гэтай вечнай спрэчцы Шаламава і Салжаніцына большасьць не гатовая прыняць бескампрамісную пазыцыю Шаламава – «Убежден, что лагерь – весь – отрицательная школа, даже час провести в нем нельзя – это час растления. Никому никогда ничего положительного лагерь не дал и не мог дать».

Маральна гэта цяжка прыняць, прызнаць, што ў цябе забралі столькі часу жыцьця, таму былы вязень пачынае распавядаць, зь якімі добрымі людзьмі пазнаёміўся ў турме, колькі разумных кніжак прачытаў, колькі думак перадумаў. А без турмы ты кніжкі не чытаў, для гэтага абавязкова за краты?

Мы шукаем нейкі глыбінны сэнс там, дзе яго няма і ніколі не было. У любой паразе і няшчасьці мы шукаем надзею і ўрок. Асабліва сёньня, калі людзей захапіла масавая псіхалогія «пазітыўчыка». Раптоўная заўчасная сьмерць прымушае нас казаць штосьці супакойваючае пра «яму там будзе лепей», «Божанька так вырашыў – значыць так і трэба». Бо мы ня хочам і не гатовыя прыняць ледзяны дотык бяды, змрочную і пранізлівую несправядлівасьць таго, што адбылося.

Турма, страты, хвароба, вайна, нават сьмерць – на ўсё ў нас гатовыя адгаворкі ў стылю «усё было недарма», «гэта дало мне новы вопыт», «навучыла мяне новаму». Прызнаць праўду, што вайна, няшчасьці, пакуты і страты не даюць нам нічога, акрамя пакутаў і стратаў – гэта нам не пад сілу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(17)