Лица

«Цяпер тут ніхто ня будзе выступаць». Як жывецца музыкам, якія падтрымалі пратэсты

Беларускія музыкі, якія падтрымалі пратэсты, засталіся без канцэртных пляцовак у краіне, піша Свабода.

Музыкі Лявон Вольскі (зьлева), Дзяніс Тарасенка (у цэнтры) і Ігар Варашкевіч

 «30-годзьдзе будзе ўвосень»

Рок-гурт «Крама» сёлета адзначыць свой 30-гадовы юбілей, але ў цяперашняй палітычнай сытуацыі, як кажа лідэр гурту Ігар Варашкевіч, нічога нельга плянаваць, хіба што онлайн. Зрабіць нейкі юбілейны тур з жывымі канцэртамі немагчыма.

«Яго проста не дазволяць. У такім стане „Крама“ знаходзіцца ўжо дзесяцігодзьдзі: то ёсьць забароны, то няма забаронаў. Я ўжо ў такім узросьце ня тое што не зьвяртаю на гэта ўвагі, ня тое што стаміўся, а проста раблю сваю справу, — кажа Ігар Варашкевіч. — Я напісаў значна больш песень, чым ёсьць у крамаўскіх альбомах. А што мы зараз можам пісаць? У нас былі грошы — мы запісалі альбом. Студыі ў нас няма, на гэта сродкі патрэбныя».

12 траўня адбылася онлайн-прэзэнтацыя новага альбома гурту «Зацьменны блюз». Зрабіць гэта ўжывую ў залі ўлады не дазволілі, не далі гастрольнага пасьведчаньня.

«Прэзэнтацыя альбома павінна была адбыцца афіцыйна, але гастрольнага пасьведчаньня нам не далі. Таму яе не было, была онлайн. Музыкам, якія бралі ўдзел у дваровых канцэртах, пасьведчаньні не даюць. У гэтым прычына, — кажа Ігар Варашкевіч. — 30-годзьдзе будзе ўвосень. Да гэтага трэба яшчэ дажыць, якія тут падзеі будуць адбывацца, невядома. Што будзе ўвосень у гэтай краіне, я ня ведаю».

Ігар Варашкевіч кажа, што хацеў бы адзначыць юбілей канцэртам у Беларусі, аднак калі яго не дазволяць, не выключае варыянт выступу за мяжой, хоць пакуль такіх прапановаў няма.

А ці разглядае музыка такі варыянт, каб зьехаць зь Беларусі?

«Па першае, мне ўжо 60 гадоў. Калі б я зьяжджаў зь Беларусі, у мяне такая магчымасьць была ў 90-я гады, але я ня зьехаў. Куды, да каго мне зараз зьяжджаць?! Тады я мог застацца ў Польшчы. Тым больш што ў мяне мая пастаўская бабуля полька. Але я не рабіў „карту паляка“, я люблю сваю радзіму, я тут жыву. Навошта і куды мне зараз зьяжджаць?»

Цяперашнюю сытуацыю ў краіне музыка называе «дрэннай з гледзішча чалавека, які хоча жыць у іншай Беларусі».

«Не ў БССР калгаснай, а ў свабоднай эўрапейскай Беларусі. У такой краіне і музыку, мастаку будзе лепш жыць».

Ігар Варашкевіч кажа, што цяпер зладзіць выступ немагчыма нават у клюбе.

«Калі ўвосень Аляксандар Памідораў спрабаваў прэзэнтаваць свой альбом, было чалавек дваццаць. Прыйшлі людзі зь нейкага РУУС і сказалі, каб усё спынілі, інакш прыедзе міліцыя з аўтазакам. Вось і ўсё».

«Гэта абсалютна дзікія рэчы»

Лявон Вольскі таксама прэзэнтаваў онлайн свой новы альбом «Трыбунал».

«Нармальных канцэртаў пакуль ня будзе з прычыны таго, што цяпер адбываецца. Мы спрабавалі падаць на „гастрольку“, але нам увесь час адмаўляюць, — кажа Лявон Вольскі. — Я і не падманваўся на гэты конт, мне было зразумела, што іх ня будуць даваць „ненадзейным“. Наогул цяпер ніхто ня будзе выступаць, бо музыкі (ня толькі рок, але і выканаўцы папулярнай музыкі) масава падтрымалі пратэсты. Таму ў гэтым сэнсе наогул будзе вельмі бедна».

Паводле Лявона Вольскага, «чорныя сьпісы» музыкаў, якія былі ўведзеныя ў 2004 годзе, фактычна застаюцца. Таму ў радыёэфіры музыкаў з гэтых сьпісаў пачуць немагчыма. Тэлеэфір наогул закрыты.

«Калі пачыналася нейкая адліга, тады на радыё ставілі нашу музыку ўначы і без указаньня выканаўцаў. І тады не асабліва адсочвалі. Але калі прыходзяць змрочныя часы, закручваньне гаек, тады зноў пачынаецца жорсткае адсочваньне, зноў узьнікаюць гэтыя сьпісы. Але яны былі заўсёды».

Паводле Лявона Вольскага, першая хваля ціску на музыкаў была з 2004 па 2008 гады, потым была адліга. Далей з 2010 па 2017 гады таксама нідзе немагчыма было граць, нават у рэстарацыях, бо прыходзілі праверкі, усім пагражалі.

«Гэтую сытуацыю можна параўнаць з забаронай на прафэсію. Калі была першая забарона з 2004 па 2008 гады, то яны неяк скрозь пальцы глядзелі на канцэрты ня ў клюбах, а ў рэстарацыях ці кавярнях.

А вось у другую хвалю гэта вельмі жорстка адсочвалася, — кажа музыка. — Цяпер ясна, што тут граць канцэрты не атрымаецца, пакуль гэтая ўлада ёсьць. А граць за мяжой немагчыма з прычыны эпідэміі, трэба, каб былі адкрытыя межы. Раней дыктатура была, але былі нейкія адтуліны, празь якія можна было дыхаць, выпускаць пару. Цяпер жа ўсе гэтыя дзіркі замазваюцца бэтонам.

Забароны, якія цягнуцца ўжо некалькі гадоў, — гэта абсалютна дзікія рэчы. І з кожнай новай фазай яны больш жорсткія. Тое ж абсурднае паляваньне на музыкаў у дварах. Цалкам зачышчаюць усё жывое, што тут ёсьць. Гэтая сытуацыя небясьпечная, бо ў любы момант можа быць выбух».

«Фактычна мы трапілі пад забарону на музычную дзейнасьць у Беларусі»

Музыкаў гурту «Разьбітае сэрца пацана» затрымалі ў лютым разам з гледачамі на канцэрце на базе адпачынку «Агеньчык» у пасёлку Сокал Смалявіцкага раёну, яны атрымалі па 15 сутак. Цяпер музыкі зьехалі ва Ўкраіну. Сярод затрыманых на тым канцэрце быў і Дзяніс Тарасенка.

«Пасьля таго як мы ў поўным складзе адседзелі 15 сутак у Жодзіне, мы вырашылі сыграць канцэрты, аднак усе тры гастрольныя заяўкі былі адхіленыя. Фактычна мы трапілі пад забарону на музычную дзейнасьць у Беларусі. Таму мы вырашылі зьехаць у якую-небудзь вольную краіну, дзе мы маглі б займацца творчасьцю.У так званую творчую камандзіроўку. Але, на жаль, толькі частка гурту змагла зьехаць зь Беларусі».

Музыкі выбралі Ўкраіну, бо тут няма моўнага бар’еру, шмат сяброў і цудоўныя магчымасьці для творчай рэалізацыі, кажа Дзяніс Тарасенка.

«Пэрспэктыва ў Беларусі ў нас адна: скончыць сваё існаваньне як творчая адзінка, сядзець і ціха маўчаць у анучку. Усё астатняе караецца».

Дзяніс Тарасенка спадзяецца, што астатнія музыкі змогуць далучыцца да калектыву. Пакуль ён працягвае творчую дзейнасьць разам з Паўлам Гарадніцкім.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(11)