Политика

Ціханоўская – ў Сэйме Латвіі: «У Беларусь вярнуўся сталінскі тэрор»

Палiтык заклікала Латвію дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій беларусам і пашырыць праграмы для іх.

9 чэрвеня ў другі дзень візыту ў Латвію Святлана Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэньні Сэйму. Яе выступ сустрэлі стоячы i аплядысмэнтамі. Радыё Св*бода дае асноўныя тэзісы выступу.

Ціханоўская заклікала Латвію дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсій беларусам і пашырыць праграмы для іх.

Сьвятлана Ціханоўская выступае ў Сэйме Латвіі. Рыга, 9 чэрвеня 2022

Пасьля таго, як Сьвятлана Ціханоўская падзякавала народу Латвіі за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці і салідарнасьць, якая была з самага пачатку пратэстаў у краіне, яна спынілася на рэпрэсіях, якія працягваюцца ў Беларусі.

— У краіну вярнуўся сталінскі тэрор. Верныя савецкім ідэям і Крамлю ўлады закрываюць выдавецтвы, што друкуюць кнігі на беларускай мове. Арыштоўваюць прадпрымальнікаў, як Павел Белавус, якія працуюць у крамах, дзе можна набыць беларускую сымболіку. Людзей, якія выступаюць за эўрапейскую дэмакратычную будучыню асуджаюць на сталінскія тэрміны.

У савецкія часы ў Латвіі былі вязьні сумленьня, якія праходзілі празь лягеры не адзін і ня два разы — такія як Гунарс Астра, Інтс Цалітыс або Лідзія Дароніна-Ласманэ. На жаль, такія ж вязьні сумленьня ёсьць у сучаснай Беларусі. Сярод іх — палітык Мікалай Статкевіч, якога пакаралі 14 гадамі турмы, а таксама прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якому ў бліжэйшы час пагражае сьмяротны прысуд... Паводле новага закону, сьмяротнае пакараньне можа пагражаць і за бяскрыўдны пратэст, і нават за намер. Мэта закону — спыніць людзей страхам.

На думку Ціханоўскай, занадта павольная рэакцыя Эўразьвязу на злачынствы рэжыму Лукашэнкі паспрыяла далейшаму палітычнаму перасьледу ў Беларусі і прывяла да трагічных наступстваў ва Ўкраіне:

— Калі пачаліся рэпрэсіі, мы крычалі пра дапамогу, але нас амаль ня чулі. Толькі празь 10 месяцаў, пасьля захопу самалёта, Эўразьвяз увёў рэальныя санкцыі. Надта позна. Гэта дазволіла рэжыму перагрупавацца і пайсьці ў контранаступ. Калі б мы тады спынілі Лукашэнку, Беларусь бы ня стала пляцдармам для Пуціна ў яго нападзе на Ўкраіну. Калі б мы тады перамаглі, прадмесьці Кіева не былі б зруйнаваныя, расейскія войскі не разрабавалі б Чарнобыльскую АЭС, а тысячы мірных людзей з Бучы, Барадзянкі і Гастомеля былі б жывыя.

Яна ў чарговы раз абвінаваціла Лукашэнку ў тым, што ён толькі выконвае загады Пуціна, пры гэтым спрабуючы выдаць сябе за ахвяру і просіць зьняць санкцыі.

Таксама Ціханоўская ўспомніла дзеяньні тэлеграм-каналаў і людзей, якія запавольвалі рух чыгункі ў Беларусі, каб не дазволіць расейскім войскам бесьперашкодна трапіць ва Ўкраіну.

— Сёньня мы знаходзімся на гістарычным раздарожжы. Існуе толькі два шляхі — або эўрапейская дэмакратычная Беларусь, або дэ-юрэ акупацыя Расеяй і шматгадовая ізаляцыя, рэгрэс і бяспраўе.

У сваім выступе яна заклікала Латвію знайсьці магчымасьць выдаваць беларусам візы і аднавіць выдачу дазволаў на жыхарства, а таксама павялічыць колькасьць студэнцкіх стыпэндыяў, стварыць праграмы для беларускіх дасьледчыкаў, навукоўцаў, журналістаў, культурных актывістаў. Яна адзначыла, што беларускія незалежныя СМІ «супрацьстаяць савецкаму аўтарытарызму Лукашэнкі і прапагандзе Крамля».

Акрамя таго, Ціханоўская заклікала дапамагчы беларускім фірмам у рэлякацыі бізнэсу, даць ім доступ да фінансаваньня і дзяржаўных праграмаў падтрымкі. А беларускім студэнтам папрасіла арганізаваць стажыроўкі ў Сэйме Латвіі, каб затым гэты досьвед быў скарыстаны на карысьць Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(25)