Политика

Ці вядзе да перамогі галасаваньне супраць абодвух варыянтаў на рэфэрэндуме?

Абмеркаваньне экспэртаў на Радыё Свабода.

Наколькі слушная прапанова шэрагу палітычных і грамадзкіх арганізацыяў — ісьці на канстытуцыйны рэфэрэндум і выкрэсьліваць абодва варыянты адказу? Ці можа яна мець плён і які? Чаму не прадугледжваны мэханізм вэрыфікацыі народнага волевыяўленьне, падліку колькасьці тых, хто прыслухаецца да закліку дэмакратычных лідэраў? Як грамадзкая думка ўспрымае гэтую прапанову?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

Зараз палітычны рэжым чыніць маштабны тэрор, ён стаў больш жорсткім, чым раней. І тое, якую тактыку возьмуць на ўзбраеньне апазыцыйныя сілы, мала на што ўплывае.

Сытуацыя ў пэўным сэнсе вярнулася ў стан, у якім была да 2020 году. Апазыцыя тады ўжывала розную тактыку, то аб’ядноўвалася, то разьядноўвалася, у 2006 годзе быў адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары, у 2010 годзе іх было 9.

Былі спробы байкоту. Ніякі з гэтых варыянтаў не даваў сурʼёзнага плёну і сутнасна не мяняў сытуацыю ў краіне.

Наўрад ці можна перашкодзіць Лукашэнку рэалізаваць яго плян на рэфэрэндуме, які, дарэчы, дагэтуль невядомы да канца.

У сытуацыі, што склалася, прапанова, якую вылучылі лідэры апазыцыі, можа і не аптымальная, але цяжка прыдумаць нешта іншае.

Байкатаваць сапраўды ня варта, гэта дэмабілізуючы сцэнар.

А заклікаць людзей учыняць нешта на выбарчым участку — забраць бюлетэнь, дэманстратыўна парваць яго — гэта ставіць іх пад пагрозу мінімум 15 содняў арышту.

Хаця застаецца пытаньне: як даведацца, колькі людзей прагаласуе прапанаваным чынам.

На мінулых выбарах фіранак у кабінках не было. Выбаршчык быў вымушаны фатаграфаваць свой бюлетэнь на вачах у публікі, у выбарчай камісіі.

Але ў 2020 годзе быў масавы грамадзкі ўздым, і тады гэтая адкрытасьць хутчэй псыхалягічна ўплывала на чальцоў выбарчых камісіяў, якія бачылі, як шмат людзей фатаграфуе бюлетэні.

Пасьля выбараў 2020 году даволі хутка зьявілася інфармацыя, што на 200 участках Ціханоўская перамагла паводле афіцыйных пратаколаў галасаваньня.

Дадзеныя «Голасу» зьявіліся пазьней і наўрад ці яны моцна ўплывалі на рашэньне людзей пратэставаць. Там хутчэй уплывала агульная атмасфэра, якая не фіксуецца сацыялягічнымі дасьледаваньнямі.

Калі я хадзіў тады галасаваць, вакол мяне было шмат людзей зь белымі стужкамі. Было агульнае адчуваньне, што праціўнікі Лукашэнкі — у большасьці.

Цяпер такой атмасфэры няма, нават калі і ёсьць, то яна не выплюхваецца ў публічную прастору, яна прыдушаная. Падчас усіх папярэдніх электаральных кампаніяў Лукашэнка быў зацікаўлены ў высокай яўцы, якая легітымізавала вынік.

Лукашэнку цяпер гэта ўжо не цікавіць, што думаюць людзі наконт яго рэфэрэндуму — гэта яго цікавіць у апошнюю чаргу.

Мне гледачы нашых гутарак пісалі ў камэнтарах, што я не аптыміст.

Галоўная крытыка будзе наконт таго, што няма мэханізму, які абрыне рэжым. Важна, каб было адзінства, адзіная тактыка.

Правільная тактыка ці няправільная абраная – важна, каб яна была падтрыманая большасьцю дэмакратычных сілаў і дэмакратычнага электарату, як гэта было ў 2020 годзе.

Цыганкоў

— Цяпер зусім іншы стан грамадзтва, чым ён быў напярэдадні леташніх выбараў. Улады паказалі, што гатовыя караць людзей за любыя, у тым ліку і законныя, дзеяньні.

Гэты рэфэрэндум — ня той выпадак, калі варта заклікаць людзей рызыкаваць нечым. Тым 60-70%, якія ставяцца кепска да Лукашэнкі, ня трэба даказваць, якім будзе гэты рэфэрэндум, ня трэба даводзіць, што яго вынікі будуць сфальшаваныя.

Летась людзі выйшлі пасьля таго, як было абвешчана, што за Лукашэнку 80%. Калі б тады абвясьцілі, што за яго 51%, магчыма, такіх масавых пратэстаў і не было б.

Настрой падчас рэфэрэндуму будзе вызначацца высокім узроўнем рэпрэсіяў. Летась была вера, што людзі сваімі дзеяньнямі могуць нешта зьмяніць.

Людзям не зусім зразумела, што можа зьмяніць гэты рэфэрэндум, супраць чаго ўласна трэба пратэставаць. Гэта як у анэкдоце наконт байкі пра варону і лісу. Ліса пытаецца, як варона будзе галасаваць. Што б тая ні адказала, сыр падае і дастаецца лісе.

Тым, хто заклікае да байкоту, хочацца задаць пытаньне: вам шашачкі ці ехаць? Прыхільнікі байкоту кажуць: людзі ня прыйдуць і усе гэта ўбачаць. Быў яскравы прыклад — парлямэнцкія выбары 2019 году.

Тады выбарчыя ўчасткі былі відавочна пустыя. І нічым уладам байкот не перашкаджае, яны ўсё роўна намалююць тыя лічбы, якія ім патрэбныя.

Значная частка публікі ўспрыняла з разуменьнем прапанову ісьці на рэфэрэндум і галасаваць супраць абодвух варыянтаў. Гэта ня шлях да цуду, але цяжка прыдумаць нешта адназначна лепшае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(39)