Общество

«Ці са мной усё добра, будзе вядома праз тыдзень-два». Як правяраюць кандыдатаў на працу ў дзяржаўных установах

Празь сілавыя ведамствы людзей могуць праверыць, калі яны ідуць на працу лекарам, настаўнікам ці супрацоўнікам установы культуры. На «высокія пасады» адбор больш строгі. Радыё Свабода расказвае, як гэта адбываецца.

Ілюстрацыйнае фота

Ужо як мінімум два гады людзей, якія хочуць уладкавацца на дзяржаўную працу, у Беларусі правяраюць праз базы сілавікоў. Інфармацыю пра такія праверкі Свабода атрымала ад некалькіх не зьвязаных паміж сабой крыніц, якія на ўмовах ананімнасьці пагадзіліся расказаць пра дэталі. Яны тычацца як кіроўных пасадаў, так і шараговых настаўнікаў, мэдыкаў, супрацоўнікаў сфэры культуры.

«Я напісала заяву на працаўладкаваньне, схадзіла да некалькіх начальнікаў, і адзін сказаў, што вядома будзе, ці ўсё са мной добра, праз тыдзень-два. Празь нейкі час сказалі, што ўсё добра, можна працаваць. Зьвесткі перадаюць у МУС, якое глядзіць, ці ёсьць у меня нейкія адміністрацыйкі», — апісвае праверку адна з суразмоўцаў Свабоды.

У ейным выпадку праверка заняла два тыдні і на працу жанчыну ў выніку ўзялі. У іншым выпадку чалавека правяралі каля двух месяцаў. Ад начальніка было вядома, што праверка будзе ня толькі па лініі МУС, а таксама па лініі КДБ. Гэта стварае дадатковы галаўны боль для начальніка і падначаленага, бо пакуль чалавек такую праверку ня пройдзе, на працу яго аформіць немагчыма.

Паводле інфармацыі Свабоды, сілавікі могуць правяраць ня толькі самаго чалавека, які шукае працу, але і ягоных сваякоў. Асабліва шмат часу падобныя праверкі займаюць у сфэры адукацыі. Правяраюць таксама і пэнсіянэраў, якія шукаюць працу. Пры зьмене месца працы праверку трэба праходзіць наноў, бо аб ёй не даюць ніякіх дакумэнтальных пацьверджаньняў.

У сфэры мэдыцыны праверкі займаюць у сярэднім тры тыдні, кажуць крыніцы Свабоды. Чым вышэйшая пасада, тым даўжэй гэта робіцца. Пра чалавека адпраўляюць запыт у МУС. Таксама могуць выклікаць на дадатковую размову. Гэта тычыцца ня толькі лекараў, але і іншых супрацоўнікаў мэдычнай сфэры: лябарантаў і нават прыбіральніц.

Яшчэ два гады таму падобных праверак не было, расказаў Свабодзе былы супрацоўнік сфэры мэдыцыны. Нават даведку аб несудзімасьці пры працаўладкаваньні прыносіць было ня трэба. Былі і супрацоўнікі, якія працягвалі працу, маючы незакрытую крымінальную справу, распачатую з палітычных матываў.

«Цяпер асноўны рухавік „чорных сьпісаў“ не КДБ»

Зараз за новых супрацоўнікаў больш непакояцца галоўныя дактары, чым сілавыя структуры, бо яны мусяць за іх адказваць, гаворыць у размове са Свабодай намесьнік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы, куратар аховы здароўя Станіслаў Салавей.

«За апошнія гады ўлады крыху пачалі задумвацца пра кадры. Нехта ж мусіць лячыць. Цяпер галоўны рухавік „чорных сьпісаў“ не КДБ, а галоўныя дактары і начальнікі аддзелаў кадраў. Бо калі чалавек недзе засьвяціўся, яго ня возьмуць на працу, таму што калі возьмуць і такога чалавека затрымаюць, адказваць будзе галоўны доктар», — кажа Станіслаў Салавей.

Сытуацыю ён называе абсурднай. З аднаго боку, не хапае лекараў, з другога ствараюцца штучныя перашкоды для іх працаўладкаваньня. Для многіх такі варыянт дае хуткія зрухі па кар’ернай лесьвіцы.

«Шлях ад студэнцкай лавы да лекара стаў вельмі хуткім. Ва ўсім сьвеце гэта 3-5 гадоў. У Беларусі сёньня — год. Калі галоўны доктар будзе мець доктара, які хаміць ці зь іншымі праблемамі, то ён яго ня звольніць, бо няма кім замяніць. Ва ўстановах аховы здароўя скарачаюцца стаўкі. Нагрузка ў людзей такая ж, а ў паперах нястача кадраў меншая», — прыводзіць прыклад суразмоўца.

Пры гэтым на дактароў, якія працуюць, нагрузка вялікая, і яна пастаянна павялічваецца, кажа Салавей.

«Галоўных дактароў паставілі ў такую сытуацыю, калі іхным асноўным клопатам стаіць не каб клініка якасна працавала, а як самому ня страціць працу ці ня трапіць за краты», — зазначае суразмоўца.

«Чым вышэйшая пасада, тым падрабязьней правяраюць»

Паводле прадстаўніка аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімера Жыгара, падчас парверак перад працаўладкаваньнем для шараговых супрацоўнікаў хапае інфармацыі аб адміністрацыйных арыштах. Але чым вышэйшая пасада, тым больш падрабязнай можа быць праверка.

«Калі чалавек уладкоўваецца ў мэдычную ўстанову ці ў школу, начальства інфармуе раённых чыноўнікаў. Тыя шлюць дакумэнты ў МУС, ці не праходзіць чалавек у нейкіх базах, ці яго не затрымлівалі. Гэта такая падстрахоўка. Калі гаворка пра высокую пасаду, то там больш комплексная праверка. Напрыклад, калі гаворка пра галоўнага доктара лякарні ці дырэктара школы. Тады арганізоўваецца спэцправерка. Ці не затрымлівалі ягоных сваякоў за палітыку? Чалавек праходізць дадатковую гутарку, там яго пытаюцца пра палітычную арыентацыю», — апісвае Ўладзімер Жыгар.

Паводле зьвестак суразмоўцы, калі прэтэндэнт на пасаду даходзіць да атэстацыйнай камісіі, то яго ўжо не разварочваюць. Таму імкнуцца ўсе праверкі завяршыць да гэтага этапу, каб чалавек быў максымальна ляяльны. Атэстацыйную камісію ў Беларусі прызначаюць для кіраўнікоў.

«Зараз у Беларусі шмат лякарняў і паліклінік, дзе няма кіраўнікоў, такое ж ёсьць на іншых прадпрыемствах. Бо цяжка падабраць чалавека з пункту гледжаньня дзяржавы. Ня хочацца на шляху праверак даведацца, што прэтэндэнта на высокую пасаду затрымлівалі. Ці, напрыклад, затрымлівалі стрыечнага брата ў палітычнай адміністрацыйнай справе і цяпер ён у Польшчы. Гэта ўжо для іх нэгатыўны варыянт. Калі гэта сур’ёзная пасада, яны хочуць, каб чалавек быў крыштальна чысты», — кажа Жыгар.

Звычайна аб прызначэньні чалавека на высокую пасаду хадайнічаюць чыноўнікі. І калі высьветліцца, што на яго з боку дзяржавы ёсьць нейкая «нэгатыўная інфармацыя», для чыноўнікаў гэта таксама будзе праблема, зазначае Жыгар.

«Напрыклад, нейкі хірург прэтэндуе на пасаду начальніка аддзяленьня хірургіі, і калі ў яго ёсьць нейкія „палітычныя нюсансы“, то яго нават вылучаць на такую пасаду ня будуць», — прыводзіць прыклад Уладзімер Жыгар.

Якой менавіта будзе праверка, залежыць як да кіраўнікооў установы, так і ад мясцовых чыноўнікаў, кажа суразмоўца.

«Калі гаворка ідзе пра настаўніка ці звычайнага лекара, характарыстыкі на іх усё адно ёсьць. Напрыклад, што настаўнік аддаваў свой подпіс за незалежнага кандыдата ў 2020 годзе, дырэктар школы можа ня ведаць, а ў аддзеле адукацыі пра гэта ведаць будуць. Кантроль паўсюль», — кажа прадстаўнік BelPol.

Калі чалавек на нейкай пазыцыі працуе даўно, то на яго «могуць нешта знайсьці».

«Такіх людзей ня будуць правяраць без сур’ёзных падстаў. Аднак, калі гэта некаму трэба, то ў яго могуць знайсьці „экстрэмісцкія матэрыялы“, а пасьля адміністрацыйнага арышту такому чалавеку могуць патлумачыць, каб пісаў заяву на звальненьне», — даводзіць Жыгар.

Не хапае 6500 лекараў, 4000 медыцынскіх сясьцёр

Тым часам у Беларусі працягваецца дэфіцыт кадраў, асабліва ў сфэрах, якія правяраюць сілавікі. На 18 лістапада, згодна з рэспубліканскім банкам вакансій, у краіне шукаюць 6591 лекара і 4078 мэдыцынскіх сясьцёр

Таксама ў базе вакансій 514 месцаў для настаўнікаў, 1094 пасады для выхавальнікаў дзіцячых садкоў.

Некалькі дзясяткаў школ шукаюць дырэктара ці ягоных намесьнікаў толькі ў гэтым месяцы. Больш за 10 вольных пасадаў для дырэктараў раённых дамоў культуры. 24 вольныя пазыцыі для галоўных дактароў установаў аховы здароўя.