Чаму «Пагоня» яшчэ насцігне тых, хто сёння пераследуе беларусаў за беларускасць
Гэта толькі пытанне часу.
Захоплены ці зрынуты долу сцяг ворага — што можа быць мацнейшым сімвалам перамогі над супернікам? У 1995-м такой перамогі дабіліся Лукашэнка і ягонае атачэнне, сімвалам яе стаў дзяржаўны герб «Пагоня», кінуты ў траву ўрадавага дворыка.
Гэта ўнікальная сітуацыя, бо звычайна з нацыянальнымі сімваламі змагаюцца чужаніцы, акупанты. З беларускімі спрадвечнымі сімваламі, з нашай мовай ужо трэці дзясятак ваюе чалавек, народжаны ў Беларусі.
Але тая перамога не будзе вечнай. «Пагоня» яшчэ нагоніць тых, хто сёння пераследуе беларусаў за беларускасць. І гэтаму ёсць шмат прычынаў.
Найперш таму, што нашая «Пагоня» перажыла і расійскіх цароў, і бальшавікоў. Перажыве і сённяшні рэжым. Да слова, у часы паўстанняў ХІХ стагоддзя царскія ўлады не забаранялі нашыя сімвалы, якімі пазначалі сябе інсургенты. Сённяшнія ўнутраныя акупанты пераўзышлі нават іх.
Ганебны рэферэндум 1995-га быў незаконным, ягоны аўтар і натхняльнік цынічна скарыстаўся станам грамадства — русіфікаванага, у большасці сваёй абалваненага савецкай прапагандай.
Акрамя таго, беларусам у выніку навязалі мадэрнізаваныя сімвалы БССР, якія да нашай гісторыі не мелі ніякага дачынення. Усё прызначэнне выдуманых бальшавікамі знакаў — прывязаць нас да савецкай імперыі і выцесніць сапраўдныя сімвалы з народнай памяці. Зрэшты, падобнымі матывамі кіраваўся і Лукашэнка.
Што б і колькі не пісалі праўладныя гісторыкі, колькі б не шчыравалі карныя органы, якія дагэтуль лічаць сябе праваахоўнымі, усё марна.
Падзеі 2020 года сталі сапраўдным народным рэферэндумам, калі людзі неслі на вуліцы беларускіх гарадоў «Пагоню» і бел-чырвона-белыя сцягі, рызыкуючы свабодай, а то і жыццём.
І колькі б сённяшнія трымальнікі ўлады не вешалі на вуліцах лукашэнкаўскіх сцягоў — гэта ўсяго толькі спроба ўзяць колькасцю, але не якасцю. Не глыбінёй гістарычнай памяці, а тоўшчай бяспамяцтва.
Читайте еще
Избранное