Экономика

Чаму даляр працягвае таньнець і што зь ім будзе далей

За два месяцы беларускі рубель падняўся адносна даляра на 3,54%. Радыё Свабода з экспертам разьбіралася, адкуль гэтая тэндэнцыя і што будзе далей.

За два месяцы беларускі рубель падняўся адносна даляра на 3,54%. Разьбіраемся, адкуль гэтая тэндэнцыя і што будзе далей.

2,43 рубля за даляр — такі афіцыйны курс паводле Нацбанку на 1 лістапада. 1 верасьня гэтага году даляр каштаваў 2,5 рубля.

Чаму рубель умацоўваецца

Асноўны фактар умацаваньня беларускага рубля — рост экспарту. Пра гэта кажа фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

— З пачатку году вырас экспарт. Павялічыўся ён найперш праз рост сусьветных цэнаў. Даражэюць прадукты, даражэюць угнаеньні, падаражэла драўніна. Павольна, але даражэе харчаваньне, якое Беларусь пастаўляе ў Расею. Расьце валютная выручка, і, адпаведна, расьце чысты продаж валюты прадпрыемствамі.

Гэта была тэндэнцыя першага паўгодзьдзя. Калі казаць пра апошнія тры месяцы (чэрвень, жнівень, верасень), актыўна расьце чысты продаж валюты насельніцтвам, — кажа Вадзім Іосуб.

Продаж валюты людзьмі адбываецца празь зьніжэньне даходаў. «Гэта стандартная рэакцыя для зьніжэньня даходаў», — кажа экспэрт.

А што далей?

Эфэкт ад экспарту «ўжо зьніжаецца», а ў канцы году могуць пачаць дзейнічаць сэктаральныя санкцыі ЭЗ і санкцыі ЗША.

— Гэта можа прывесьці да скарачэньня экспарту і скарачэньня прапановы валюты на ўнутраным рынку. Тады рубель спыніць умацаваньне і, верагодна, пачне зьніжацца. Аднак гэта не будзе рэзкая дэвальвацыя. Для рэзкай дэвальвацыі трэба дысбалянс: каб стала мала валюты, а ў прадпрыемстваў і людзей было шмат рублёў. Тады адбываецца дэвальвацыя, — кажа Вадзім Іосуб.

Усё ж ці магчымая дэвальвацыя?

Раней дэвальвацыі ў Беларусі бывалі тады, калі «праблемы ў эканоміцы актыўна залівалі рублямі і арганізоўвалі адміністратыўны рост даходаў». Папросту — калі ўключалі друкарскі станок.

— Не сакрэт, што ёсьць ахвотныя ўключыць друкарскі станок. Калі да гэтай практыкі вырашаць вярнуцца — гэта будзе абвал. Мінімум — як у 2014 годзе, калі гэта быў абвал рубля на 30%, максымум — як у 2011, калі курс даляра вырас утрая, — мяркуе Вадзім Іосуб.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(19)