Быў затрыманы Дзяніс Кур'ян?
Як стала вядома Нашай Ніве, быў затрыманы тэлевядоўца і шоўмэн Дзяніс Кур'ян. Ці адбыў ён адміністрацыйны арышт, ці затрыманне было кароткатэрміновым – невядома.
Сам ён у інтэрв'ю Tochka.by пазней абверг інфармацыю аб сваім затрыманні: «Нічога падобнага не было. Са мной усё ў парадку. Я дома ў Беларусі. Працуем, як і раней».
Кур'ян раней працаваў на БТ і АНТ. Цяпер – блогер і вядучы мерапрыемстваў, займаецца бізнэсам (напрыклад, мае сетку блінных).
Нагадаем, што раней паведамлялася пра затрыманне блогеркі і тэлевядоўцы Ганны Бонд і спявачкі Ларысы Грыбалёвай.
Адзін з кліентаў блогераў расказаў «Нашай Ніве», што ад усіх затрыманых запатрабавалі спыніць медыйную актыўнасць і бізнэс. Тое самае незалежна ад яго распавёў адзін з супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ.
Трэба адзначыць, што ў інстаграмах Кур'яна і Грыбалёвай, у якіх дзясяткі тысяч фаловераў, ужо з тыдзень не з'яўляецца ніякіх публікацый. Ганна Бонд з моманту вызвалення апублікавала некалькі сторыз. Але рэпартажаў, замалёвак, жартаў ці рэкламы – таго традыцыйнага кантэнту, які быў у яе раней, і ў яе не з'яўляецца.
Пра тое, што адносіны «на паўзе», пацвердзіў і маркетолаг адной з вялікіх прыватных кампаній, якая раней размяшчала замовы ў блогераў.
«Людзям, якія жывуць у Беларусі, прасцей забараніць браць рэкламу, чым карпарацыям з замежнымі ўладальнікамі забараніць даваць рэкламу», – патлумачыў ён.
Інфармаваная крыніца «Нашай Нівы» ў адным з дзяржаўных СМІ патлумачыла атаку на медыяперсонаў і блогераў намерам прэвентыўна абмежаваць іх папулярнасць. Улады, па словах крыніцы, хочуць перастрахавацца, хочуць, каб у краіне проста не было папулярных публічных асобаў, адносна незалежных ад рэжыму.
Читайте еще
Избранное