Общество

Былому кіраўніку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» выставілі абвінавачаньне

Як пацьвердзілі Свабодзе родныя палітвязьня Віктара Фенчука, гэта арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342. ч.1).

Віктар Фянчук, архіўнае фота

— Так, ёсьць 342 артыкул, больш інфармацыі наконт нюансаў абвінавачаньня няма, усё стандартна. Тэрмін утрыманьня пад вартай — 2 месяцы, пачынаючы з 20 верасьня. Сядзіць у СІЗА-1, на «Валадарцы», — расказалі сваякі.

Віктара Фенчука затрымалі 31 жніўня, адразу пасьля таго, як у офісе «Аховы птушак Бацькаўшчыны» прайшоў ператрус. Тады сілавікі папрасілі копіі некаторых фінансавых дакумэнтаў і праверылі тэлефоны супрацоўнікаў,а былога кіраўніка асудзілі на 12 сутак арышту. Артыкул, які яму інкрымінавалі, на той момант быў невядомы.

Перад заканчэньнем тэрміну адміністрацыйнага арышту Віктара Фенчука затрымалі яшчэ на 10 сутак. Тады праваабаронцы выказалі меркаваньне, што на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэксу. У выніку тыя падазрэньні пацьвердзіліся.

Віктар Фянчук — вядомы дзеяч у сфэры аховы навакольнага асяродзьдзя, сябра Франкфурцкага заалягічнага таварыства. Раней узначальваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны». У 2014 годзе пераехаў у Белавескую пушчу, дзе ўдзельнічаў у праграме падтрымкі запаведнасьці.

Летась 8 лістапада яго ўжо затрымлівалі за ўдзел у акцыі пратэсту і прысудзілі 15 сутак арышту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(17)