Былога дэпутата Антончыка пакаралі за «няправільныя» камяні
Аўтара вядомага антыкарупцыйнага дакладу, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, аднаго зь лідэраў рабочага руху 80–90-х Сяргея Антончыка аштрафавалі за камяні з БЧБ-сымболікай. Суткі ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, паведамляе Радыё Свабода.
Выява Пагоні на камяні, за якую пакаралі Сяргея Антончыка
Сяргей Антончык расказвае, што 13 траўня прыехаў у сваю вёску Перакопаўшчына ў Стаўпецкім раёне для самаізаляцыі, бо пачаў кашляць. Праз паўгадзіны да сядзібы пад’ехала міліцэйская машына, міліцыянт пачаў фатаграфаваць камяні каля ягонай сядзібы. Некалькі гадоў таму сябры-мастакі, якія прыяжджалі ў госьці да Сяргея Антончыка, намалявалі на камянях бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню». Па яго словах, камяні з сымболікай ляжалі перад сядзібай гадоў шэсьць.
«Мы там кветачкі пасадзілі, зрабілі такі невялічкі добры мэмарыяльчык. Міліцыянт стаў усё гэта здымаць, пачаў некаму тэлефанаваць. Потым мяне паклікаў і спытаўся, чаму тут сымболіка, і я яму расказаў, што камяні раней размалявалі і яны нікому не перашкаджаюць. Ён кажа, што гэта трэба прыбраць, гэта парушэньне. Празь некалькі хвілін зьявілася кіраўніца мясцовай вэртыкалі і яшчэ некалькі чалавек. Яны таксама абураліся, маўляў, як гэта так, што тут адбываецца, трэба гэтыя камяні забраць. Потым пайшлі па суседзях, апытвалі іх хвілін па сорак, як я сябе паводзіў, калі гэтыя камяні зьявіліся, хто маляваў, як я стаўлюся да ўлады».
Сяргей Антончык. Архіўнае фота. Радыё Свабода
«Мяне заперлі ў ІЧУ»
Антончык расказвае, што два камяні зь бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй» пагрузілі і зьвезьлі, а самога яго забралі ў Стаўпецкі РАУС і склалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаваньне». У пастарунку згадалі пра ўсе ранейшыя адміністрацыйныя справы Сяргея Антончыка.
«Мяне заперлі ў ІЧУ, але бачачы, што я кашляю і стан мой дрэнны, я адчуваю, што ў мяне тэмпэратура, і кажу ім, што ў мяне можа быць „карона“. Тады яны мяне павезьлі ў стаўпецкую лякарню. Лекар сказаў, што ў ІЧУ везьці ня трэба, каб не справакаваць заражэньне. Потым мяне павезьлі ў дзяжурную частку, а потым у ІЧУ. Чамусьці сказалі, што дванаццаць дзён да суду буду там чакаць. Камэра была прасторная, і там быў яшчэ толькі адзін затрыманы, далі чыстую бялізну, зьвярталіся толькі на „вы“. Я там усю ноч кашляў, яны праверылі тэмпэратуру, яна была».
На другі дзень Сяргея Антончыка павезьлі з ізалятара ў Стаўпецкі раённы суд. Справу разгледзелі вельмі хутка, прысудзілі за камяні штраф у 30 базавых (870 рублёў). Пасьля суду Антончыка павезьлі на гутарку з кіраўніком РАУС, які, паводле Антончыка, сказаў, што «калі вы будзеце дзейнічаць супраць, мы будзем спыняць вашы дзеяньні вельмі жорстка».
«Судзьдзя спытала ці прызнаю сваю віну. Я сказаў, што прызнаю толькі тое, што камяні ляжалі не ўнутры маёй сядзібы, а на вуліцы. Мне трэба было перавезьці іх да сябе ў двор, — кажа спадар Сяргей. — Але нічога арыгінальнага не адбылося, бо цяпер судзяць за сьнегавікоў, якія даўно растаялі. Гэтыя камяні ляжалі ў мяне гадоў шэсьць, і ўсе мясцовыя людзі да гэтага прызвычаіліся. Пры апытаньнях, як міліцыянт мне намякаў, яны казалі, што я адмоўна стаўлюся да ўлады. Дык я не хаваю сваю пазыцыю і ніколі не хаваў».
«Меркаваўся парад нацыянальных сымболік розных краін»
Сяргей Антончык шкадуе канфіскаваных камянёў. Кажа, што яны былі вельмі прыгожыя і некалі могуць апынуцца ў музэі — як доказ таго, што ўлады змагаліся з камянямі.
«У мяне была ідэя выкласьці камяні вакол сядзібы і на кожным намаляваць сьцягі краін Эўразьвязу. Спачатку намалявалі наш беларускі нацыянальны і герб. Яны былі вельмі прыгожыя, яркія фарбы, якія не змываюцца, пакрытыя лякам. Камяні адмысловыя, плоскія, доўга іх шукаў. Ёсьць яшчэ камень са сьцягам Эўразьвязу, але гэты яны не забралі. То бок меркаваўся такі парад нацыянальных сымболік розных краін. Магчыма, пастаўлю цяпер камень з надпісам, што тут былі камяні з нацыянальнай сымболікай».
«Я чакаю часу, калі ўсё зьменіцца»
Паводле Сяргея Антончыка, улады распачалі цяпер змаганьне з сакральнымі сымбалямі.
«Любая нацыя, любы народ, апроч гісторыі, мае сваю сакральнасьць. Беларуская нацыянальная сымболіка, „Пагоня“ і бел-чырвона-белы сьцяг, на такім энэргетычным узроўні схавана ў кожнага беларуса. Таму спробы зьнішчэньня — гэта вялікае глупства. Ну забралі ў мяне камяні, зьмянілі мяне?! Наадварот, я чакаю часу, калі ўсё зьменіцца і мы завесім усё нашай сымболікай, — кажа Сяргей Антончык. — Яны ня столькі гэтых пратэстаў баяцца, яны баяцца, калі прачынаецца беларус. А беларус прачынаецца і падымае бел-чырвона-белы сьцяг і „Пагоню“. Змаганьне з нашымі сымбалямі — гэта каманда з усходу. Разбурыць гісторыю, сымбалі, мову, тры асноўныя камяні падмурку, на якіх стаіць любая краіна».
Паводле Сяргея Антончыка, краіна пераходзіць у вельмі змрочныя часы.
«Шпаркай хадой мы ідзём у Паўночную Карэю. У іх засталіся толькі рэпрэсіі, каб сталінскім ботам націснуць на горла народу. І тут ёсьць адна акалічнасьць, яны ідуць у пары з Пуціным. Усе рэпрэсіўныя тэхналёгіі адпрацоўваюцца ў калёніях, а потым мэтраполія выкарыстоўвае іх у сябе, — кажа Сяргей Антончык. — У гэтым сэнсе ўсё грамадзтва павінна рыхтавацца да вельмі цяжкага часу. Сёньня яны забіраюць камяні, а заўтра тым, хто зьверху, гэтага будзе мала, яны скажуць забіраць жыцьці. У мяне адчуваньне, што мы ідзём да сур’ёзнай драмы».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное