Общество

Андрэй Карась

«Бяляцкі сядзіць ужо тры гады і, на жаль, мы ўсё яшчэ не бачым, чым гэта можа скончыцца»

25 верасня ў Вільні прайшла акцыя салідарнасці з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Алесем Бяляцкім, які ў сераду сустрэў за кратамі сваё 62-годдзе.

Лідар праваабарончага цэнтра «Вясна» знаходзіцца за кратамі з ліпеня 2021 года, а ўвогуле з-за палітычнага пераследу ён сустракае ў няволі дзень народзінаў ужо ў сёмы раз.

На акцыі салідарнасці з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў Вільні (аналагічная акцыя ладзіцца таксама ў Варшаве) Алесь Буракоў, праваабаронца «Вясны» адзначыў:

– На жаль, гэты святочны дзень для нас зусім не святочны. Алеся Бяляцкага трэба не проста вызваляць, яго трэба ратаваць. Ён знаходзіцца ў адной з самых жорсткіх калоній (папраўчай калоніі №9 у Горках, куды накіроўваюць рэцыдывістаў – С.). Невядома, у якім ён зараз стане, ці жывы ўвогуле. Ён сядзіць ужо тры гады і, на жаль, мы ўсё яшчэ не бачым, чым гэта можа скончыцца.

Гэтай акцыяй мы жадаем давесці да ўсіх міжнародных арганізацый і ўрадаў пра неабходнасць выратавання нобелеўскага лаўрэата.

Праваабаронца Алег Мацкевіч нагадаў, што Алесь Бяляцкі стаў другім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі з Еўропы, хто атрымаў яе, знаходзячыся за кратамі. Першым быў Карл фон Асецкі ў 1935 годзе.

І параўнанне не на карысць беларускага рэжыму: улады нацысцкай Германіі пасля гэтага перавялі журналіста і антыфашыста з канцлагера ў цывільную бальніцу.

Праваабаронца Алена Маслюкова пракаментавала «Салідарнасці» апошнія падзеі:

– Вызваленне палітзняволеных партыямі – станоўчая з’ява, але гэта нішто ў параўнанні з агульнай колькасцю рэпрэсаваных у Беларусі. Я не заўважаю, каб рэжым ішоў на паслабленне рэпрэсій. І нельга сказаць, што чалавек, які падпісвае ўказы па памілаванні, робіць гэта ад чыстага сэрца ці са спачуваннем.

Падчас акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім з амбасады Беларусі, якая знаходзіцца амаль насупраць мурала праваабаронцу, ніхто не выйшаў.