Але пра змену ў Беларусі палітычнага рэжыму і тым больш пра выхад яе з расійскай арбіты гаворкі ісці ў цяперашніх умовах яўна не будзе, гэтае пытанне нават не будзе падымацца.
«Будучыня Беларусі вырашальна залежыць ад знешняй кан’юнктуры, якая складваецца для нас вельмі неспрыяльна»
Гісторык Аляксандр Пашкевіч, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі, распавёў у інтэрв’ю «Салідарнасці», якім ён бачыць сканчэнне вайны ва Украіне і калі, на яго погляд, можна чакаць змякчэння рэпрэсій унутры Беларусі.
– Што вы думаеце пра будучыню Беларусі ў бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве?
– На жаль, сітуацыя цяпер такая, што будучыня Беларусі вельмі моцна і нават вырашальна залежыць ад знешняй кан’юнктуры, а тая на гэты момант складваецца для нас вельмі неспрыяльна.
Выглядае, што ў 2025 годзе вельмі верагоднае заканчэнне гарачай фазы вайны ва Украіне і пачатак расійска-украінскіх перамоў. Калі да таго часу нічога прынцыпова не зменіцца, то Расія да гэтых перамоў падыдзе ў не самым горшым стане.
Таму гаворка будзе ісці фактычна пра замарожванне канфлікту з захаваннем Масквой кантролю над тымі ўкраінскімі тэрыторыямі, якія ёй удалося захапіць.
Верагодна, лёс прынамсі некаторых з гэтых тэрыторый стане прадметам абмеркавання на перамовах, але толькі іх. Паколькі Расія не будзе ў ролі цалкам прайгранага боку, то ўвогуле замахвацца на яе бясспрэчныя палітычныя сферы ўплыву ніхто не будзе мець ні магчымасці, ні жадання.
Адпаведна, на тых перамовах пытанне Беларусі калі і будзе ставіцца, то не глабальна. Магчыма, Захад будзе настойваць на вывадзе з Беларусі расійскай ядзернай зброі (ці рэальна яна на яе тэрыторыі ёсць – пытанне спрэчнае) ці на гарантыях Пуціна адносна невыкарыстання ў будучыні нашай тэрыторыі ў ваенных мэтах (чаго вартыя такія гарантыі з боку Расіі – пытанне асобнае).
Таму варта маральна рыхтавацца да таго, што Беларусь у агляднай перспектыве застанецца пад поўным кантролем Масквы без дэмантажу рэжыму Лукашэнкі.
Краіны Захаду на тое, што адбывацца ў Беларусі, не будуць мець істотнага ўплыву, хоць, вядома, калі ў Крамлі вырашаць анэксаваць Беларусь, то афіцыйнага прызнання з боку заходнікаў гэтага акту яны не дачакаюцца. Але не больш таго.
Адпаведна для нас вельмі шмат будзе залежаць ад развіцця падзей у Расіі. Няма сумневу, што пакуль там застаецца ва ўладзе Пуцін, у гэтай краіне ніякіх пазітыўных змен чакаць не варта.
Расія будзе толькі рыхтавацца да новай вайны, выкарыстоўваючы часовае замірэнне проста як перадышку – Пуціну адступаць няма куды.
Пры ягоных наступніках магчымае карэктаванне падыходаў, як гэта адбылося ў СССР пасля смерці Сталіна, але гарантыі тут ніякай няма.
– Што, на ваш погляд, будзе адбывацца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх «выбараў» 26 студзеня?
– Пасля правядзення выбарчага спектаклю і заканчэння вайны ва Украіне магчымае пэўнае змякчэнне ўнутранай палітыкі, то-бок прынамсі змяншэнне градусу рэпрэсій.
Прадыктаваная такая змена будзе, вядома, не гуманізмам, а эканамічнай мэтазгоднасцю: усё ж такі цяперашняя палітыка відавочна негатыўна ўплывае на гаспадарчыя працэсы, што відаць і са статыстыкі, і з многіх выказванняў як самога Лукашэнкі, так і ягоных паплечнікаў.
Вядома, такое гіпатэтычнае змякчэнне не будзе азначаць, што ўсе палітвязні выйдуць на волю, рэжым дазволіць аднаўляцца грамадзянскай супольнасці, а палітэмігранты змогуць бяспечна вяртацца на радзіму. Такога, думаю, не будзе прынамсі да такога моманту, пакуль жывы і дзеяздольны сам Лукашэнка.
Але што прынамсі крыху бяспечней і спакайней стане жыць тым, хто цяпер застаецца ў Беларусі, пры выкананні пэўных правіл сужыцця з рэжымам – цалкам верагодна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное