Общество

Ірына Верабейчык

Будкін: «Беларускую культуру не замяцеш пад плінтус, не забароніш, не пакіруеш ні з якога боку»

Кіраўнік Беларускай рады культуры — пра мастацтва па-над межамі, якое ў чыноўнікаў не атрымалася ані знішчыць, ані «ўпарадкаваць».

Сяргей Будкін, фота з сацсетак

Беларуская Рада культуры падвяла вынікі 2024 года. Эксперты з розных сфер мастацтва падсумавалі, якім год быў для беларускай культуры наогул, якія страты і дасягненні неабходна зафіксаваць, хто з творцаў і ініцыятыў быў сёлета на слыху. А мы тлумачым, чаму гэта важна.

— Галоўны вынік, які трэба адзначыць — з беларускай культурай усё ў парадку, наколькі можа быць у парадку з усімі намі, — падкрэсліў кіраўнік Рады Сяргей Будкін. — Яе не замяцеш пад плінтус, не забароніш, не пакіруеш ні з якога боку. Таму я ўсё ж такі гляджу больш аптымістычна, і рыторыка, што ўсё разбуранае, усе дэматываваныя, падаецца мне не вельмі блізкай да рэчаіснасці.

Культура, зазначае арт-менеджар — тое, што наўпрост уплывае на беларусаў, фарміруе нацыянальную ідэнтычнасць і адыгрывае вялікую ролю для перамен у краіне, для будучыні і незалежнасці Беларусі. А таму асабліва важна спрыяць з’яўленню новых ідэй, падтрымліваць творчыя супольнасці, якія захоўваюць і развіваюць культурную спадчыну, садзейнічаць адукацыі і пашырэнню кантактаў беларускіх творцаў.

Прыкладна палова гэтай працы — непублічная, што наўпрост звязана з бяспекай творцаў, якія застаюцца ў краіне. Але тыя праекты, пра якія можна казаць, насамрэч уражваюць сваёй выніковасцю, крэатывам і маштабамі.

Напрыклад, «Магістраты» і «Клуб беларускіх мецэнатаў» дапамаглі ўзяць высокі старт цэламу шэрагу перспектыўных беларускіх спраў — ад кнігавыдавецтва да беларускай школы ў Варшаве, спартовага клуба, гарадскіх экскурсій па Мінску і Вільні.

Ініцыятыва Sekktor — гэта вялікае творчае кам’юніці і актуальныя магчымасці для беларускіх творцаў. «Культурны код» — інтэграцыя ІТ-адмыслоўцаў і аўтараў творчых ідэй. Праект Vas’minoh даў жыццё шматлікім адукацыйным ініцыятывам.

І, канешне, ArtPower Belarus — гэты міжнародны праект, рэалізаваны сумесна з Дацкім інстытутам культуры пры падтрымцы Еўракамісіі, Сяргей Будкін нездарма называе флагманскім. Маштабная праграма падтрымкі незалежнай беларускай культуры пачалася ў 2022 годзе, а фінішуе ў лютым 2025-га, дзякуючы ёй былі рэалізаваныя 83 творчыя праекты беларусаў па абодва бакі мяжы і вылучаныя 57 грантаў мабільнасці, якімі скарыстаўся 231 чалавек.

Cкрыншот byculture.org. Толькі частка палітры беларускіх культурніцкіх праектаў, якія былі рэалізаваныя праз падтрымку ArtPower Belarus.

Адна з ініцыятыў, на якой варта спыніцца асобна — праект-прысвячэнне Алесю Пушкіну. Сама выстава была зладжаная сёлета ў Музеі Вольнай Беларусі, але цяпер у яе ёсць і сталае месца ў сеціве — сайт, стваральнікі якога збіраюць як мага больш інфармацыі і прац Алеся ад пачатку 1980-х да турэмных малюнкаў апошніх год, каб паказаць усю шматграннасць асобы мастака.

Самая ж прыемная для беларускіх творцаў навіна ў тым, што ArtPower Belarus працягнецца, і будзе другая серыя праграмы — ужо ўвесну 2025 года. Усе дэталі, умовы, маштабы падтрымкі Беларуская рада культуры абяцае агучыць бліжэй да старту.

— Нядаўна таксама ў межах ArtPower мы прэзентавалі даследаванне пра стан беларускай культуры. Назаву адну цэнтральную, на маю думку, лічбу з яго: 266. Гэта колькасць арганізацый, якія працуюць у сферы культуры — як у Беларусі, так і па-за Беларуссю.

І гэта добры факт, каб уявіць, наколькі шмат робіцца, колькі людзей заангажавана ў гэтую сферу — з тым, каб далей настройваць экасістэму беларускай культуры, — рэзюмуе Сяргей Будкін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(8)