Филин

Будкін: «Беларусаў «прэсавалі» людзі іншай культуры»

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін – пра актуальнасць вершаў Купалы і пра тое, каму і дзеля чаго патрэбная традыцыя святкаваць Дзень беларускай  культуры.

– Ідэя з'явілася таму, што няма такога свята і яго трэба прыдумаць, – расказаў Сяргей Будкін на Еўрарадыё. – У Швецыі, напрыклад, ці ў Японіі дзень культуры – гэта наогул дзяржаўнае свята. Акурат у гэты дзень у многіх краінах распавядаюць пра сваіх герояў на цэлы свет.

Ёсць, натуральна, і практычная мэта, бо гэта лішняя нагода заявіць пра Беларусь, абудзіць інтарэс да яе праз культуру, таксама згадаць пра тых, хто зараз у турмах –прысвяціць ім імпрэзы. І ў прынцыпе сказаць, што беларусы – нацыя, якая адбылася, што ў нас ёсць моцны пласт культуры, пра які варта ведаць.

Паводле Сяргея Будкіна, дата 7 ліпеня прапанаваная для Дня беларускай культуры адмыслова:

– Мы доўга дыскутавалі і знайшлі абсалютна чароўную дату, у якой сутыкнуліся некалькі падзеяў: дзень народзінаў Янкі Купалы, Марка Шагала, Яна Чачота, і таксама Купалле па новым стылі, шмат хто адзначае гэта свята менавіта ў ноч з 6 на 7 ліпеня, хаця дзень сонцастаяння і прыпадае на 22-23 чэрвеня. Але для нас гэта не нагода разбірацца ў стылях і календарах, а прапанова паяднацца на гэтым дні і зрабіць яго традыцыйным. Я шчыра веру, што ён увойдзе ў афіцыйны дзяржаўны каляндар, і надалей гэта будзе рэальна нашае свята.

«Калі б сілавікі гадаваліся на кнігах Арлова, слухалі Вольскага, то не здарылася б гэтага гвалту»

– Сучасная беларуская культура павінна базавацца на тым, што зрабілі папярэднікі. І калі нейкі ўмоўны папулярны рэпер прачытае верш Купалы, ён проста засведчыць павагу да свайго папярэдніка і тым упіша яго ў кантэкст сучаснай беларускай культуры. Таму гэта, хутчэй за ўсё, працягненне традыцый і ўсталяванне новай тэмы, якая стане традыцыйнай ужо ў будучыні.

На думку кіраўніка Беларускай культуры, менавіта на гэтай глебе і разуменні, што без культуры няма нацыі, беларусы паядналіся летам 2020 года:

– Мы ўвесь час актыўна спрачаліся з пазіцыяй, што зараз, маўляў, не да святаў, не да песень, калі людзі ў турмах сядзяць. І тая лавіна крэатыву, з якой мы сутыкнуліся – неверагодная колькасць песень, далейшае асэнсаванне падзеяў у фільмах, выставах, плакатах – усё гэта сведчыць пра тое, што якраз дзякуючы творцам уздымаецца баявы дух, узмацняецца натхненне і разуменне, хто ты ёсць такі.

Недарма лейтматывам абраны верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?», бо ён абсалютна не страціў актуальнасці праз 116 гадоў. І калі людзі ўсведамляюць сябе беларусамі, у далейшым усё будзе добра.

Я прыводзіў прыклад раней: калі б сілавікі чыталі, ведалі, гадаваліся на кнігах Арлова, слухалі Лявона Артуравіча [Вольскага], нейкім чынам належалі да беларускай культуры, то не здарылася б гэтага гвалту і ўсяго астатняга негатыву, з чым мы сутыкнуліся – рука беларуса на беларуса не ўзнялася б.

Калі зразумець, адкуль карані гэтага зла, рэпрэсій, то зразумела, наколькі важная культура. Як мне здаецца, для беларусаў гэта можна ўжо не патлумачыць, нейкае ўсведамленне ў глабальным сэнсе адбылося проста на нашых вачах.

Таму мы прапануем проста аддаць належнае беларускай культуры. А паколькі ўсе праекты, ідэі не змяшчаюцца ў адзін дзень, гэта расцягнулася на тыдзень – ад 5 па 11 ліпеня праходзяць імпрэзы, актыўнасці ў розных краінах.

«Збівае беларусаў сярэднестатыстычны рускі гопнік»

…Зрэшты, наконт таго, ці «паднялася б рука беларуса на беларуса», калі чалавек гадаваўся на беларускай культуры – пытанне спрэчнае. Зміцер Лукашук з Еўрарадыё прыгадвае прыклад гісторыка, а цяпер дэпутата Ігара Марзалюка:

– У 90-х гадах мінулага стагоддзя ён не прапускаў ніводнага «Басовішча» і там скакаў пад беларускую рок-музыку, а зараз нібыта з’яўляецца адным з галоўных распрацоўшчыкаў закону аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім, фашысцкім і гэтак далей.

Плюс той жа Піт Паўлаў мне расказваў, што ведае шмат цяперашніх АМАПаўцаў, міліцыянтаў, якія да таго як надзелі форму і пагоны, у дварах пад гітару ў альтанцы раўлі «Паветраны шар»…

Але Сяргей Будкін перакананы, што прыведзеныя выпадкі – выключэнне з правілаў:

– Адзін-два чалавекі не зробяць рэпрэсій. Для мяне абсалютна відавочна, што беларусаў «прэсавалі» людзі іншай культуры, іншых каштоўнасцяў, выхаваныя абсалютна інакш, на іншых арыентырах. Збівае беларусаў сярэднестатыстычны рускі гопнік, а калі нехта з іх раптоўна слухаў Вольскага – гэта абсалютна ў межах статыстычнай памылкі.

Карані праблемы, канешне, глыбейшыя. Ідзе ўсё ад таго, напэўна, што дагэтуль Беларусь не справілася з траўмай 1930-х гадоў, не прызнала гэта злачынствам і не прыраўняла камунізм да нацызму. Таму гэта адбылося ізноў. І пакуль не будзе асэнсавання таго, што было, не адбудзецца далейшага руху.

«Ладзіцца цікавая акцыя з двух бакоў Ніягарскага вадаспаду»

Камандзе Беларускай рады культуры досыць звыкла працаваць у сціслых па часе ўмовах – прыкладам, праект «Казкі з Маляванычам» быў прыдуманы напрыканцы лістапада 2020 года, і ўжо праз тры дні яго пачалі здымаць, а цягам снежня вышла 31 серыя казачных гісторый з агучваннем акцёра Аляксандра Ждановіча і малюнкамі беларускіх мастакоў.

Сёдета цягам тыдня, з 5 да 11 ліпеня, запланаваныя імпрэзы ў анлайн- і афлайн-фармаце ў Беларусі і за мяжой (там іх ладзяць мясцовыя супольнасці беларусаў). Вядома ўжо пра далучэнне да праекту 15 краінаў, сярод якіх Украіна, Польшча, Літва, Германія, Чэхія, Італія, Швецыя, Фінляндыя, а таксама Бразілія, Эквадор, Турцыя, Грузія.

– Ладзіцца цікавая акцыя з двух бакоў Ніягарскага вадаспаду з удзелам амерыканскай і канадскай дыяспары беларусаў, літаратурныя чытанні і прагляды фільмаў, адзначэнні Купалля, канцэрты, спектаклі, выставы, – пералічвае Сяргей Будкін. – Таксама мы прапаноўваем уздымаць сцягі над знакавымі месцамі розных гарадоў, там, дзе гэта бяспечна.

Лейтматывам абраны верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?», які, мне кажуць, перакладзены ўжо на 104 мовы свету. Літаральна сёння мы прзентуем адмысловы сайт з перакладамі і прапануем усім ахвотным чытаць гэты верш і выкладваць пад хэштэгам #by_culture.

Скончыцца тыдзень 11 ліпеня трыма вялікімі імпрэзамі ў розных гарадах: запланаваны канцэрт у двары Лукішскай турмы ў Вільні з удзелам дуэта «Красная Зелень», Сяргея Космаса, Лявона Вольскага, таксама канцэрт запланаваны ў Кіеве з удзелам гуртоў РСП, Naka, Shuma. А ў  Менску – і вельмі радасна, што менавіта ў гэты дзень – у Вялікім тэатры будзе паказ оперы «Дзікае паляванне» паводле твора Уладзіміра Караткевіча на музыку Уладзіміра Солтана.

На працягу гэтага тыдня мы прапануем тым, хто не размаўляе па-беларуску, уводзіць ва ўжытак беларускую мову, хаця б мінімальна: пачаць з «Дзякуй», «Калі ласка», «Прывітанне». І таксама спяваць, каб падтрымліваць адзін аднаго – штодня мы будзем выкладаць караоке-версіі 7 знакавых беларускіх песень, выбраных паводле апытання ў розных сацсетках.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)