Экономика

Блізкі да Лукашэнкі бізнэсовец Пефціеў наняў лабістаў у ЗША

Бізнэсовец Уладзімер Пефціеў стаў кліентам амэрыканскай юрыдычнай фірмы Steptoe & Johnson, якая займаецца лабіяваньнем у Кангрэсе ЗША. Пра гэта паведаміў партал Legistorm, які адсочвае інфармацыі пра працу амэрыканскага Кангрэсу, адзначае Радыё Свабода.

Уладзімер Пефціеў

Партал апублікаваў афіцыйную рэгістрацыю, якая адбылася 11 траўня 2021 году. Паводле амэрыканскіх законаў, такая інфармацыя мусіць быць апублічаная, і цяпер гэта адбылося.

Уладзімер Пефціеў — былы старшыня сходу акцыянэраў «Белтэхэкспарту» і былы саўладальнік «Белтэх Холдынгу» — кампаніяў, якія займаюцца продажам зброі. Акрамя зброі, Пефціеў займаўся тэлекамунікацыямі (правайдэр «Дзелавая сетка»), лятарэямі («Спорт-заклад»), алькаголем («Аквадзіў»). «БТ Тэлекамунікацыі» спансараваў Прэзыдэнцкі спартовы клюб, а кіраўнік гэтага клюбу Дзьмітры Лукашэнка — саўладальнік «Спорт-закладу». У 2009–2012 гадах Пефціеў быў кіраўніком Беларускай тэніснай фэдэрацыі.

Пефціеў першым сярод беларускіх бізнэсоўцаў трапіў пад эўрапейскія санкцыі. За фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі ў ліпені 2011 году Рада Эўразьвязу забараніла яму наведваць тэрыторыю ЭЗ, а ягоным прадпрыемствам — весьці там бізнэс. Тамтэйшыя рахункі алігарха былі замарожаныя. У 2014 годзе Пефціеў, а таксама частка яго прадпрыемстваў, былі выключаныя з санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу. Канчаткова санкцыі былі зьнятыя пасьля вызваленьня палітвязьняў у 2015 годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.2(29)