Благасфэра пра амэрыканскіх акторак ды крызу ў “Маладым Фронце”
Калі памежныя службы ў беларускім аэрапорце “завярнулі” назад дзьвюх акторак з ЗША ды Аўстраліі, якія прыехалі па запрашэньні “Вольнага тэатру”, гэта на тле “лібералізацыі” падалося шаленствам. Але гэтае шаленства цалкам упісваецца ў візэрунак краіны, які ўтварыўся за мяжой. І некаторыя беларускія блогеры адрэагавалі на гэта так, што стала зразумела: у некаторых з нашых людзей выпрацавалася калі й не абыякавасьць, то пэўны імунітэт да падобных рэчаў.
У камэнтарах да посту chertenok_dnb большая частка блогераў выказвалася ў рэчышчы, што, маўляў, няма чаго сюды лятаць бязь візы, паспалітым беларусам у візах адмаўляюць хіба ня кожны дзень. Мала хто зьвярнуў увагу на тое, што акторкі мелі юрыдычнае права атрымаць візы ў аэрапорце; замест гэтага ўдзельнікі дыскусіі наракалі на дзеяньні іншаземных памежных службаў у дачыненьні да сябе. Частка камэнтатараў таксама аспрэчвала права аўтаркі ставіць допісы падобнага кшталту на суполку, то, у прынцыпе, не навіна для by_politics, якая зь месца якаснага абмеркаваньня навінаў пераўтварылася за апошні час у своеасаблівы міжсабойчык.
Пытаньне toshirskij наконт “вынікаў даўгога ўзаемадзеяньня з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасьцяў, што жывуць у Беларусі”, дастала болей станоўчага адказу: не сказаць, каб бальшыня адназначна прыхільна паставілася да іншаземцаў, але ўсё-ткі прызнавала, што іншая культура – гэта папросту іншая культура.
Тэму расколу ў Маладым Фронце, якую сеціўная супольнасьць пачала абмяркоўваць пасьля публікацыяў лістоў невядомых “сяброў Фронту” ў Інтэрнэце, камэнтуе адзін зь ягоных лідэраў Іван Шыла. Камэнтары да адкрытага ліста былога палітвязьня Эніры Браніцкай наконт становішча ў “Фронце” ды ролі ў ім Цімафея Дранчука можна прачытаць вось тут.
І, каб скончыць на станоўчай ноце: апэрацыйная сыстэма Vista, лінейка Ultimate (гэта самая прасунутая й самая дарагая варыяцыя зь Вістаў) мае на дадзены момант вельмі якасна зробленую беларускую вэрсыю. Абмеркаваньне на тэму беларусіфікацыі вядзецца на блогу Алеся Мазаніка, чалавека, вядомага прасоўваньнем беларускамоўных праграмаў.
Читайте еще
Избранное