Беседка
Таццяна Гусева

«Беларусы проста не ўсведамляюць, якім скарбам яны валодаюць»

Які літоўскі досвед варта пераняць беларусам, каб узняць статус роднай мовы, за што літоўцы шкадуюць суседзяў, і чаму Лукашэнка гаворыць па-руску – пра гэта калега распавёў карэспандэнту «Салідарнасці».

Упершыню я сустрэла Здзіславаса ў Вільні ў кампаніі беларускіх журналістаў. Прыняла б яго за земляка, калі б не акцэнт.

Аказалася, беларускую мову Здзіславас Вайцэхоўскіс вывучае два гады.

– Для таго, каб размаўляць па-беларуску, трэба жаданне, – расказвае ён. – У мяне яно з’явілася, калі пачаў працаваць на Белсаце. Я не магу працаваць на беларускую кампанію, не ведаючы мовы!

Спачатку я прасіў журналістку «Радыё Свабода» Таццяну Поклад, каб яна размаўляла са мной па-беларуску. А яна ўсё па-руску і па-руску. Колькі я памучыўся, пакуль пачала са мной гаварыць па-беларуску!

Раней мне здавалася, што беларуская мова – такая простая, вясковая. Калі пазнаёміўся з цікавымі людзьмі, з якімі рабіў інтэрв’ю, мой погляд змяніўся. Я зразумеў, якая яна прыгожая – вашая мова.

Вывучаць беларускую мову мне было лёгка, бо я валодаю рускай і польскай. Дарэчы, мае дзед і баба жылі за 20 кіламетраў ад беларускай мяжы ў Шальчынінкайскім раёне, што на поўдні ад Вільні. Яны размаўлялі на дыялекце – па-польску з беларускімі словамі.

У кожнай мове, якую вывучаеш, галоўнае – злавіць сістэму, то бок шкілет. А пасля таго, як ты зразумеў маўленне, калі не ведаеш, як тое ці іншае слова па-беларуску, выкарыстоўваеш словы з іншай мовы. Цябе паправяць беларусы, і ты дадасі да сістэмы лексіку. Не трэба пачынаць з граматыкі, як нас вучылі ў школе. Можна падумаць, што малое дзіця, якому 2-3 гады, ведае граматыку. Яно паўтарае словы за бацькамі, ловіць сістэму інтуітыўна, а пасля нарошчвае свой лексічны запас.

На маю думку, беларуская мова найлепш падыходзіць для рок-музыкі. Руская занадта эмацыйная, польская – манерная, чэшская – мяккая. Украінская падыходзіць для панк-року. А беларуская – самае тое для класічнага року.

Беларусы проста не ўсведамляюць, якім скарбам яны валодаюць. Гэта вашая мова.

«Як быццам рэпартаж не з беларускай вёскі, а з Новай Гвінеі!»

На жаль, у Беларусі дэкларуюцца дзве дзяржаўныя мовы. Насамрэч у прыродзе такога не бывае. Мусіць быць адзін лідэр. Двухуладдзе хутка канчаецца. Але на сённяшні дзень у вас першая мова – руская.

Мусіць быць наадварот. Я лічу, што падход дзяржавы да вырашэння гэтай праблемы крывадушны.

Насамрэч беларуская мова арыгінальная. У Еўропе нікому не цікава, ці вы будзеце размаўляць па-ангельску, ці па-расейску – гэта міжнародныя мовы. Нікога гэтым не здзівіш. Наадварот, цэніцца, калі ты валодаеш сваёй роднай мовай.

Беларуская мова на дзяржаўным тэлебачанні падаецца як нейкая экзотыка. Напрыклад, паказваюць рэпартаж з вёскі, дзе спяваюць мясцовыя бабулі. А журналіст на чысцюткай расейскай мове расказвае: «Вот наши бабушки, как красиво они поют». Такое ўражанне, што ён робіць рэпартаж з Новай Гвінеі і расказвае гледачам пра папуасаў!

«Лукашэнка гаворыць па-расейску, каб гнаць прапаганду на ўвесь свет»

Думаю, што для Лукашэнкі расейская мова патрэбная як інтэрнацыянальная. Бо як гнаць прапаганду на ўвесь свет аб сваіх дасягненнях, калі не на мове, якая ёсць міжнароднай. Можа, некаторыя думаюць: «Які ён інтэрнацыяналіст! Хоча, каб усе яго зразумелі». Аднак я няшмат ведаю літоўцаў, якія яму сімпатызуюць.

Я веру, што з часам беларусы загавораць на сваёй мове. Гэта здарыцца, калі моладзь зразумее, што размаўляць па-беларуску – гэта модна.

Нават у савецкія часы ў Літве дзейнічала непісанае правіла: калі не ведаеш літоўскай мовы – кар’ера немагчымая. Чалавек мог па партыйнай лініі дзесьці падняцца, але не больш. Калі б кар’ера кожнага жыхара краіны залежала ад валодання беларускай мовай…

Нядаўна я сутыкнулся з тэлеаператарам, спытаўся:

– Чаму ты не гаварыш па-беларуску?

– Просто непрактично, – адказаў ён.

Калі б літоўцы так думалі, літоўская мова ніколі не была б дзяржаўнай, і Літва была пад крылом Расіі. Саму палітыку трэба мяняць, а не пудрыць мазгі народу інтэрнацыяналізмам. Таму у вас дзве мовы. Гэта крывадушша з боку дзяржавы і Лукашэнкі асабіста. Яму гэты абман патрэбны, каб утрымаць уладу.

«Еўрапейцы бачаць, што Беларусь – перспектыўная дзяржава, і Лукашэнка вечна не будзе»

Неяк сустрэліся ў Вільні з мясцовымі беларусамі. Дырэктарка беларускай гімназіі імя Скарыны расказала, як яе сын уладкаваўся на працу ў фірму ў Еўропе. Яго абралі на пасаду, на якую прэтэндавала шмат канкурэнтаў, толькі таму, што ён апрача расейскай і ангельскай ведаў яшчэ і беларускую мову. Бо еўрапейцы бачаць, што Беларусь – перспектыўная дзяржава, і Лукашэнка вечна не будзе.

Вось яшчэ адзін прыклад – моладзь ЕГУ. Большасць першакурснікаў рускамоўныя, але праз пару гадоў студэнты становяцца беларускамоўнымі. А што тут робіцца такое? Іх жа палкамі не прымушаюць гаварыць па-беларуску? Але яны ведаюць, што не зробяць кар’еры ні ў Еўропе, ні на радзіме, калі не будуць ведаць беларускай мовы.

«У нас дорага каштуюць камунальныя паслугі. Але за свабоду трэба плаціць»

Аднойчы я трапіў на канцэрт «Ляпісаў» ў Вільні. У гардэробе не ўсім хапіла жэтонаў. Відаць, не разлічылі, што столькі будзе народу з Беларусі. Адзін малады беларус мне кажа: «У нас хоть и Лукашенко, но такого бардака точно нет». А мне б і ў галаву не прыйшло, у «бардаку» вінаваціць кіраўніка дзяржавы.

На мой погляд, у Беларусі існуе сацыяльна ранжыраваны феадалізм. Лукашэнка як цар. Кожны выпуск навінаў пачынаецца з яго, як ён дае адлуп сваім міністрам ці іншым чыноўнікам. На самай справе трэба стварыць такую сістэму, каб яна сама рэгулявалася, каб не трэба было яму раз’язджаць па заводах і калгасах і указваць, што і як рабіць.

…Я гляджу праграму «Белорусское времечко». У чалавека, які жыве ў шматпавярховіку пацёк дах. Ён пісаў па ўсіх інстанцыях, дайшоў да віцэ-міністра, пакуль дах адрамантавалі. У Літве ў такім выпадку дастаткова замовіць фірму, якая займаецца абслугоўваннем дамоў. А пасля на весь пад’езд дзеляцца грошы за паслугу. Нікому і ў галаву не прыйдзе напісаць чыноўніку. Мне шкада беларусаў. Яны жывуць у савецкай забюракратызаванай сістэме. Дзесьці каналізацыю прарвала, людзі ходзяць, пішуць, просяць. Так і хочацца сказаць: «Дзе ўлада народа?». Гэта ўлада бюракратаў.

У Літве дорага каштуюць камунальныя паслугі. Але за свабоду трэба плаціць. Затое літоўцы самі вырашаюць свае праблемы. А беларусы чакаюць, пакуль нейкі чыноўнік прыедзе.

На гэтую тэму ёсць анекдот. У Злучаных Штатах прэзідэнт сочыць за ўборкай ураджаю. Мантана наперадзе, Канзас адстае. Каўбой Джонсан намалаціў больш за ўсіх. За гэта ён атрымаў ад прэзідэнта ў падарунак аўтамабіль. Для літоўцаў гэта як анекдот. А беларусы ў ім жывуць.

…Да беларускай мяжы 35 кіламетраў, але літоўцы мала што ведаюць пра суседзяў, як быццам Беларусь — гэта Аўстралія. Літоўскія журналісты павярхоўна асвятляюць вашыя падзеі. Я працаваў на тэлебачані, і ведаю, што яно трымаецца на мясцовых інтрыгах. Злавілі п’янага парламентара за стырном — і гэта навіна №1. Хто ездзіць у Беларусь, возіць кантрабанду, больш ведаюць пра краіну, чым некаторыя палітыкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)