Общество

Беларуская міграцыя: між палюсоў прапаганды

Аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч апублікаваў свае падлікі наконт сапраўднага ўзроўня міграцыі беларусаў.

Міграцыйнае пытаньне актыўна абмяркоўваецца ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Як крызіс, павязаны са спробамі грамадзян трэціх краінаў патрапіць у краіны ЕС, так і з ад'ездам беларусаў за мяжу.

З аднаго боку Лукашэнка абвінавачвае суседзяў у «ідэалягічнай апрацоўцы» беларусаў, што жылі ці жывуць за мяжою. Але й не стамляецца паўтараць традыцыйнае «мы нікаво не дзержым». Зь іншага боку мяжа значнай мерай закрытая. А дзяржаўная прапаганда падкрэсьлівае мізэрную колькасьць «выехавшіх».

Зь іншага боку маем актывізацыю беларускіх групаў практычна ва ўсіх краінах Еўропы, іх колькасны рост. Ці, калі быць дакладным, часьцяком, зьяўленьне новых «эмігранцкіх» групаў поруч са старымі асяродкамі. Месцамі пачало даходзіць нават да канфліктаў на глебе жыцьцёвых прыярытэтаў.

На гэтым фоне ёсьць заявы пра аграмадную колькасьць суайчыньнікаў, што «бягуць ад рэжыму». Залежна ад разьвіцьця ўявы, гавораць пра дзясяткі ці нават сотні тысяч асобаў.

Як лічыць, каго лічыць ці фактары міграцыйных працэсаў

Адпаведна, маем два полюсы прапаганды. Застаецца адкінуць палітычную ману й паспрабаваць ацаніць рэальныя аб'ёмы міграцыйных патокаў. Узьнікае пытаньне ў метадалёгіі – як ацаніць уплыў палітычнага крызісу на міграцыйныя плыні зь Беларусі.

У якасьці падыходу можна узяць некалькі ключавых набораў дадзеных:

1.Памежная статыстыка – параўнаньне колькасьці тых хто ўехаў на тэрыторыю суседняй дзяржавы з колькасьцю тых хто выехаў.

2.Дадзеныя міграцыйных органаў – дакумэнты па колькасьці беларусаў, якія легалізавалі сваё пражываньне за мяжою. Зазвычай гэта часовы ці сталы від на жыхарства, сыстэма наданьня міжнароднай абароны (прытулак, дадатковы статус, талераванае пражываньне і інш)

3.Дадзеныя па атрыманьню грамадзянства – колькі беларусаў адмовіліся ад «беларускага пашпарту» на карысьць іншага дакумэнта ці атрымалі дадатковае грамадзянства «у дадатак» да асноўнага.

Ёсьць яшчэ дадзеныя, якія актыўна выкарыстоўваюць у палітычных дыскусіях – колькасьць віз і/ці колькасьць запрашэньняў па адмысловых урадавых праграмах. Але гэтыя дадзеныя я не лічу вартымі даверу, бо наяўнасьць візы не азначае аўтаматычны пераезд у іншую дзяржаву.

Роўна як не азначае тое, што чалавек у выпадку рэлакацыі застанецца ў дзяржаве, якая выдала візу. Прыкладам апошняга могуць служыць чаты беларусаў краінаў ЕС, дзе часта можна знайсьці паведамленьне кшталту «как по польской гуманитарной визе проехать в Германию/Францию/Швецию»

Ну і, нарэшце, патрэбен яшчэ адзін фільтр. А менавіта – параўнаньне па гадах. Прынамсі с 2019 ці 2018 году. Бо ёсьць такая рэч як працоўная міграцыя.

Практычна ўсе суседнія дзяржавы маюць праграмы стымуляваньня працоўнай міграцыі. Шукаюць й запрашаюць працаўнікоў. Пры гэтым, напрыклад, Польшча робіць усё магчымае для іх інтэграцыі й (у наступных пакаленьнях) асыміляцыі – ствараюць умовы для пераезду сем'ямі, уводзяць адмысловыя праграмы для шкаляроў ды студэнтаў. Натуральна, не для ўсіх – папярэдне польскі ўрад вызначыў 7 краінаў, чые грамадзяне патрэбныя. Беларусь у ліку гэтае «сямёркі».

Тры гады як па падобнай методзе працуе Летува, якая ўнесла кардынальныя зьмены ў міграцыйную сыстэму на мяжы 2016 -17 гадоў. І ўжо з 218 атрымала прыток кваліфікаваных працаўнікоў. Два гады таму тое самае спрабавала зрабіць Латвія.

Але старт новае палітыкі прыпаў на студзень 2020 - перад самым пачаткам пандэміі, таму пакуль не можа казаць пра пасьпяховасьць. Эстонія канцэнтруецца не на фізычным пераездзе, а не перацягваньні ў сваю юрысдыкцыю бізнэсаў. Праграма e-residence, калі ты можаш аддалена зарэгістраваць эстонскую кампанію (не будучы грамадзянінам) вельмі папулярна сярод бізнэсоўцаў Украіны, Малдовы ды Расеі.

І, нарэшце, Расея, якая мае адрозны падыход. Крамлю патрэбныя грамадзяне «славянскіх нацыянальнасьцяў» для кампэнсацыі дэмаграфічнага перакосу апошніх гадоў. Таму працуе актыўная праграма «пашпартызацыі» беларусаў ды ўкраінцаў.

Менавіта таму на фоне зьніжэньня колькасьці студэнтаў Пуцін абвяшчае пра стварэньне 65 тысячаў бюджэтных месцаў у ВНУ (у тым ліку для нашых студэнтаў). Таму Крэмль і чапляецца за гуманітарныя праграмы супрацоўніцтва ў межах саюзнай дзяржавы, разьлічаныя на моладзь.

Вяртаемся ў Беларусь. Ёсьць вялікая колькасьць суайчыньнікаў, якія й без палітычных крызісаў жылі, зараблялі за мяжой, вяртаючыся дадому хіба на сьвяты ці на адпачынак.  Штогод колькасьць замежных працаўнікоў расла. Асабліва ў кранах ЕС – там гадавое прыбаўленьне трымалася ў межах ад 20 да 34-35% залежна ад краіны.

З закрыцьцём межаў пасьля пачатку пандэміі частка працаўнікоў засталася без сродкаў заробку грошай. І, адпаведна, пасьля зьяўленьня хоць якой магчымасьці наноў паехаць на працу гатовыя яе выкарыстаць. Таму можна было чакаць «пасткавіднага адскоку» - павялічэньня колькасьці працоўных мігрантаў і без палітычнага крызісу.

Рэпрэсіі ў Беларусі натуральным чынам стымулявалі гэты працэс. Балазе, зьявілася магчымасьць хуткага афармленьня дакумантаў «па палітычнай лініі». Прасьцей кажучы, калі працоўныя візы не афармляюць, а гуманітарныя даюць – можна прынесьці ў кансулят сэлфі са сьцягам каб наноў паехаць зарабляць.

У РФ яшчэ прасьцей – навінкі заканадаўства аб грамадзянстве 2020 году (спрошчаная сыстэма для беларусаў ды ўкраінцаў) дазваляе хутка атрымаць «корачку з арлом» ды як грамадзянін Расеі паехаць да месца працы (ці жыцьця) не зважаючы на існыя кавідныя абмежаваньні на межах.

Паколькі «ў галаву да чалавека» не залезеш, то найлепшым падыходам будзе спрабаваць ацаніць розьніцу: колькасьць, якая перавышае «звычайныя» памеры зь вялікай долей верагоднасьці і ёсьць палітычная хваля міграцыі».

Пры станоўчай дынаміцы працоўнай міграцыі ў краіну такі падыход ня ёсьць карэктным, але ён усё ж дае магчымасьць ацаніць максімальную колькасьць міграцыйнай плыні, якую спрычыніла актыўная фаза палітычнага крызісу.

Аналіз па Польшчы, Літве, Украіне і Расіі глядзіце тут.

Падвядзем рысу

З гэтае колькасьці міграцыя ў суседнія «дэмакратычныя» краіны станам на лета 2021 году склала ад 8,5 да 10,5 тысяч асобаў. Калі ўлічыць што на ўсе астатнія краіны сьвету прыпадае такая ж колькасьць, то маем максімум 20,5 тысяч чалавек. У рэальнасьці аб'ёмы значна меншыя – можна казаць пра14-16 тысяч. І ўзгаданыя 18-22, якія атрымалі грамадзянства (ці легальны статус) ў РФ.

Станам на канец 2021 аб'ёмы міграцыі ў «дэмакратычныя краіны» наўрад ці перавысяць 25-30 тысяч чалавек. Прычына – паступовае зьніжэньне тэмпаў міграцыі, што натуральная для любога тыпу незавершанага крызісу. Гэта пры неспрыяльным пры неспрыяльным для беларускіх уладаў разьвіцьці падзеяў.

Пры лакалізацыі праблемаў і зьніжэньні трывогі ў грамадзтве колькасьць зьехаўшых у «дэмакратычны сьвет» застанецца меншай за 20 тысячаў асобаў (уключна зь дзецьмі).

Цяпер па групах. Журналісты, актывісты няўрадавых арганізацый сумарна складаюць не меней за тысячы асобаў. Іх сем'і (рэлакацыя – справа сямейная) калі лічыць сярэдні памер «ячэйкі грамадзтва ў 2 чалавекі) – яшчэ столькі ж. Атрымліваем да 2 тысячаў, асеўшых пераважна ў Летуве й Польшчы. Улічваючы, што «журналісцка-грамадзкая» тусоўка ў Беларусі налічвае да 10-12 тысяч асобаў, лічба ў 2 тысячы выглядае каласальнай.

ІТ адмыслоўцы. Тут маем працоўную міграцыю й часовую рэлакацыю на іншыя офісы. Масавай міграцыі пакуль што няма – пра гэта кажуць нават профільныя СМІ, такія як dev.by. Аднак да 3-5 тысячаў працаўнікоў сфэры дакладна зьехалі ці зьбіраюцца гэта зрабіць бліжэйшым часам. Дадаем сем'і (у той жа прапорцыі што й вышэй), атрымліваем 6-10 тысяч чалавек.  Паколькі колькасьць працаўнікоў сфэры таксама абмежаваная (да 90 тысяч ПВТ і яшчэ столькі ж у іншых бізнэсах), маем аналагічнае уражаньне. Не так шмат, як у выпадку з журналістамі ці грамадзкімі лідарамі, але заўважна.

Два прыклада абмежаваных групаў тлумачаць блізкія праявы ацэнкі памераў міграцыйных плыняў:

– частка з тых, хто асеў за мяжою, кажа што зьехала багата, бо у кавярнях Вільні ці Варшавы можна проста сустрэць знаёмага

– частка з тых, хто застаўся ў Беларусі кажа што зьехала вялікая колькасьць знаёмых.

Адказ у абмежаванай колькасьці «журналісцка-грамадзкай» рэзэрвацыі ці коле «Ітшнікаў». Кола тваіх патэнцыйных знаёмых і знаёмых знаёмых мае межы. І калі людзі аднаго роду дзейнасьці масава пераязджаюць, ствараецца ўражаньне, што «рванулі ўсе».

Для прадстаўнікоў групы тэза цалкам слушная і праўдзівая, бо ягоныя знаёмыя ў Варшаўскіх ці Віленскіх кавярнях. У большых маштабах гэта выяўляецца ілюзіяй.

Замест высноваў

Можна сьмела казаць, што міграцыя зь Беларусі, спрычыненая палітычным крызісам існуе. Таму гаворка пра яе адсутнасьць – сьвядомая мана. Так жа сама, як сьвядомай маною ёсьць заявы пра 100 і болей тысячаў беларусаў міграваўшых з палітычных прычынаў.

Сумарныя абсягі міграцыйных патокаў можна ацаніць максімум ў 20-21 тысячу чалавек у «дэмакратычныя краіны» і, хоць гэта гучыць «невероятно», 10-12 тысячаў беларусаў, абраўшых шлях атрыманьня расейскага пашпарту.

Але, падкрэсьлю, гэтая лічба абумоўлена як палітычнымі прычынамі, так і «адкладзеным попытам на міграцыю», які ўзьнік падчас пандэміі COVID-19.

З гэтае колькасьці прыблізна 1/3 вернецца ў краіну ў бліжэйшыя 12-18 месяцаў пры умове адсутнасьці валу рэпрэсій.

Рэшта будзе тым ці іншым спосабам легалізавацца за мяжою.

Значна больш небясьпечным для Беларусі працэсам ёсьць бізнэс-эміграцыя – перавод на замежныя юрысдыкцыі месца канцэнтрацыі прыбыткаў. У гэтай галіне ў рэгіёне ёсьць даўняя канкурэнцыя адразу між некалькімі дзяржавамі. Палітычны крызіс у Беларусі – дадатковы фактар, які ўжо актыўна выкарыстоўваюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(11)