Беларуская кантрабанда: мяжа працягвае карміць гарадзенцаў
У Беластоку выйшла кніга “Занатоўкі кантрабандыста”. Аўтар “Занатовак” Віктар Сазонаў жыве ў Горадні. 38 гісторыяў з гэтай кнігі друкаваліся ў беластоцкай газэце “Ніва”. Кніга выйграла конкурс, і яе выданьне аплаціла Міністэрства культуры Польшчы. У Беларусь “Занатоўкі” трапілі менавіта кантрабандным чынам.
Віктар Сазонаў
гаворыць, што, калі зьявілася магчымасьць, жыхары Гарадзеншчыны сталі масава
вазіць у суседнія Польшчу ды Літву тое, што там можна было выгадней прадаць —
гарэлку, цыгарэты, лемяшы ці яшчэ што-небудзь. І зразумела, што нярэдка яны
парушалі мытныя нормы ці правілы, памежны рэглямэнт. Аўтар імкнуўся з гумарам
пісаць пра памежныя пэрыпэтыі.
(Сазонаў: ) “Самая анэкдатычная
гісторыя, на маю думку, аб тым, як два кантрабандысты, якія ўвесь гандлявалі і
ўбачылі, што гэта непэрспэктыўна, узялі на простай лясной дарозе, дзе ўжо
праходзіла мяжа афіцыйна, але не існавала рэальна, і паставілі шлягбаўм, і
зьбіралі мытныя пошліны, выдавалі дэклярацыі, і гэта было папраўдзе”.
Віктар Сазонаў
зазначае: беларусам ня варта журыцца, бо за апошнія гады адбыліся ня толькі
сумныя падзеі, і трэба ўмець сьмяяцца з саміх сябе. Сёньня Сазонаў піша
жартаўлівыя гісторыі з палітычнага жыцьця, а ягоныя “Занатоўкі кантрабандыста”
будуць перакладзеныя на польскую мову.
Мяжа працягвае
карміць гарадзенцаў: нехта па-ранейшаму стараецца крадком правесьці лішні літар
гарэлкі ці сьпірытусу або пару блёкаў цыгарэтаў, карацей — колькі атрымаецца. Але
самы выгадны сёньня бізнэс — гэта паліва, дакладней салярка, якая ў Польшчы
каштуе даражэй. Гаворыць гарадзенец Андрэй, які таксама займаецца правозам
празь мяжу саляркі:
(Андрэй: ) “Раней
вазілі вельмі шмат цыгарэтаў, сьпірту, цяпер людзі ў асноўным перакінуліся на
салярку. Бо цыгарэты і сьпірт вельмі небясьпечна вазіць, увялі нашы цяпер такія
законы, што як знойдуць у машыне два або больш блёкаў, машына арыштоўваецца і
пазьней праз суд канфіскоўваецца”.
А палякі за гэта
даюць проста штраф, зазначае Андрэй. Праўда, ён прызнаецца, што напярэдадні
выбараў беларускія мытнікі раптам сталі больш лагодныя: адразу кантрабандысты
павезьлі больш цыгарэтаў, і іх стала цяжэй прадаць у Польшчы. Таксама
гарадзенцы зь недаверам паставіліся да таго, што сёлета ўлады раптам скасавалі
памежны збор — больш за сем тысяч рублёў. Гэта — толькі да выбараў, лічаць
людзі.
Самым папулярным у
Горадні сёньня стаў “Фольксваген-пасат”: ён мае бак на 105 літраў. На гэтай
колькасьці саляркі на Беласточчыне можна зарабіць 20 — 25 даляраў, гаворыць
Андрэй. Аднак канкурэнцыю гарадзенцам адразу склалі жыхары Беласточчыны. На
мяжы сёньня асобная чарга з машын з польскімі нумарамі. Яны даяжджаюць да
першай беларускай аўтазапраўкі і вяртаюцца назад з поўным бакам. Праўда, сярод
кантрабандыстаў зьявіліся чуткі, што пасьля выбараў вываз паліва зь Беларусі
абмяжуюць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное