Общество

Тамара Шаўцова

Беларуска ў эміграцыі: «У ГУБАЗіКу на мяне крычалі «паскуда» і жадалі, каб я «сгнила в тюрьме»

Драматычная гісторыя IT-дызайнеркі, якая вымушана з’ехала з краіны.

— Так здарылася, што да мяне перавучвацца трапіў выпускнік акадэміі МУС. Ён у ліпені 2020-га заступіў на працу і пратрымаўся толькі да лістапада. Быў звычайным міліцыянерам і сказаў, што не змог бачыць, як збівалі людзей. Быў суд і яго абавязалі выплаціць грошы за навучанне, — расказвае «Салiдарнасцi» IT-дызайнер Ася Рокач.

Сёлета яшчэ да верасня Ася жыла ў Мінску са сваім мужам. Напярэдадні яна сышла з Wargaming, адчыніла ІП і планавала займацца распрацоўкай дзіцячых адукацыйных гульняў і іншымі праектамі. Адзін з іх выйграў грант ПРААН.

— Я не збіралася нікуды з’язджаць. Я патрыёт, мне падабаецца мая краіна. Але 1 верасня да мяне прыйшлі. Гэта быў ГУБАЗіК. У мяне быў ператрус, яны паказалі пастанову, у якой было каля дзесяці розных артыкулаў, па якіх меня нібыта трэба было праверыць. Насамрэч маё злачынства, відавочна, было толькі ў тым, што я жыву ў Лебядзіным.

Яны забралі тэхніку, ноутбук, тэлефон і планшэт. Сказалі ехаць з імі. Я разумела, куды мяне вязуць, цёпла апраналуся, узяла тое-сёе з ежы. Мне падалося, што супрацоўнікі ГУБАЗіК вымагалі у нас хабар. Раптам яны звярнуліся да мужа: «Дай жонцы грошай на таксоўку, каб яна магла вярнуцца». А калі ўбачылі, што ён дае 100 рублёў, спыталі, ці ёсць у нас 1200. Мы не далі ім грошай. Яны пакрыўдзіліся і нагадалі, што «прыйшлі спакойна, дзверы не ламалі, спецыяльныя падраздзяленні не выклікалі», а мы, маўляў, так дрэнна да іх ставімся. Але грошай мы ўсё адно не далі, — кажа дзяўчына. 

Суразмоўца ўзгадвае, як на доўгім допыце ў ГУБАЗіКу яе спрабавалі запалохаць і нават ударыць. З яе падрабязнага аповеду можна нарэшце даведацца, што за «каштоўная» інфармацыя цікавіць сілавікоў, дзяля якой яны прымушаюць усіх даваць падпіскі аб неразгалошванні.

— Увесь час мяне апрацоўвалі псіхалагічна. Казалі, што зараз я сяду і надоўга, што мяне муж не дачакаецца. Дарэчы, мой муж — былы следчы, які звольніўся яшчэ ў 2019 годзе. Казалі, што ў мяне няма дзяцей, а калі выйду з турмы, буду старародзячай і ўжо ніколі не нараджу.

Пасля прапанавалі прызнацца у тым, што ў мяне ёсць яшчэ адзін акаўнт у Тэлеграм, і што я адміністравала нейкі чат. На гэта я адказала, што ў іх ёсць мая тэхніка і прапанавала знайсці самім усё, што ім патрэбна. 

Яны спыталі, якія у мяне ёсць падпіскі. Я адказала, што маю зносіны з калегамі. Сталі цікавіцца, пра што мы размаўляем. «Вы сур’езна хочаце даведацца, як, напрыклад, на экране рухаюцца квадрацікі?» — спытала я.

Далей было яшчэ больш цікава. Спыталі, ці ведаю я Вольгу Залатар і Мікалая Дзядка, ці даўно я размаўляю на беларускай мове. Я адказала, што вучылася ў беларускамоўнай гімназіі і для мяне гэта нармалёва. Яны пачалі здзеквацца: «А мы думалі, што толькі з мінулага года пачала размаўляць». Быццам бы ёсць нейкая розніца.

Пытанне «як я стаўлюся да санкцый» паўтаралі шмат разоў. Ці дрэнна тое, што «Беларуськалій» працуе і людзі зарабляюць грошы? Яны патрабавалі адказ адным словам — так ці не, а я казала, што сітуацыю трэба разглядаць з усіх бакоў.

Пасля яны знайшлі ў сацсетках мой зварот да Ryanair, патрабавалі растлумачыць, бо ім былі вядомыя выпадкі пасадкі самалётаў ў ЗША і ва Украіне. Я сказала, што сітуацыі былі розныя, таму і хацела даведацца з першакрыніцы, што адбываецца.

Наступнае пытанне мяне наогул рассмяшыла: чаму прадстаўнікі ICAO не сустрэліся з Пратасевічам? Я сказала, што не з’яўляюся прэс-сакратаром ICAO. Тады пытанне задалі па-іншаму: як я стаўлюся да таго, што яны не захацелі з ім сустрэцца.

Запыталі таксама, як я адношуся да смерці Шышова, і што там насамрэч атрымалася? Я прапанавала ім дачакацца вынікаў следства.

Яны вельмі злаваліся з маіх адказаў, таму што ніякай інфармацыі не атрымалі. Зноў пачалі мне паграджаць, пры гэтым паводзілі сябе вельмі груба і нахабна, казалі «Жаль, что ты девочка, а то бы мы тебя *** (збілі)».

Асабліва іх раззлавала адно маё паведамленне з прыватнай перапіскі з мужам. Гэты была рэакцыя на нейкую падзею, і я пажадала ім не самага лепшага. Яны накінуліся: «Што ты маеш супраць нас, супраць нашых дзяцей!», пачалі называць мяне «гнидой, тварью, паскудой», жадаць, каб я «сгнила в тюрьме», крычаць «если не нравится, *** с Беларуси, мы и без тебя проживем, достали вы все».

Пачалі пагражаць. Даведаліся, што ў мужа ёсць НКО, сказалі, што падвядуць яго пад «уголовку», што зараз жа выклікаюць «Алмаз» і паедуць яго затрымліваць. А жывёлін маіх абяцалі выкінуць на вуліцу.

Калі яны ўсё ж не дачакаліся, што я штосьці распавяду, адзін з іх падскочыў да мяне, схапіў за твар і з лаянкай моцна штурхануў. Я ледзь утрымалася. Пасля мяне павезлі ў РУУС, — расказвае Ася.

У бальніцы на ўсе аналізы са мной хадзілі дзве супрацоўніцы

Пасля допыту дзяўчыне давялося правесці шмат часоў у ледзяным «стакане» і перажыць усе катаванні Акрэсціна.

— Цікава, што ў РУУС пасля некалькіх гадзін у «стакане» мяне апытвала для пратаколу дзяўчына, якая толькі выйшла на работу. Яна спытала ў мяне, ці не ведаю я, што трэба пісаць. Я сказала, што таксама тут у першы раз. Калі ў выніку мне паказалі пратакол з арт. 24.23, згодна з якім я нібыта не падпарадкоўвалася, я адмовілася яго падпісваць, — расказвае Ася.

З ІЧУ на Акрэсціна яе адправілі ў бальніцу, каб пацвердзіць адсутнасць цяжарнасці. Але ўвечары доктара не было, ноч Ася правяла ў РУУС.

— Міліцыянеры, якія суправаджалі мяне ў бальніцу, ведалі майго мужа па працы. Яны ставіліся да мяне лепш, дазволілі патэлефанавць маці, потым дазволілі спаць не ў халодным «стакане», а на драўлянай лаўцы.

На наступны дзень мяне ўсё ж завезлі ў бальніцу. І гэта было вельмі зневажальна, бо на ўсе аналізы са мной хадзілі дзве дзяўчыны, якія на мяне вельмі злаваліся. Яны наўпрост лезлі ў душу, не саромеючыся, папракалі мяне тым, што я не праверылася раней, што ў мяне няма дзяцей, — узгадвае суразмоўца.  

Суд, які адбыўся на наступны дзень, яна называе фарсам, бо міліцыянер, які даваў супраць яе паказанні, блытаўся: не памятаў ні дзе затрымліваў дзяўчыну, ні тое, ці былі побач сведкі. Не ведаў, чаму відэарэгістратару няма не толькі ў яго, але і на службовай машыне, і нават на будынку РУУС. Намаганнямі адваката гэты адміністрацыйны працэс цягнуўся амаль паўтары гадзіны, але ў выніку судзя Шабуня дала Асе 15 содняў.

З камеры педыкулёзам захварэлі тры чалавека. I ўсе — на кавід

— У камеры, разлічанай на дваіх, я была дванаццатай. Дзевяць квадратных метраў. Людзі заўсёды мяняліся, але самае малое, гэта калі нас было восем чалавек. Дыхаць было значна лягчэй.

Разам са мной сядзелі журналістка, якая выйшла з кветкай з метро, дзяўчына, што прыйшла да суда над Марыяй Калеснікавай у «не той вопратцы», дзяўчына, якая проста вярнулася дадому пасля таго, як выйшла замуж за француза, і цудоўныя настаўнікі — па музыцы, рускай мове і аўтар метадычных матэрыялаў для пачатковай школы.

Спалі мы на падлозе. У пачатку верасня было вельмі халодна. Мы набіралі ў бутэлькі цёплую ваду і спрабавалі імі грэцца. Дзякуй, што ў мяне была і куртка, і кофты. Замест падушкі выкарыстоўвалі хлеб. 

Ноччу ў дзве і чатыры гадзіны нас будзілі. Былі ахоўнікі, якім дастаткова было проста крыкнуць, колькі нас. Але ж былі жанчыны, менавіта жанчыны, больш жорсткія, чым мужчыны, яны прымушалі падыходзіць і кожнай называць імя.

Перадачы нам не перадавалі, на прагулкі ці ў душ не вадзілі, кнігі чытаць не дазвалялі. Мне неяк дазволілі пранесці пачку печыва — і гэта быў самы вялікі ласунак на ўсіх. Адну пячэньку, бывала, ламалі нават на чацвярцінкі, каб хапіла ўсім.

У нашай камеры цяклі батарэя і ракавіна. Добра, што хлорку не залівалі, а проста давалі, каб мы мылі падлогу. Два разы ў дзень быў «шмон», нас выводзілі і даволі жорстка правяралі.

З намі сядзела Ала Ільінічна. Па ее словах і сведчаннях ахоўнікаў, яна была асоба вядомая, па-першае, тым, што яе зяць — маёр у Смалявічах, а па-другое, што менавіта яе падсаджвалі да Вольгі Хіжынковай. Ала Ільінічна — п’яніца і яе хваробу выкарыстоўваюць па поўнай і на Акрэсціна, і ў Баранавічах.

Нам таксама падсялялі жанчыну, якая трэслася і ўся была ў брудзе і  язвах. Мы не ведалі, што ў яе за хвароба, але разумелі, што нам з ёй жыць. Таму пачалі яе мыць, потым далі чыстыя майткі ды майку. Супрацоўнікі ЦІП былі вельмі здзіўленыя і з цікавасцю назіралі за працэсам.

З нашай камеры педыкулёзам захварэлі тры чалавекі, і ўсе мы захварэлі на кавід. Дарэчы я, дзякуючы кавіду, не адчувала тых жудасных пахаў у камеры. Але сярод нас былі вельмі хворыя людзі, у адной жанчыны быў моцны кашаль, але да яе ўсё роўна не выклікалі доктара.

З намі сядзела настаўніца, якую затрымалі разам з мужам за перапіску. Яна павінна была выйсці, але яе ў чарговы раз вярнулі і яна вельмі цяжка гэта перажывала. Казала, што між іншым убачыла мужа ў адным з пакояў, той быў ніякі, а па вопратцы поўзалі вошы.

Я таксама баялася, што мяне затрымаюць на выхадзе, але мне пашанцавала. Калі выходзіш, усе просяць перадаць штосьці родным. Але дзесьці напісаць нічога нельга, усё забіраюць. Надзея толькі на памяць. Я здолела запомніць чатыры нумары і адзін адрас. З усімі звязалася, — кажа Ася.

Загадзя яны дамовіліся з мужам на той выпадак, калі кагосьці затрымаюць. Мужчына адразу з’ехаў з краіны. Пасля да яго далучылася Ася. Зараз маладыя людзі ў небяспецы:

— Безумоўна, мы вернемся ў новую Беларусь, калі ў яе вернецца закон. Я вельмі люблю сваю краіну, ведаю, што спачатку будзе цяжка, і гатовая працаваць, не шкадуючы сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(65)