Беларусаў запрашаюць на дыктоўку да Дня роднай мовы
У Мінску — толькі дыстанцыйна, у Варшаве — на выбар.
21 лютага, у абвешчаны ЮНЕСКО Міжнародны дзень роднай мовы, будуць зладжаны як мінімум дзве беларускія дыктоўкі — у Беларусі і Польшчы. Арганізатары абвясцілі аб пачатку прыёму заявак.
У Мінску яе правядзе Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа — праўда, толькі дыстанцыйна. Дыктоўка адбудзецца з 13 да 14 гадзін у рэжыме анлайн-трансляцыі на YouTube-канале ўстановы і на платформе Zoom, а таксама ў жывым эфіры канала «Культура» Беларускага радыё. Зарэгістравацца можна да 20 лютага вось тут.
Летась, паводле звестак Акадэміі навук, анлайн дыктоўку напісалі каля тысячы чалавек з усёй Беларусі.

У гэты ж дзень, але ўвечары — у 17.30 па мясцовым часе, — правядзе сваю дыктоўку кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта сумесна з Беларускім моладзевым хабам і Беларускім домам у Варшаве.
Пра гэтую акцыю вядома крыху больш: узяць удзел у ёй можна будзе як жыўцом (але колькасць месцаў абмежаваная памерамі ўніверсітэцкай аўдыторыі), так і дыстанцыйна, на старонцы кафедры ў Facebook. Зарэгістравацца неабходна да 16 лютага.
Дарэчы, свой удзел пацвердзілі ўжо прадстаўнікі беларускіх дыяспар з Чэхіі, Вялікабрытаніі, ЗША і Канады. Чытаць тэкст дыктоўкі будзе Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное