Беларус, які падмануў свет
Яго ведаюць ва ўсім свеце. Яго карціны каштуюць мільёны долараў. Казімір Малевіч – майстар эпатажу, які прымусіў чалавецтва паверыць у тое, чаго ўвогуле не існуе. Яго знакаміты “Чорны квадрат” амаль стагоддзе не дае крытыкам спакойна спаць. Адны вішчаць ад захаплення, абвясціўшы яго новай эрай у мастацтве, другія здзекліва называюць “чорнай дзіркай унітаза”.
І тым не менш
знаходзяцца людзі, згодныя плаціць за гэтую (язык неяк не паварочваецца
вымавіць слова “карціна”)… мільён долараў. Менавіта за такую суму ў мінулым
годзе «Квадрат» быў выкуплены ў збанкрутаваўшага “Інкамбанка” расійскім
алігархам Патаніным, які затым шырокім мецэнацкім жэстам падараваў карцiну
Эрмітажу.
Калі б яна трапіла
на аўкцыён, адным мільёнам тут бы не абышлося. Паказальна, што цэны на Шышкіна
і Левітана ў дзесяткі, а то і сотні разоў ніжэйшыя. Карціны ж Малевіча ідуць
з-пад малатка, як Пікасо і Ван Гог.
Чорным па беламу
А што наcамрэч
зрабіў наш зямляк? Узяў палатно 80х80 см і густа замаляваў яго чорнай фарбай,
пакінуўшы па краях белыя палі. І ўсё. І назву даў нечаканую – “Чорны квадрат”.
Проста і з густам.
“Малюнак гэты будзе
мець вялікае значэнне. Тое, што было зроблена несвядома, зараз дае плён”, –
пісаў мастак пра адзін з эскізаў (ён яшчэ рабіў і эскізы!).
І сапраўды, пра
“Чорны квадрат” загаварылі ўсе. Гэта было нова, незвычайна, такога нахабства
адназначна ніхто яшчэ не бачыў.
Але прыпаднесці і
так ужо шакіраванай публіцы яшчэ “Чорны круг” і “Чорны крыж”?! На такое мог
пайсці толькі чалавек з сапраўды авантурнай натурай.
Калі геаметрычныя
фігуры ім былі вычарпаны, у ход пайшлі розныя колеры – “Белы квадрат”, “Чырвоны
квадрат”, “Сіні круг”. Аднак мастак і на гэтым не спыніўся: ён пачаў спалучаць
фігуры розных колераў і памераў.
Варыянтаў хапіла б
на ўсё астатняе жыццё! Тут вельмі дапамагла мастаку прафесія чарцёжніка. Ён
абазваў свой жывапіс «супрэматызмам» і стаў працаваць у гэтым кірунку.
Цікава, колькі часу
займала ў мастака стварэнне чарговага “шэдэўра”? Калі б мне раптам прыйшлося
зарабляць на жыццё падробкай карцін, я выбрала б менавіта Малевіча.
Але, як
высвятляецца, і гэтыя работы можна назваць прыкладам выключнай працаздольнасці
мастака. На адной з яго выстаў у Маскве экспазіцыю ўвогуле завяршалі пустыя
белыя падрамнікі.
Спярша мастак
сіліўся выдумляць сваім творам мудрагелістыя назвы: “Жывапісны рэалізм хлопчыка
з ранцам – Маляўнічыя масы ў чацвёртым вымярэнні”, “Жывапісны рэалізм сялянкі ў
двух вымярэннях” (так гучала першапачатковая назва “Чырвонага квадрата”).
Аднак пасля Малевіч
перастаў губляць на гэта час і падпісваў арыгінальна і вытанчана: “Сіні
трохвугольнік і чорны прамавугольнік”, “Восем чырвоных прамавугольнікаў”. І
паспрабуй тут паспрачацца.
Даходзіла да
кур’ёзаў: у адным выданні карціна называлася “Чорны квадрат, сіняя трапецыя і
чырвоны круг”, у другім — ішла як “Аўтапартрэт у трох вымярэннях”, праўда, была
перавернутая дагары нагамі. Ну нельга ж так з класікамі!
Халтуршчык стагоддзя
У цэлым карціны
Малевіча нечым нагадваюць сучасныя шпалеры. Нездарма пазней ягоны паплечнік
Лісіцкі перайшоў ад выяўленчага мастацтва да дызайнерскіх распрацовак. Дарэчы,
і сам Малевіч некалі супрацоўнічаў з трэстам парфумна-касметычных вырабаў
“Жиркость”, які выпускаў прадукцыю для савецкіх грамадзян і замежжа з экспартна-прапагандысцкімі
мэтамі. Сцвярджаюць, што менавіта ён афармляў адэкалон “Север”, які выпускаецца
да нашага часу.
“Падазраюць” мастака
і ў афармленні зубнога парашку “Піянер” з выявай бойскаўта на скрынцы – вельмі
ўжо яна падобная на яго карціну “Змычка”. Тады мастак не ўпускаў любога шанцу
падхалтурыць. Мільёны долараў яго карціны сталі каштаваць ўжо пасля смерці, а грошы,
як вядома, патрэбны пры жыцці.
Часам з яго палотнаў праступала нават нешта зразумелае звычайнаму чалавечаму воку – сяляне ў полі з аваламі замест твараў, фігура рабочага, сабраная нібыта з мазаікі, купальшчыкі.
Праўда, гледзячы на апошніх, здаецца, што мастак адчувае нянавісць да ўсіх купальшчыкаў у свеце. А ад яго жанчын хочацца бегчы на край зямлі.
Тым не менш Малевіч
усё ж такі грашыў рэалістычнымі выявамі. Так, напрыклад, ён адлюстраваў сябе,
любімага. Пашанцавала тут і яго жонцы – яна б ужо не даравала, калі б ён
намаляваў яе з дапамогай трохвугольнікаў і кляксаў.
Малевіч удзельнічаў
у выставах з эпатажнымі назвамі: “Званковы валет”, “Асліны хвост”, “Футурызм
0,10”. На выставе “Трамвай В” супраць нумароў 21-25, якія заканчвалі спіс яго
работ, у каталогу было пазначана: “Змест карцін аўтару невядомы”. Геніяльна!
Нават не трэба ламаць галаву, спрабуючы зразумець, што ж ты насамрэч там такое
намаляваў.
Была ў яго вялікая
карціна, якая ўся складалася з рознакаляровых гарызантальных палос. Сказалі: “Нешта
ў вас не адлюстраваны гераізм грамадзянскай вайны”. Лягчэй няма куды! На адной
з гарызантальных палос гэтай карціны адным махам намаляваў чырвоную хвалістую
лінію. Атрымлівайце – “Конніца Будзённага на маршы”. І ўсе зноў у захапленні.
Нават са сваёй смерці
мастак здолеў зрабіць шоу. На адкрытай платформе грузавіка з чорным квадратам
на капоце была размешчана супрэматычная труна, зробленая па ўласным эскізе
Малевіча. І помнік паставiлi адпаведны – куб з чорным квадратам.
Міфы пра Малевіча
Першым ствараў
небыліцы пра сябе сам Казімір Малевіч.
Малевіч скончыў Маскоўскае вучылішча
скульптуры і жывапісу.
Ён тройчы (у 1905,
1906 і 1907 гадах) паступаў у гэтую навучальную ўстанову і тройчы правальваўся
на экзаменах. Як лічаць даследчыкі, з прычыны недастатковай падрыхтоўкі ў
галіне акадэмічнага малюнка. Яму дазволілі наведваць лекцыі на правах
вольнаслухача.
“Чорны квадрат” – адзінкавы ў свеце.
Карціна існуе ў
чатырох варыянтах. Два з іх знаходзяцца ў Траццякоўцы, яшчэ адзін – у Рускім
музеі. Чацвёрты быў набыты ў сваякоў мастака “Інкамбанкам”, затым выкуплены ў
яго і перададзены Эрмітажу. Не такі быў чалавек Казімір Малевіч, каб пакідаць
свой шэдэўр у адзінкавым варыянце.
Пад чорнай фарбай “Квадрата” мастак схаваў
іншую выяву.
Гэтыя чуткі ўзніклі
пасля шматлікіх дарэмных спроб знайсцi ў карціне глыбакадумны сэнс. Насамрэч
Малевіч хацеў намаляваць чорны квадрат і намаляваў яго.
Даведка
Казімір Севярынавіч
Малевіч – мастак, заснавальнік супрэматызму. Нарадзіўся 23 лютага 1878 г. у
Кіеве, у сям’і беларускага этнографа і фалькларыста Севярына Малевіча. Вучыўся
ў Кіеўскай мастацкай школе, у студыі Фёдара Рорберга ў Маскве, на правах
вольнаслухача наведваў лекцыі ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу і скульптуры. У
1919-1922 гг. выкладаў у Народнай мастацкай школе “новага рэвалюцыйнага ўзору”
ў Віцебску, адзін са стваральнікаў арганізацыі “Сцвяр-джальнікі новага
мастацтва”. У 1923-1927 гг. дырэктар Ленінградскага інстытута мастацкай
культуры. Аўтар кніг “Ад кубізму і футурызму да супрэматызму”, “Супрэматызм”,
“Бог не скінуты: Мастацтва, царква, фабрыка”. Памёр 15.05.1935 года.
Читайте еще
Избранное