Общество

БАЖ звярнулася ў МУС, Мінздароўя, ДВП з просьбаю шпіталізаваць Андрэя Пачобута

«Звяртаем увагу на абсалютную неадпаведнасць самым мінімальным медыцынскім і прававым патрабаванням умоў утрымання ў следчых ізалятарах асоб, віна якіх нават не ўстаноўлена судом».

Зварот з просьбаю шпіталізаваць палітвязня, які ў турме захварэў на Covid-19, а да таго ж мае праблемы з сэрцам, накіраваны БАЖ ў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя, Дэпартамент выканання пакаранняў і яго структурныя падраздзяленні — Упраўленне па Мінску і Мінскай вобласці, у Турму № 8 у Жодзіна, дзе і ўтрымліваецца журналіст.

«Беларускай асацыяцыi журналістаў стала вядома аб тым, што сябра нашай арганізацыі журналіст Пачобут Андрэй Станіслававіч, які знаходзіцца пад вартай у ПУ «Турма № 8», не атрымлівае вельмі неабходнай яму медыцынскай дапамогі. Сродкі масавай інфармацыі і родныя Андрэя паведамляюць, што ён захварэў Covid-19, але працягвае знаходзіцца ў перапоўненай камеры з дванаццаццю іншымі падследнымі.

Андрэй Пачобут мае захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы. Захворванне коронавірусам у тых умовах, у якіх ён знаходзіцца (у тым ліку абмежаванні сядзець або ляжаць у камеры на працягу дня), ставіць пад пагрозу захаванне здароўя і нават жыццё Андрэя. Акрамя таго, пад рызыкай заражэння аказваюцца ўсе людзі, якія знаходзяцца ў адной з ім камеры, супрацоўнікі папраўчай установы.

Просім неадкладна шпіталізаваць Андрэя Пачобута і забяспечыць яму неабходную медыцынскую дапамогу. Звяртаем увагу на абсалютную неадпаведнасць самым мінімальным медыцынскім і прававым патрабаванням умоў утрымання ў следчых ізалятарах асоб, віна якіх нават не ўстаноўлена судом. Гэта яшчэ больш недапушчальна ў перыяд пандэміі, паколькі падрываецца здароўе людзей, ставіцца пад пагрозу іх жыццё».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(24)