БАЖ патрабуе адмяніць вынесенае журналісту недзяржаўнай газеты папярэджанне

БАЖ патрабуе адмяніць папярэджанне, вынесенае 9 студзеня намесніку галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты “Ганцавіцкі час” Пятру Гузаеўскаму за артыкул “Выбары ў раённы Савет будуць без выбару” пракуратурай Ганцавіцкага раёна. Паколькі яно “неабгрунтаванае і не адпавядае патрабаванням заканадаўства”, — як паведамляецца у лісце, накіраваным 5 лютага ад імя Праўлення БАЖ ў пракуратуру Ганцавіцкага раёна і пракурору Брэсцкай вобласці.

У артыкуле, які быў апублікаваны ў нумары “Ганцавіцкага часу” ад 8 снежня і стаў нагодай для папярэджання, П. Гузалеўскі распавядае, як складана, а часам немагчыма было атрымаць ад адказных асоб — у тым ліку старшыні раённай выбарчай камісіі — інфармацыю пра ход выбарчай кампаніі і, у прыватнасці, кандыдатаў у дэпутаты. Аўтар звяртае ўвагу, што гэта парушэнне выбарчага заканадаўства, і адзначае асаблівасць выбараў у раёне — “на кожную акругу прэтэндуе па аднаму чалавеку”.

Аднак супрацоўнік мясцовай пракуратуры Сяргей Замара ўбачыў парушэнне закона ў змесце артыкула Гузаеўскага. Як указваецца ў папярэджанні за яго подпісам “у тэндэнцыйным стылі апублікавана не сапраўдная і не правераная інфармацыя адносна галоснасці ходу выбараў… Указваецца аб наяўнасці чутак па дадзеных пытаннях, аднак не прыводзіцца ніякіх сапраўдных і аб’ектыўных даных, якія указваюць на парушэнне выбарчых правоў грамадзян”. Пракурор Замара палічыў таксама неабходным прывесці ў папярэджанні цалкам змест артыкула 40 “Закона аб друку і іншых СМІ”.

“Супастаўленне тэксту артыкула і зместу афіцыйнага папярэджання выклікае пачуццё неўразумення, — паведамляецца пазіцыя БАЖ у лісце, накіраваным С.Замара. — Тэкст напісаны ў інфармацыйным ключы, сэнс яго назвы раскрываецца тут жа… , ніякіх чутак… не прыводзіцца, а апісваюцца няўдалыя спробы журналіста атрымаць інфармацыю”.

Пры гэтым у папярэджанні не указана, у чым канкрэтна выразілася парушэнне, і якая менавіта інфармацыя з’яўляецца несапраўднай і неправеранай, — падкрэсліваецца ў патрабаванні БАЖу.

Указанне ў папярэджанні на магчымасць прыпынення дзейнасці газеты “Ганцавіцкі час” супярэчыць беларускаму заканадаўству, — лічыць Праўленне ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. — у прыватнасці, нормам артыкула 3 Закона аб друку, які гарантуе грамадзянам свабоду друку і замацоўвае іх права свабодна выказвацца праз СМІ.

Інфармацыя, выкладзеная ў артыкуле “Выбары ў раённы Савет будуць без выбару”, сведчыць аб парушэнні артыкула 13 Выбарчага кодэксу, што, аднак, засталося без вашай увагі, — зазначае БАЖ.

Журналіст Пётр Гузаеўскі таксама накіраваў скаргу пракурору Брэсцкай вобласці на вынесенае яму папярэджанне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)