Политика

Байдэн і Пуцін: пра што яны не дамовяцца

На гэтае ды іншыя пытанні Радыё Свабода адказвае навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру Барыса Нямцова ў Празе, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.

Сустрэча Байдэна з Пуціным — гэта апошняя кропка ў паездцы прэзыдэнта ЗША ў Эўропу. Гэта не азнаямляльная паездка, гэта вялікі крок у стратэгіі аднаўленьня атлянтычнай еднасьці.

Байдэн выпрацаваў салідарную пазыцыю з максымальна шырокім колам лідэраў дзяржаваў. Ён выкладзе Пуціну пазыцыю, якая сфармуляваная ў камюніке па выніках саміту NATO.

У 2008 годзе была ўпершыню агучаная пэрспэктыва далучэньня Украіны і Грузіі да Паўночна-атлянтычнага альянсу. У прыгаданым камюніке падзеі ва Ўкраіне ў 2014 годзе кваліфікуюцца як расейская агрэсія.

Пасьля 2014 году назапасіліся фактары, якія разбурылі дыялёг паміж Масквой і Захадам. Адбылося шмат крокаў Расеі, якія нельга інтэрпрэтаваць інакш, чым цынічныя, недружалюбныя дзеяньні.

Значная частка эўрапейскага істэблішмэнту ўспрымала адпаведныя крокі як асобныя інцыдэнты, эксцэсы выканаўцаў, вынік цяжкасьцяў дэмакратычнага шляху.

Да 2021 году гэта прывяло да пунктаў учорашняга рашэньня NATO. Альянс ня будзе лічыцца з пазыцыяй РФ па супрацьракетнай абароне ў Эўропе.

NATO падтрымала Чэхію ў яе канфлікце з Расеяй наконт дывэрсіі на вайсковых складах у 2014 годзе. Альянс вырашыў, што цяпер гібрыдныя дзеяньні будуць разглядацца, як агрэсія, а альянс будзе адказваць на іх, як на агрэсію.

Грузія і Украіна атрымаюць пляны ўступленьня ў NATO. У Крамлі гэтыя фармулёўкі будуць прачытаныя, як вельмі жорсткія.

Чакаецца дамоўленасьць з удзелам начальніка генштабу ўзброеных сілаў РФ Валерыя Герасімава наконт лініі сувязі паміж Белым домам і Крамлём і паміж вайскоўцамі дзьвюх дзяржаваў. Гэта на выпадак узьнікненьня выпадковага вайсковага канфлікту, які неабходна спыніць імгненна.

Магчымы таксама абмен расейскага збройнага барона Віктара Бута, які сядзіць у амэрыканскай турме, на амэрыканскага афіцэра, які сядзіць у расейскай турме па абвінавачваньні ў шпіянажы. Аналёгіі цяперашняга часу з часамі «халоднай вайны» недарэчныя.

Тады да моманту перамоваў аб абмежаваньні ўзбраеньняў быў пэрыяд 30-гадовай канфрантацыі, якія рабілася ўсё вастрэй. І пры гэтым быў дасягнуты вайсковы парытэт. Зараз нічога гэтага няма

Зараз у Расеі няма саюзьнікаў, Расея — небясьпечная, але самотная краіна. Але яна не ўяўляе такой пагрозы, як СССР.

Мэта Байдэна — цьвёрда сказаць, што Крэмль у сябе ў Расеі можа рабіць, што хоча, але зьнешнія цынічныя дзеяньні былі спыненыя. Але Пуцін не гатовы здаваць назад, ён абярэ канфрантацыю.

Што будзе, калі Крэмль пойдзе на крок, яшчэ больш рызыкоўны, чым тое, што ён зрабіў ва Ўкраіне ў 2014 годзе? Зараз мы ня можам адказаць на гэтае пытаньне.

Грузія ў 2008 годзе паказала, калі няправільна зразумець абяцаньні, то вынік можа быць вельмі кепскім.

У Зяленскага зараз добрая сытуацыя, ён добра прасунуўся на дыпляматычным полі. Але калі ў яго сарвецца рука, як у Саакашвілі ў 2008 годзе, усе яго посьпехі будуць перакрэсьленыя.

Росквіт крамлёўскай палітыкі экспансіі, прасоўваньня «рускага сьвету», ужо ў мінулым. Хаця Беларусь можа стаць апошняй ахвярай гэтай палітыкі.

Ці будзе Захад ваяваць? Будзе. З улікам цяперашніх адносінаў Масквы і Вашынгтона ўявіць сабе іх угоду наконт Беларусі немагчыма, нават яе абмеркаваньне.

Калі Байдэн узьніме беларускае пытаньне, загаворыць пра яго палітычнае вырашэньне, Пуцін адкажа : Ня вам нам расказваць, як нам вырашаць праблемы Беларусі.

Пазыцыя Крамля ўжо сфармаваная: ён не прымае ніякіх заходніх парадаў і прапановаў ня толькі наконт унутранай расейскай палітыкі, але і наконт памежных зь ёй краінаў.

Адказам будзе, як некалі сказаў Лаўроў — а давайце мы вам дадзім параду, як вам вырашыць праблему Вэнэсуэлы. Але хутчэй за ўсё ня будзе і гэтага. Існы ўзровень узаемнага даверу выключае якую б то ні было амэрыканска-расейскую ўгоду наконт Беларусі.

Лукашэнка давярае тым дадзеным, якія яму прыносяць, паводле якіх яго хочуць скінуць усе — беларускі народ, ЗША, Эўразьвяз, Польшча, Расея.

Што было раней і што будзе далей

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн узяў удзел у саміце NATO.

На саміце былі сфармуляваныя ўмовы прыёму ў альянс Грузіі і Ўкраіны.

Альянс прыняў рашэньне супрацьдзейнічаць ня толькі прамым вайсковым, але і гібрыдным пагрозам.

16 чэрвеня ў Жэнэве адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна.