Политика

Бабарыка, Латушка, Дзмітрыеў і Васкрасенскі збіраліся стварыць партыі. Што з імі цяпер?

Пра намеры стварыць свае партыі заяўлялі розныя беларускія палітыкі. Наша Ніва даведалася, што з гэтымі планамі цяпер. Колькі заявак удалося сабраць, ці падаліся на рэгістрацыю і наогул ці час для такой дзейнасці?

Штаб Бабарыкі: сабралі сем тысяч заявак

Штаб Віктара Бабырыкі казаў пра стварэнне сваёй партыі яшчэ летам мінулага года. Гэтай вясной яны пачалі збор заявак. Цяпер пададзена каля сямі тысяч. З іх 2,5 тысячы — людзі, гатовыя актыўна ўключацца ў працу. Партыя шукае рэгіянальных лідараў.

Палова патэнцыйных членаў партыі — з Мінска. З рэгіёнаў найбольш заявак прыйшло з Віцебшчыны. Дзве траціны — беларусы ад 20 да 45 год. Калі глядзець па прафесіях, то 20% працуюць у сферы ІТ, 16% — у гандлі, 14% — на вытворчасці, 11% — у будаўніцтве.

«Нашым планам было сустрэцца на вялікім з’ездзе ў канцы мая. Аднак праз зразумелыя прычыны гэтага не ўдалося зрабіць, — кажа прэс-сакратар штаба Глеб Герман. — Рэпрэсіі сталі неверагодна высокімі, і нават невялікія сустрэчы, на 15-20 чалавек, не маглі адбыцца.

Спачатку праз тое, што мы не паведамілі ўлады, а калі паведамілі і атрымалі згоду, пачалося крушэнне камунікацый, кавідныя абмежаванні… І мы зразумелі, што сустрэча ў горадзе з актывам небяспечная.

Нават калі яна адбудзецца, мы ўсе ведаем, якімі метадамі дзейнічае ўлада — усемагчымыя эпідэмслужбы для тых, хто дасць пляцоўку, пераслед іншых людзей. У цяперашняй сітуацыі мы проста не можам дазволіць сабе гэтую рызыку для патэнцыйных членаў нашай структуры.

Таму, апроч як анлайн, мы не можам працягваць дзейнічаць. У рамках групы ладзім дэбаты, праводзім адукацыйны блок. Лета 2020 года паказала, што людзі вельмі цікавяцца палітыкай — у іх ёсць жаданне не толькі збіраць подпісы і быць назіральнікамі на ўчастках, але і самім удзельнічаць.

Мы акумулюем увесь рэсурс у пераходны перыяд, каб у момант, калі сапраўды можна будзе ўключыцца бяспечна ў палітычнае поле, быць гатовымі. Можа быць, на наступных выбарах».

На рэгістрацыю партыя яшчэ не падавалася.

– Не ўсе гатовы публічыцца. Па законе для рэгістрацыі мы павінны падаць звесткі тысячы людзей, якія ўступілі. Але пакуль мы не гатовы гэта рабіць. Гэта пытанне бяспекі — мы ўжо бачылі пераслед людзей за тое, што яны паставілі подпіс за Віктара Дзмітрыевіча, — кажа Глеб Герман.

Па новым заканадаўстве, верагодна, ствараць партыю змогуць толькі грамадзяне, што жывуць у Беларусі. Ці не стане гэта праблемай для штабу, касцяк якога зараз за мяжой?

«Гэта пытанне не пужае. Увесь час штаб быў гарызантальнай сістэмай, і самае галоўнае для нас — актыў. Наогул партыя — такая структура, што людзі, якія засноўвалі яе, з часам становяцца на другія ролі, бо з рэгіёнаў з’яўляецца шмат харызматычных асоб.

Таму тут не важна, хто засноўвае партыю, важна, якіх каштоўнасцяў яна прытрымліваецца. Упэўнены, што сярод нашага актыву ў Беларусі людзі, гатовыя стаць заснавальнікамі, будуць і праблемы не стане».

Павел Латушка: у сённяшніх рэаліях свабодныя партыі — гэта самападман

Кіраўнік НАУ Павел Латушка пра стварэнне партыі заяўляў у красавіку. Гэта ідэя дагэтуль актуальная — як праект бліжэйшай будучыні.

«Увесь еўрапейскі і сусветны досвед паказаў, што партыі — вельмі важны інструмент развіцця для дзяржавы. Таму я выступаю за парламенцка-прэзідэнцкую рэспубліку, калі будуць ажыццяўляцца выбары дрэпутатаў перад усім па партыйных спісах. І гэта прадугледжвае, што ўрад фарміруе партыя або кааліцыя, якая перамагае на выбарах. А прэзідэнт мае толькі прадстаўнічыя функцыі.

Калі мы прапанавалі гэты праект і пачалі працу над ім, мы зыходзілі з той сітуацыі, якая існавала на той момант. Яна, канечне, была складаная, але за апошнія месяцы пагоршылася яшчэ больш з пункту гледжання дзейнасці грамадскіх арганізацый, палітычных партый.

Тады размова ішла пра тэарытычную магчымасць прыняцця новай Канстытуцыі, якая прадуглежвала б якраз фарміраванне парламента ў тым ліку і прадстаўнікамі палітычных партый, якія перамагаюць на выбарах.

Але гэта ідэалістычны сцэнар, і мы наўрад ці можам сабе ўявіць, што дыктатар ва ўладзе будзе гатовы яго рэалізаваць. Таму партыя перад усім задумвалася як праект на будучыню.

На сёння ён захоўвае сваю актуальнасць, бо я як палітык перакананы, што змены адбудуцца, нягледзячы на ўсю складаную сітуацыю ў Беларусі, калі людзі бачаць маштаб рэпрэсій, калі караюць толькі за выхад на вуліцу і кожны крытычны голас у адносінах улады. Але я веру ў будучыню, у якой палітычныя партыі будуць запатрабаваныя.

Мы пачалі распрацоўку стратэгіі, праграмных дакументаў. Гэта праца трохі запаволілася, што звязана, хутчэй, з недахопам чалавечых рэсурсаў, калі мы абсалютна большую частку нашага часу кіруем на тое, каб ціснуць на рэжым, дабівацца змены палітычнай сітуацыі ў Беларусі», — кажа палітык.

Магчымыя змены ў заканадаўстве ад партыях Павел Латушка ацэньвае цвяроза.

«Зразумела, гэта будзе перашкодай. У сённяшніх рэаліях, калі адбываецца працэс закрыцця 275 пазаўрадавых арганізацый, калі зачынены ўсе праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі, казаць пра тое, што магчыма свабоднае функцыянаванне палітычных партый, абсалютна нерэальна — гэта самападман. І ўсе гэтыя змены скіраваны якраз на тое, каб стварыць яшчэ горшую сітуацыю для дзейнасці палітычных партый, каб не яны самакіраваліся, а імі можна было кіраваць.

І гэта не праект будучыні — гэта праект мінулага, заняпаду, канцэнтрацыйнага лагеру. Ці патрэбны канцэнтрацыйнаму лагеру партыі? Думаю, кожны адкажа на гэта пытанне «не», бо там ёсць толькі калючы дрот вакол тэрыторыі і распарадак дня ад ахоўнікаў.

Канечне, для нас важна напрацоўваць базу актывістаў. І тут наша праца з рэгіёнамі не перапыняецца. Але мы разумеем і рызыку для усіх тых, хто ўзаемадзейнічае па гэтых пытаннях з намі».

Тры партыі пад крылом Васкрасенскага: хочуць перацягнуць цапкалаўцаў і пазнякоўцаў

Некалькі партый анансавалі паплечнікі Васкрасенскага. Адна з іх — «Дэмакратычны саюз», якую ўзначаліў Андрэй Ланкін, былы кіраўнік штаба Валерыя Цапкалы. «Правацэнтрысцкая партыя нацыянальных-інтарэсаў» — так апісваюць яе.

– Цяпер ідзе працэс збору анкет, нефармальныя паездкі па рёгіёнах і чаканне паправак у заканадаўства аб палітычных партыях, каб падавацца на рэгістрацыю.

Наколькі мне вядома, пададзена каля 550 анкет на ўступленне ў партыю, што пакуль недастаткова для мінімальнай колькасці, пазначанай у законе. А каля квота павялічыцца з тысячы да трох, як плануюць зрабіць, то, канечне, працэс прэзентацыі партыі зацягнецца, — кажа Юрый Васкрасенскі.

Змены ў закон аб партыях будуць разглядаць на гэтай парламенцкай сесіі. Будучых партыйцаў набіраюць па былых спісах ініцыятыўных груп штабоў.

– У Магілёве ў нас аснову філіяла складаюць былыя актывісты штабу Ціханоўскай на чале з Сяргеем Тышкаўцом, — дадае Васкрасенскі.

Хто яшчэ ў аргкамітэце партыі? Напрыклад, студэнт юрфака БДУ Павел Гадзеюк, кіраўнік ІТ-кампаніі Аляксандр Казачок, былы памежнік і падпалкоўнік запасу Аляксандр Дзяшко.

Другая партыя — «Новыя людзі» пад кіраўніцтвам бізнэсмена Васіля Галькіна. Сюды хацелі перацягнуць былых бабарыкінцаў — сам Галькін збіраў подпісы за колішняга банкіра.

Напачатку партыю хацелі назваць «Мы разам», нават быў зарэгістраваны сайт myvmeste.by. Але потым вырашылі не капіраваць штаб Бабарыкі і перайменаваліся.

Пакуль партыя сабрала толькі 150 анкет на ўступленне.

Трэцюю партыю хочуць зрабіць нацыянал-патрыятычнай.

«Спрабуем весці працу з гэтымі коламі, напрыклад, з Сяргеем Высоцкім і яго атачэннем, які браў удзел у адным з нашых круглых сталоў. Пакуль перамовы працягваюцца, — кажа Васкрасенскі. —

Хочам, каб на нашай базе стварылася нацыянал-патрыятычная партыя з беларускамоўнымі актывістамі, які падзяляюць перакананні, напрыклад, Зенона Станіслававіча, які заўсёды змагаўся супраць рэжыму, але ніколі не змагаўся супраць сваёй краіны і цяпер усіх папярэджвае, да чаго прывядуць санкцыі.

Калі саспеюць нацыянальна-патрыятычныя актывісты да стварэння сваёй легальнай арганізацыі ў рамках новай палітычнай рэальнасці, мы дадзім ім усё для гэтага — ад юрыдычнага адрасу, месца збору і да метадычных дапаможнікаў. Альтэрнатывы няма — або будуць такія партыі, або ніякіх».

Самога Пазняка ў партыю не клікалі.

Андрэй Дзмітрыеў: большасць заявак у партыю — з усходу Беларусі

Пра планы стварыць партыю кіраўнік «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў заявіў напачатку года. Назва простая — «Наша партыя». Што з ёй цяпер?

«Мы ўлетку правялі анлайн-з’езд, дзе стварылі аргкамітэт. Ён збіраецца штотыдня, і мы абмяркоўваем задачы, звязаныя з напісаннем праграмы, развіццём нашай структуры. Не магу сказаць, што гэта ўсё ў спрыяльных умовах робіцца, але людзі, якія далучыліся ў свой час да аргкамітэту, не адступаюць і ўпэўнены, што крок будаўніцтва партыі правільны.

Аргкамітэт — гэта звычайныя людзі, якія вырашылі заняцца палітыкай, бо зразумелі, што, калі будуць стаяць убаку, краіна ніколі не стане той, якой яны б хацелі. Яны не хочуць з’язджаць з Беларусі. Зараз аб’ядноўваемся ў валанцёрскія сеткі па рёгіёнах, думаем пра сацыяльныя інфармацыйныя кампаніі», — расказвае Андрэй Дзмітрыеў.

У «Нашу партыю» запісалася больш за тысячу чалавек. Большасць — з усходніх абласцей: Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай.

– Але мы разумеем, што як толькі людзі адчуваюць, што ёсць рэальная магчымасць на перамены (мы гэта бычылі ў 2020 годзе), то гэтыя лічбы павялічваюцца ў разы, — мяркуе палітык.

Па яго назіраннях, людзі і цяпер гатовы да актыўнасцяў.

«Я выразна бачу, што ў тых, хто ўцягнуты хоць у якую дзейнасць, агульны настрой значна лепшы, чым у тых, хто проста скроліць штодня навіны і чакае нейкага цуду, які павінен усё выправіць.

Канечне, сітуацыя змянілася. Раней людзі больш гатовыя былі публічна выказвацца. Мы разумеем, што сёння рызыкі могуць прыйсці незразумела адкуль і за што.

Я скажу так: людзей, гатовых займацца палітыкай, паменела за гэты год — гэта звязана і са страхам, і з тым, што многія з’язджаюць. Але калі мы будзем параўноўваць палітызаванасць грамадства сённяшнюю і 2019 года — цяпер яна ўсё роўна ў значнай ступені большая».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(3)