Общество

«Атрымала заробак і жахнулася — 6,66 рубля за месяц»

Які асартымент у турэмных крамах, што з падпіскай на газеты, куды ставяць працаваць, колькі званкоў дазваляюць на месяц… Сваякі палітвязняў, якіх этапавалі ў калоніі агульнага рэжыму, распавялі Нашай Нiве пра ўмовы ва ўстановах і навіны ад блізкіх.

«З апошняй размовы па тэлефоне прайшло ўжо больш за два тыдні»

У гомельскай калоніі №4 цяпер знаходзіцца грамадзянка Беларусі і Швейцарыі Наталля Хершэ, якой прысудзілі 2,5 года за сарваную з амапаўца балаклаву (артыкул 363 — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў).

«У маі ў нас мусіла быць двухдзённае спатканне, але ў апошні момант адмовілі ў ім. Афіцыйная прычына — вялікая чарга. Я мяркую, што на Наташу аказваюць псіхалагічны ціск. З нашай апошняй размовы па тэлефоне прайшло ўжо больш за два тыдні — звычайна ад яе званок кожны тыдзень», — расказвае брат Генадзь.

20 мая на спатканне з Хершэ пусцілі пасла Швейцарыі.

Брат перадаваў Наталлі рэчавую пасылку (спартовыя штаны, абутак, дажджавік, пральны парашок) і прадуктовую — на 20 кілаграмаў. Яна пасля казала, што нават не ведае, што рабіць з такой колькасцю ежы.

З перасылкай лекаў парадак такі: спачатку доктар у калоніі павінен выпісаць рэцэпт, пасля сястра мусіць яго аддаць сваякам, і толькі потым можна адправіць медыцынскую бандэроль, тлумачыць Генадзь.

Кожны дзень ў атрадзе праводзяць гадзіну ідэалагічнай прапаганды.

«Газет «Новы час» і «Рэгіянальная газета», падпіска на якія ўжо была аплачана, Наташу пазбавілі. Афіцыйны адказ: індывідуальная падпіска арганізуецца адміністрацыяй установы, падпіска іншымі асобамі, у тым ліку блізкімі сваякамі, заканадаўствам не прадугледжана. Сказалі атраду падпісацца перш за ўсё на «Працоўны шлях». Адвакат будзе складаць скаргу, лічым, што правы ў гэтай частцы парушаны», — звяртае ўвагу Генадзь на складанасці.

Наталля працуе ў швейным цэху, занятая на пашыве грамадзянскага адзення, мяшкоў. Асабісты рэкорд — 25 мешкоў за змену. Тыдзень працуе ў першую змену, тыдзень у другую.

«Там ацанілі яе здольнасці, яна ў дзяцінстве захаплялася шыццём адзення для лялек», — дадае брат.

«Днямі атрымала заробак і жахнулася. Гэта лічба звера, адныя шасцёркі. 6,66 рубля. Я не настолькі прымхлівая, але факт цікавы», — пісала Наталля ў лісце.

Хершэ распавядала, што яе часта нагружаюць заданнямі, таму у вольны час даводзіцца абіраць — або памыцца, або паесці.

«Да адбою заставалася 30 хвілін, я павінна была правесці прыборку ваннага пакою — 8 умывальнікаў, 7 унітазаў плюс бідэ, памыць падлогу і сцены, вынесці смецце. Праз пяць хвілін прыйшлі з праверкай і сказалі, што яшчэ праз пяць хвілін я павінна закончыць. А дрэнна выкананае дзяжурства цягне за сабой пакаранне», — цытуе ліст Генадзь. — Наташа пісала, што адзін з супрацоўнікаў ім так і казаў: калі на асуджанага няма ніводнага рапарта, гэта кажа пра дрэнную працу рэжымнага супрацоўніка. У дадатак да агульных праверак у яе яшчэ дзве дадатковыя — у 10 і 20 гадзін. Яна піша:

«Проста немагчыма жыць у памяшканні, дзе шмат людзей, і ніколі не парушыць правілы ўнутранага распарадку. Правілы ўнутранага распарадку — спосаб заўсёды мець магчымасць пакараць, калі гэта будзе неабходна».

У Хершэ было два адвакаты. Аднага з іх — Ірыну Бярцук — днямі пазбавілі ліцэнзіі.

За кратамі Наталля стараецца клапаціцца пра сваё псіхічнае здароўе і іранізаваць над абставінамі.

«Хоць яе звыклы вобраз жыцця вельмі адрозніваецца ад гэтага. Тыя акалічнасці, якія яна сустрэла, яе шакуюць», — кажа Генадзь.

«Крама ў калоніі лепш, чым у СІЗА»

Аляксандру Французаву 27 год, ён дальнабойшчык са Жлобіна. Яму далі 4 гады калоніі — вінавацілі ў наездзе на намесніка начальніка Жлобінскага РАУС (артыкул 364 — гвалт ці пагроза яго прымянення ў дачыненні да міліцыі). У ноч на 11 жніўня, калі міліцыянт спыніў машыну Аляксандра, той спалохаўся і даў задні ход. А калі набраў хуткасць, супрацоўнік павіс і ўпаў.

У сакавіку Аляксандра этапавалі ў Бабруйскую папраўчую калонію №2.

«Ён амаль 8 месяцаў правёў у камеры СІЗА, а тут радаваўся як дзіця, што птушкі спяваюць, што па вуліцы можа хадзіць, — распавядае маці Таццяна (яна ж адвакат Аляксандра). — Пасля каранціна яго перавялі ў атрад. Падпісалі дазвол на кароткае спатканне на чатыры гадзіны.

На спатканне я прывезла перадачу. Але не ўсё прынялі. Напрыклад, прасціну і навалкі, пратэін на кактэйлі не ўзялі.

Як выглядае сын? Я з першага дня ў лістах яго вучыла: выглядаць трэба добра ў любой сітуацыі. Ён паголены, падстрыжаны. Нават пару разоў усміхнуўся».

Паколькі Аляксандра паставілі на экстрэмісцкі ўлік, для яго дзейнічаюць пэўныя абмежаванні. Напрыклад, па грошах: на месяц ён можа патраціць у краме толькі дзве базавыя (58 рублёў), хоць звычайны ліміт для зняволеных — шэсць базавых.

«Крама ў калоніі лепш, чым у СІЗА. Там ёсць на выбар каўбасы, рыба, розная малочка, выпечка. Аднойчы сын нават трапіў на вэнджаную курыцу», — кажа маці.

У пакоі ў Аляксандра стаіць халадзільнік. Рэчы мыюць у пральных машынках, у лісце мужчына прасіў даслаць яму апаласквальнік для адзення.

На месяц вязню зацвердзілі графік званкоў: пяць звычайных і два відэазванкі па вайберы.

Аляксандра паставілі ў аддзел перапрацоўкі зношаных шын, ён размяркоўваў адходы. За тое, што ў выходныя выйшаў на змену, яму далі дадатковы званок.

«Да канца мая можна было выкарыстаць доўгае спатканне. Але 26 красавіка сына без тлумачэння прычыны перавялі ў Гомельскае СІЗА. А адтуль этапавалі ў наваполацкую калонію №1. А гэта зноў каранцін, чакаць, пакуль яго ўключаць у графік званкоў. Хоць я пісала заяву, каб бліжэй да дому Сашу трымалі. У Наваполацк са Жлобіна праблематычна дабірацца. На машыне вельмі далёка, а цягніка прамога няма, — абураная Таццяна. — Я падавала скаргу наконт прысуду, але ў Гомельскім абласным судзе яна не будзе разгледжана, паколькі там не бачаць падстаў для прад’яўлення пратэсту. Буду павадаць дакументы ў Вярхоўны суд, а калі нічога не зменіцца — у Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Сёння гэта мой галоўны экзамен па крымінальным праве як юрыста, я яго абавязкова здам і больш юрыстам працаваць не буду. Разумееце, гэта і мой тэрмін, і мая судзімасць. А я вельмі не люблю, калі мае правы парушаюцца».

«У якасці працы разбірае бутэлькі з дазатарам з-пад алкаголя»

18-гадоваму Віталю Прохараву са Жлобіна далі два гады пазбаўлення волі за акцыю пратэсту 10 жніўня. Хлопца вінавацілі ў тым, што ён нібыта шпурнуў камень у аўтазак і пашкодзіў яго (артыкулы 342 і 364). Сам Віталь гэта адмаўляў, казаў, што пры затрыманні быў збіты, а тое, што пабіў лабавое шкло аўтазака, прыдумаў, каб папіярыцца ў інстаграме.

На момант суду хлопцу было 17 год, ён сканчваў апошні курс ліцэя, таму яго адправілі ў выхаваўчую калонію — у Бабруйск.

«Па раніцах прабежка ў іх. Цяпер Віталь незадаволены, але я кажу яму: пачакай, уцягнешся, для здароўя карысна. Кормяць, кажа, выдатна. Даюць амлеты, запяканкі, фрукты, гародніну. Цыбулю, радыску, яблыкі прасіў нават не везці — і так хапае. Жартуе, што ён тут як у санаторыі, адзінае — за тэрыторыю не пускаюць», — расказвае маці Алеся. Але дадае, што тут Віталь прабудзе нядоўга — на працягу месяца яго перавядуць у дарослую калонію.

Цяпер у Віталя «канікулы». Ён напісаў заяву на паступленне ў вучылішча, бліжэй да верасня стане вядома, якія спецыяльнасці ім могуць прапанаваць.

«Улетку ён будзе працаваць, паколькі паўнагадовы. Але гэта рабствам можна назваць — капейкі за змену плацяць. Віталь разбірае бутэлькі з дазатарам з-пад алкаголя.

Вольнага часу ў яго мала. То бардзюры дапамагаў фарбаваць, то па валейболе спаборніцтвы былі. Іх атрад першае месца заняў, заслужыў за гэта плюсік», — дзеліцца маці.

Алеся ездзіла ў маі да сына на кароткае спатканне.

«Іх калі выстраіць у адзін шэраг, свайго не пазнаю. Усе стрыжаныя, у аднолькавых пінжачках, шапачках.

Там дастаткова цывільна. На спатканні мы былі ў памяшканні, падобным да кавярні — унутры канапы, столікі. Але на сталах — вялікае шкло, як на пошце, без кратаў, каб мы не кантактавалі. Гэта праз кавід, як я зразумела.

Настрой у сына выдатны. Усміхаўся. Кажа, ніхто не крыўдзіць».

У атрадзе стаіць тэлевізар, DVD-плэер, калонкі. Віталь папрасіў маці наступны раз перадаць яму дыскі з сучаснай музыкай. А таксама выпісаць які-небудзь аўтамабільны часопіс.

«Лісты даходзяць усе. Я выпісваю сыну яшчэ «Адзін дома» і «Каламбур». Ён папрасіў не выпісваць «Новы час», бо за кожны нумар яму даводзіцца даваць тлумачэнні адміністрацыі — чаму гэту газету чытаеш, чаму палітыкай цікавішся».

«Кормяць смачна, і нават хлеб, які даюць, можна есці»

21-гадовага Віктара Акцістава з Навалукомля асудзілі на 2,5 года пазбаўлення волі: ён адбіваў затрыманага ў амапаўца (артыкул 364).

Хлопца этапавалі ў папраўчую калонію №15 у Магілёве. У пачатку мая ад яго быў першы званок.

«Голас бадзёры, нягледзячы на тое, што Віця настроіўся адбываць увесь тэрмін. У атрадзе яму дапамаглі асвоіцца. У лісце ён пісаў: «З маёй павольнасцю і туганавучальнасцю ў побыце — гэта амаль пекла. Тут вялізная колькасць правілаў, якія не змесцяцца ў агульным сшытку», — дзеліцца сястра Настасся.

Пра бытавыя ўмовы брат ёй расказвае не шмат. На месяц хлопцу зацвердзілі ў графіку пяць званкоў.

Праца Віктара ў калоніі — збіраць трэскі. Вольны час у яго ёсць па выходных. Тэлевізар хлопец не глядзіць, выпісаў газету на ангельскай мове, каб чытаць навіны і падцянуць сучасную лексіку.

«Ён вучыць ангельскай мове суседа, просіць перадаць нас «Прыцемкі» ў арыгінале. Кажа, што за месяц навучання той чалавек прасунуўся. Па лісце адчуваецца, што ён радуецца вынікам. Мы перадалі Віцю перадачы, але ён не піша, што атрымаў іх. Магчыма, не перадавалі. У самым пачатку, як толькі заехаў у калонію, казаў, што кормяць смачна. І нават хлеб, які даюць, можна есці», — пераказвае іх перапіску Настасся.

Віктар таксама любіць маляваць. У Навалукомлі ёй скончыў мастацкую школу.

«Але ён і без навучання добра маляваў, — заўважае сястра. — Вельмі добра адчуваў прапорцыі, з пабудовай кампазіцыі ў яго не было праблем. Я нават, ідучы з Віцем у краму адзення, раілася з ім, што лепш пасуе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(8)