Юрыя Шчучко, якога суд Лоеўскага раёна ў ліпені асудзіў да пяці гадоў пазбаўлення волі праз ягоную палітычную дзейнасць, улады ўнеслі ў так званы «Спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе Гомельская вясна.
У гэтым спісе ўжо даўно людзі, унесеныя туды паводле палітычна матываванага крымінальнага пераследу, значна перавышаюць колькасць рэальных экстрэмістаў, што абясцэньвае значнасць таго спісу, як крыніцы інфармацыі пра небяспечных для грамадства людзей.
У ліпені ў судзе Лоеўскага раёна вынеслі прысуд Юрыю Шчучко паводле васьмі палітычна матываваных абвінавачванняў. Пры гэтым сам суд адбываўся завочна, таму што Шчучко знаходзіцца ў бяспечным месцы ў адной з краінаў Еўрасаюзу і супрацоўнікі карных органаў Беларусі не могуць яго пакараць.
Тым не менш, знаходжанне Юрыя Шчучко ў эміграцыі складальнікі спісу «экстрэмістаў», відавочна, палічылі адбываннем пакарання.
Прынамсі, у тым спісе ў радку, прысвечаным асуджанаму, у адпаведнай графе стаіць пазнака «отбывает наказание». Ці праз пяць гадоў пасля набыцця так званым прысудам сілы, пакаранне, вынесенае Шчучко, будзе лічыцца адбытым, у спісе не згадваецца.