Астапеня: «Сітуацыя ў Беларусі рухаецца ў бок Туркменістана, дзе няма рэпрэсій, таму што там няма ніякіх акцый»

Кіраўнік Беларускай ініцыятывы брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня — пра тое, ці зменшыцца ўзровень рэпрэсій пасля «выбараў».  

— Пасля «выбараў» імавернасць змяншэння рэпрэсій большая, чым імавернасць іх павелічэння ці захавання на тым жа ўзроўні, — падзяліўся сваім меркаваннем Рыгор Астапеня на канале Гадзіннічак цікае. — Таму што з часам вычэрпваецца пул удзельнікаў пратэстаў 2020 года, якія яшчэ не рэпрэсаваныя і не выехалі і не папалі ў поле зроку, і нагоды таксама вычэрпваюцца для таго, каб займацца рэпрэсіямі.

Сітуацыя ў Беларусі рухаецца прыкладна ў бок Туркменістана. Там у прынцыпе няма рэпрэсій, таму што там няма ніякіх акцый. І ў нас усё ідзе да таго, калі нібыта рэпрэсій няма, але ўсе разумеюць правіла гульні і адпаведна дзейнічаюць паводле гэтых правілаў.

Можа 10-15 сутак яшчэ камусьці будуць даваць, але гэта ўжо не будзе той памер, які ёсць цяпер.

Рыгор Астапеня

Наступае нейкая новая эпоха, якая вымушае вярнуцца да размоваў з Захадам. Зразумела, што самы просты шлях для таго, каб да іх вярнуцца, гэта паказаць, што рэжым гатовы кагосьці вызваляць.

Астапеня лічыць, што ў Лукашэнкі ёсць шанец быць пачутым новай адміністрацыяй ЗША.

— Калі Лукашэнка ў бліжэйшыя 2-3 месяцы праявіць здольнасць да размовы і да канкрэтных крокаў, то амерыканская адміністрацыя можа вырашыць з ім паразмаўляць.

Гэта пытанне адкрытае, таму што там будуць новыя людзі. Лукашэнка можа сказаць: ведаеце, у мяне была дрэнная сітуацыя з папярэдняй адміністрацыяй, але з вамі я гатовы пачаць па-новаму. І яны на гэта могуць адказаць: ок, мы можам з табой пачаць па-новаму, бо мы нават не ведаем, хто ты.

Тут пытанне таго, што Лукашэнка гатовы рабіць, каб распачаць новы этап стасункаў. Хоць, канешне, якое можа быць да яго агульнае стаўленне — калхознік-камуніст.

Але такіх людзей у свеце шмат. Наогул палова свету аўтарытарная ці рухаецца ў таталітарызм. І ў амерыканскай адміністрацыі гэта разумеюць, — кажа Астапеня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(7)