Общество

Архіепіскап Арцемій: «Нават адзін чалавек, недатычны злу, хлусні і няпраўдзе, можа змяніць свет»

Вядомы беларускi святар вiншуе з Вялікаднем.

– Хрыстос уваскрэс! Дарагія браты і сёстры, сардэчна віншую ўсіх вас са святам Светлага Хрыстова Ўваскрасення – Пасхай Гасподняй! – звяртаецца да беларусаў Арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (Кішчанка), пiша Газета Слонiмская. – Пропаведзь хрысціянства «ўсім народам» (Мф. 28:19) першапачаткова была пропаведдзю аб Уваскрасенні Хрыста (Лк. 24:46-47).

Апосталы казалі пра тую падзею, відавочцамі якой яны былі, пра тыя свае пачуцці, якія яны перажылі, знаходзячыся побач з Уваскрэслым Збавіцелем. Мы ведаем і верым, што Ўваскрасенне Хрыстова для нас – не проста нагода для штогадовага святкавання, а крыніца моцы і перамянення нашага жыцця.

Упэўненасць у тым, што Гасподзь наш Іісус Хрыстос, Сын Божы, паўстаў з мёртвых, аб’ядноўвае нас, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, сацыяльным стане, узроўні адукацыі, грамадскіх поглядах, культурных густах, у адзінае цэлае – у Царкву Хрыстову. І менавіта ў Царкве і разам з Царквой, прайшоўшы цяжкім, цярністым, але карысным для душы шляхам Вялікага посту, можна ў поўнай меры перажыць і радасць пасхальнай урачыстасці і лікавання, радасць збавіцельнай веры ў Бога Жывога, «Які збавіў нас ад смерці» (2 Кар. 1:10).

І толькі ў Царкве нам адкрыецца сэнс нашых хваробаў і нягодаў, нашых пакут і нашага крыжа, бо праз пакуты і Крыж прайшоў і наш Адкупіцель – «Агнец Божы, Які бярэ на Сябе грахі свету» (Ін. 1:29), каб выратаваць нас Сваім Уваскрасеннем.

У гэтым і ёсць асвячаючая, перамяняльная сіла пасхальнага святкавання. Праз веру далучаныя да перамогі Жыцця над смерцю, «падтрымліваючы адзін аднаго з любоўю, стараючыся захоўваць адзінства духу ў саюзе міру» (Эф. 4:2-3), пераадолеем з яе дапамогай падзелы гэтага свету, пашкоджанага грэхападзеннем і скажонага грахом.

Хрыстос Сваёй смерцю і Ўваскрасеннем перамог д’ябла, які ёсць «ілгун і айцец ілжы» (Ін. 8:44). Нават адзін чалавек, недатычны злу, хлусні і няпраўдзе, можа змяніць свет. А тым больш, калі з намі Бог, Які ўваскрашае з мёртвых! Зноў і зноў віншую вас са святам Светлага Хрыстова Ўваскрасення.

Няхай гэта пасхальная радасць, якую мы сёння адчуваем, будзе з вамі заўсёды і ўмацоўвае ў дні няпростых жыццёвых выпрабаванняў!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(31)