Общество

Апытаньне Chatham House: Больш за палову гараджанаў хочуць, каб Лукашэнка сышоў да канца 2021 году

Брытанскі дасьледны цэнтар Chatham House з 20 да 30 красавіка 2021 правёў апытаньне 937 беларускіх гараджанаў. Апытаньне праводзілася онлайн (мэтад CAWI), паведамляе Свабода.

Паводле дасьледчыкаў, выбарка адпавядае структуры гарадзкога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная паводле полу, узросту, памеру населеных пунктаў і ўзроўню адукацыі.

Апытаньне праведзенае ў межах праекту «Беларуская ініцыятыва» (кіраўнік — Рыгор Астапеня), які рэалізуе Chatham House.

Гэта чацьвёртае падобнае дасьледаваньне за апошні год, папярэднія праводзіліся ў верасьні і лістападзе 2020 году, а таксама ў студзені 2021 году.

Прапануем вам галоўныя вынікі красавіцкага апытаньня Chatham House.

Пратэсты

Колькасьць людзей, станоўча настроеных да пратэстаў, павольна скарачаецца.

Большасьць апытаных (72%) падтрымліваюць справядлівае расьсьледаваньне ўжываньня сілы супраць пратэстоўцаў, і толькі 12% выступаюць супраць расьсьледаваньня (невялікае павелічэньне ў параўнаньні з 8% у верасьні 2020 году).

Іншыя патрабаваньні пратэсту, такія як правядзеньне новых справядлівых выбараў, вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьне ўжываньня сілы, падтрымліваюць 64% апытаных.

Найменш папулярным пратэставым патрабаваньнем зьяўляецца адстаўка Лукашэнкі, якую падтрымліваюць 48% і не падтрымліваюць 25%.

Грамадзкія настроі

Больш за палову апытаных не адчуваюць сябе ў бясьпецы ў сваёй краіне.

62% чакаюць сур’ёзнага эканамічнага крызісу ў самай найбліжэйшай будучыні.

Кожны другі рэспандэнт лічыць, што Беларусь дрэнна спраўляецца з пандэміяй каранавірусу, у той час як толькі чвэрць лічыць, што яна спраўляецца добра.

Большасьць апытаных мяркуе, што ўлады мусяць пачаць перамовы з апанэнтамі і вызваліць усіх палітвязьняў.

Больш за 90% насельніцтва перакананыя, што абвінавачваньні ў адрас Віктара Бабарыкі несправядлівыя: нават многія прыхільнікі Лукашэнкі падзяляюць гэты пункт гледжаньня.

Амаль палова насельніцтва лічыць Лукашэнку галоўнай перашкодай для палітычнай стабільнасьці і эканамічнага разьвіцьця і ўпэўненая, што ён не клапоціцца аб незалежнасьці і нясе пагрозу для яе.

Больш за палову беларусаў-гараджанаў лічаць, што Лукашэнка павінен пакінуць пасаду неадкладна або да канца 2021 году, 27% лічаць, што ён павінен сысьці, калі скончыцца ягоны тэрмін паўнамоцтваў ў 2025 годзе. Меркаваньне пра тое, што Лукашэнка павінен кіраваць яшчэ адзін тэрмін, які пачынаецца ў 2025 годзе, падтрымліваюць толькі 10% рэспандэнтаў.

Аднак чаканьні наконт адстаўкі Лукашэнкі ня вельмі аптымістычныя: толькі 26% лічаць, што ён пакіне сваю пасаду сёлета. Кожны трэці думае, што ён сыдзе ў 2025 годзе, яшчэ 19% лічаць, што ён застанецца на гэтай пасадзе на наступны тэрмін.

Калі Лукашэнка ня сыдзе, людзі чакаюць росту эміграцыі і беспрацоўя, працягу рэпрэсіяў ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця, падзеньня валютных курсаў і ўзмацненьня залежнасьці ад Расеі.

Палітычныя перавагі

Пасьля Лукашэнкі самымі вядомымі палітычнымі фігурамі сярод беларускі гараджанаў зьяўляюцца прадстаўнікі пратэсту: Ціханоўская, Бабарыка, Калеснікава, Цапкала і Латушка.

У цэлым апытаныя значна лепш знаёмыя зь лідэрамі пратэсту, чым з дзяржаўнымі чыноўнікамі. Прыхільнікі Лукашэнкі ведаюць вышэйшых прадстаўнікоў улады (Галоўчанку, Макея, Качанаву, Караева) горш, чым іх апанэнтаў.

Віктар Бабарыка — самы папулярны кандыдат у прэзыдэнты сярод гарадзкіх жыхароў Беларусі: 34% лічаць, што ён быў бы годным прэзыдэнтам, 25% — найбольш годным.

Лукашэнка займае другое месца пасьля Бабарыкі, яго лічаць найбольш годным прэзыдэнтам краіны 23% рэспандэнтаў. У той жа час больш за палову гарадзкіх беларусаў кажуць, што ніколі не прагаласавалі б за Лукашэнку.

Незалежным СМІ, прафсаюзам і праваабарончым арганізацыям давяраюць значна больш, чым дзяржаўным СМІ, міліцыі і органам дзяржбясьпекі.

Рэкордна нізкі давер сярод усіх дзяржаўных і грамадзскіх інстытутаў — да Цэнтральнай выбарчай камісіі (14%) і да дзяржаўных СМІ (15%).

Геапалітычны выбар

Найбольш пазытыўна рэспандэнты ставяцца да Расеі: траціна — вельмі добра, 46% — хутчэй добра.

Нягледзячы на прапагандысцкія намаганьні, Украіну, Літву, Польшчу і краіны ЭЗ агулам па-ранейшаму ўспрымаюцца ў цэлым станоўча больш за 60% апытаных, пры гэтым менш за 20% ставяцца да іх адмоўна.

ЗША 24% беларусаў-гараджанаў успрымаюць нэгатыўна і толькі 53% — станоўча.

Беларусы адчуваюць шчыльную блізкасьць з расейцамі паводле духу, мэнталітэту і культуры, і ў крыху меншай ступені з украінцамі. Сярод іншых суседзяў адчуваецца большая блізкасьць з палякамі, чым зь літоўцамі.

58% апытаных лічаць, што Расея павінна заставацца нэўтральнай адносна беларускага палітычнага канфлікту. Астатнія амаль пароўну падзяліліся паміж тымі, хто лічыць, што Расея мусіць падтрымаць пратэсты (19%), і тымі, хто лічыць, што Расея павінная падтрымаць Лукашэнку (23%).

40% рэспандэнтаў зьмянілі сваё стаўленьне да расейскага кіраўніцтва пасьля таго, як яно падтрымала Лукашэнка ў палітычным крызісе ў Беларусі, 73% упэўненыя, што Расея зьяўляецца яго адзіным апірышчам. Адначасна толькі 31% апытаных лічыць, што дзеяньні Расеі накіраваныя на падтрымку беларускага народу.

Стаўленьне да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна хутчэй пазытыўнае (56%), чым нэгатыўнае (27%). Аднак у апошнія месяцы стаўленьне да расейскага прэзыдэнта пагоршылася больш як у паловы беларускага насельніцтва.

Найбольш папулярным варыянтам супрацоўніцтва з Расеяй зьяўляецца для рэспандэнтаў адзіны рынак (44%), наступны паводле папулярнасьці варыянт — зона свабоднага гандлю (33%). Іншыя варыянты маюць адносна нізкую падтрымку: 10% — за адзіную эканамічную прастору з адзінай зьнешняй палітыкай і арміяй, 7% — за ўваходжаньне Беларусі ў РФ.

Большасьць рэспандэнтаў (85%) выступаюць за свабодны гандаль паміж Беларусьсю і Расеяй, а 62% ня бачаць неабходнасьці ў памежным кантролі паміж дзьвюма краінамі.

У той час як 32% апытаных лічаць саюз з Расеяй найбольш прыдатнай замежнай палітыкай, 9% выступаюць за сяброўства Беларусі ў ЭЗ, 46% хацелі б быць у саюзе як з Расеяй, так і з ЭЗ адначасова, 13% — па-за геапалітычных саюзаў.

Амаль палова гарадзкіх жыхароў Беларусі лічыць, што беларуская зьнешняя палітыка ў выпадку прыходу да ўлады пратэставага ўраду будзе арыентаваная на сяброўства і супрацоўніцтва як з Расеяй, гэтак і з Захадам, што карэлюе з чаканьнямі большасьці пра тое, якой гэтая палітыка мусіць стаць.

Доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што Беларусь мусіць застацца ў АДКБ, складае 58%, што крыху менш, чым у лістападзе 2020. 35% хацелі б, каб Беларусь не ўваходзіла ні ў адзін вайсковы блёк, і 7% палічылі за лепшае, каб Беларусь увайшла ў NATO.