Общество

Андрэй Ягораў: Чуткі пра смерць грамадскай супольнасці ў Беларусі перабольшаныя

Падчас прэс-канферэнцыі Каардынацыйнай рады яе прадстаўнік у пытаннях грамадзянскай супольнасці Андрэй Ягораў акрэсліў бягучы стан гэтай сферы, паведамляе Радыё Рацыя.

Фота «Радыё Свабода»

Вось яго меркаванне:

«У Беларусі ліквідаваны ці знаходзяцца ў стане ліквідацыі, толькі па адкрытых крыніцах, 186 арганізацый грамадзянскай супольнасці. Адбываецца самая масавая зачыстка грамадзянскай супольнасці з моманту 1999 года, калі дзяржава таксама ўчыніла масавую перарэгістрацыю грамадскіх арганізацый і масава ліквідавала дзясяткі з іх.

Большасць людзей, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці, застаюцца ў Беларусі і працягваюць дзейнічаць. Калі вы заўважылі, большасць арганізацый, якія дзейнічалі публічна, пасля таго, як іх ліквідавалі, заявілі аб працягу сваёй дзейнасці.

У Беларусі заўсёды існавала вялікая колькасць арганізацый, якія ніколі не былі зарэгістраваныя ці дзейнічалі без рэгістрацыі. Класічны прыклад — Праваабарончы цэнтр «Вясна», які, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі гэтых гадоў і пазбаўленае рэгістрацыі ў 2003 годзе, працягваў актыўна дзейнічаць і працягвае дзейнічаць сёння.

Чуткі пра смерць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі значна перабольшаныя. Яна будзе працягваць сваю актыўнасць і развіццё, нягледзячы на тыя ўмовы, якія ствараюцца гэтым рэжымам. Проста патрэбна шукаць сёння новыя формы і новыя рашэнні ў гэтай сітуацыі».

Інстытут прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, па словах удзельнікаў прэс-канферэнцыі, дае мажлівасць захаваць эфектыўных мэнэджараў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь. На дадзены момант у КР абраны прадстаўнікі па напрамках: бізнэс, грамадзянская супольнасць, Усходняе партнёрства, палітычныя зняволеныя, культура, спорт ды інш.

Плануецца, што свае праграмы мэнэджары рэалізуюць цягам шасці месяцаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(19)