Андрэй Бастунец: Больш за 20 беларускіх медыяарганізацый прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»
Беларускія ўлады працягваюць выкарыстоўваць заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для перашкоды дзейнасці незалежных медыя, адзначыў падчас пасяджэння дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які выступаў па анлайн-сувязі, паведамляе baj.media.
Па яго дадзеных, больш за 20 беларускіх медыяарганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, прызнаныя беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
— Гэта ставіць пад пагрозу не толькі супрацоўнікаў і аўтараў СМІ, але і іх аўдыторыю, — падкрэсліў старшыня БАЖ.
Андрэй Бастунец таксама адзначыў, што ціск уладаў і вымушаная рэлакацыя большасці вядучых незалежных СМІ пагаршаюцца эканамічнымі праблемамі, з якімі сутыкнуліся рэдакцыі: скарачэнне рэкламных даходаў, даходаў ад продажаў, іншых магчымасцяў зарабляць сродкі пры адначасовым павелічэнні выдаткаў.
— Аднак беларускі незалежны медыясектар захоўвае адзінства і дэманструе высокі ўзровень карпаратыўнай салідарнасці і каардынацыі. Гэта надае яму ўстойлівасць нават у гэты крытычны перыяд існавання, — лічыць кіраўнік журналісцкай арганізацыі.
Ён дадаў, цяпер у месцах зняволення знаходзяцца больш за 30 супрацоўнікаў беларускіх медыя. Некаторыя ўжо выйшлі на волю пасля адбыцця тэрміну пакарання, але адначасова адбываюцца затрыманні іншых журналістаў.
— Гэта не проста лічбы. Большасць з калегаў у зняволенні — мае добрыя знаёмыя і нават блізкія сябры. Нават у страшным сне мне такое не снілася, — падсумаваў старшыня БАЖ.
Читайте еще
Избранное