«Аляксей Тамілаў папоўніў спіс тых, хто загінуў у выніку развязаных уладамі рэпрэсій»
Пра смерць віцебскага актывіста, якога летась моцна збілі ў ІЧУ.
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Зазулінская назвала смерць Аляксея Тамілава жахлівай трагедыяй.
— Гэта наступствы тэрору ў адносінах да беларусаў унутры краіны. Метады, якія рэжым выкарыстоўвае як інструмент уздзеяння, — бесчалавечныя. Запалохванні, збіванні, псіхалагічныя катаванні і шантаж. Ва ўсіх гэтых здзекаў ёсць наступствы.
Вялізная колькасць палітзняволеных у Беларусі, каля 1400 вядомых праваабаронцам імёнаў. Смерці беларусаў, пачынаючы з 2020 года, якія фіксавалі праваабаронцы: Аляксандр Тарайкоўскі, Мікіта Крыўцоў, Аляксандр Віхор, Канстанцін Шышмакоў, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка, Андрэй Зельцэр — і гэты спіс можна працягваць.
Смерці палітзняволеных у калоніях і турмах: Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч.
Сёння мы гаворым пра яшчэ адну смерць беларуса, якая не павінна стаць для нас статыстыкай.
Гэта не проста трагедыя адной сям'і, гэта трагедыя беларусаў, бо вось ужо больш за чатыры гады рэпрэсіўная машына не проста не спыняецца, а кожны раз заходзіць на новы віток.
Намеснік Зазулінскай лекар Станіслаў Салавей адзначыў, што ў нармальнай краіне мужчына не павінен паміраць у 52 гады.
— Тое, што перажыў Аляксей у 2023 годзе, не магло не адбіцца на яго здароўі. Тыя траўмы, якія ён атрымаў, — пералом нагі, разрыў лёгкага — павялічваюць рызыкі трамбозаў, а такім чынам і інсульту.
Яго смерць не вынік натуральных працэсаў, а вынік тых траўмаў і таго гвалту, якія ён перажыў. На жаль, Аляксей папоўніў спіс тых, хто загінуў у выніку развязаных уладамі рэпрэсій.
Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета выказалі глыбокія спачуванні родным і блізкім Аляксея Тамілава, які стаў чарговай ахвярай існуючага ў Беларусі дыктатарскага рэжыму.
— Мы просім усіх заставацца салідарнымі з людзьмі, якія церпяць ад палітычнага пераследу, з іх роднымі і блізкімі, дапамагаць у бядзе і не пакідаць іх сам-насам з рэпрэсіўнай машынай.