Коктейль

Алесь Чахоўскі: «Атмасфера ў Вялікім тэатры цяжкая, дэпрэсіўная. І вось гэтага я дараваць уладам не магу»

Вядомы арт-прадзюсар Аляксандр Чахоўскі, былы муж спявачкі Маргарыты Ляўчук, распавёў Народнай волі, чым ён займаецца на чужыне і пра свае адносіны са спявачкай.

Вядомы арт-прадзюсар Аляксандр Чахоўскі цяпер жыве ў Літве. Ён з’ехаў увосень 2020 года, хоць на радзіме быў паспяховым імпрэсарыа. Шмат хто памятае яго як аднаго з арганізатараў вельмі папулярнага ў нашай сталіцы праекта «Класіка ў Ратушы», а таксама сольных канцэртаў вядомых беларускіх музыкаў Арцёма Шышкова, Кірыла Кедука, Івана Карызны, Андрэя Паначэўнага, якія зрабілі прыкметную кар’еру за мяжой. Алесь Чахоўскі таксама з’яўляецца імпрэсарыа такой незвычайнай спявачкі, як Маргарыта Ляўчук. Цікава, а чым ён займаецца на чужыне зараз?

– Алесь, як вы сёння можаце прэзентаваць сябе чытачам?

– Я па-ранейшаму лічу сябе прадзюсарам, хаця пандэмія зблытала многія мае планы. Так, яшчэ ў 2020 годзе я закрыў усе праекты ў Беларусі, перастаў супрацоўнічаць з любымі дзяржаўнымі пляцоўками. Чаму? Нагадаю тую атмасферу. Улетку таго ж 2020 года «Беларуськалій» планаваў правесці карпаратыў з нагоды свайго юбілею. Яны звярнуліся да мяне, я прапанаваў ім праграмму, у якой была Маргарыта Ляўчук і іншыя музыканты.

Але неўзабаве пачаліся брутальныя затрыманні, і Ляўчук эмацыйна выказалася супраць удзелу ў юбілейным мерапрыемстве – крык душы, ніякай жэсці, якая, напрыклад, ёсць у яе рыторыцы сёння. Але ідэолагі «Беларуськалія» сцэнарый канцэрта з-за Ляўчук не ўзгаднілі. Тады і астатнія музыканты адмовіліся ад праекта – у знак салідарнасці. Так што апошні мой праект быў восенню 2020 года ў Чырвоным касцёле: серыя дабрачынных канцэртаў у падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў культуры, а таксама ў падтрымку самога касцёла.

А потым у кастрычніку мы з Марго з’ехалі з Мінска. Але не планавалі заставацца за мяжой! Насамрэч мы паехалі на яе спектаклі ў Вільнюс. Але ў Літве мне зрабілі прапанову далучыцца да каманды Беларускага фонду культурнай салідарнасці – так ён тады называўся. Я падумаў, што рэальна магу быць карысным, чаму і не пагадзіцца з прапановай? Першы час мы працавалі 24 на 7, таму што ў Беларусі ішла лавіна арыштаў і звальненняў.

– Што канкрэтна з-за мяжы вы маглі зрабіць і рабілі для пацярпелых?

– Мы прадастаўлялі псіхалагічную дапамогу, аплачвалі адвакатаў і штрафы. А калі чалавек вырашаў, што хоча з’ехаць за мяжу, то дапамагалі з дакументамі, з працаўладкаваннем. Напрыклад, дапамаглі знайсці працу ў Клайпедзе ў музычным тэатры былой першай скрыпцы аркестра Вялікага тэатра Рэгіне Саркісавай. Уладкавалі маэстра Вялікага тэатра Андрэя Галанава.

– А дзе ён зараз, маэстра Галанаў? Цяжка з ім звязацца, ён пакуль не дае інтэрв’ю…

– Галанаў у Нацыянальным тэатры оперы і балета Балгарыі. А не дае інтэрв’ю, таму што ў геніяльных людзей усё няпроста. Я не вешаю сабе медалі, але менавіта я звязваўся с дырэктарам Сафійскай оперы Пламенам Карталавым і распавядаў яму, у якой сітуацыі апынуўся Андрэй – а ён жа яго добра ведае! І шмат падобных кейсаў да гэтага часу: і фінансавая дапамога, і падтрымка амаль 100 творчых праектаў за паўтара года – ад выпуску альбома да арганізацыі канцэрта з дастойнымі ганарарамі. У Беларусі ў першую чаргу. Ну і тых музыкантаў, якія з’ехалі з Беларусі, мы таксама падтрымліваем.

– Вобразна кажучы, Мінкульт у выгнанні.

– Мы не Міністэрства культуры ў выгнанні, не квазіміністэрства тым больш, як некаторыя кажуць. Мы дбаем пра тое, каб падтрымаць тых, хто пацярпеў. Маё кола прафесійных інтарэсаў значна пашырылася, цяпер акрамя акадэмічнай музыкі ахопліваецца ўся культура, выяўленчае мастацтва, кіно – адным словам, усе сферы. І гэта вельмі цікава, кожны дзень знаёмлюся з самымі рознымі людзьмі. Шмат хто праяўляе салідарнасць, дапамагае нам, вельмі здорава, што ёсць такія людзі!

– А ці не адчуваецца нейкага расчаравання? Што значыць быць эмігрантам?

– Гэта значыць сумаваць па сваім доме, родных мясцінах. Але я вельмі ўсцешаны тым, што шмат каму мая энергія прыносіць карысць. Мне балюча за Радзіму, але, з іншага боку, супакойвае тое, што мае новыя веды, нетворкінг, дасягненні і праца прыносяць станоўчыя вынікі.

Яшчэ, ведаеце, я не ўспрымаю сябе эмігрантам. Па-першае, ніякім чынам я не спрабую інтэгравацца ў літоўскі свет. Колы, з якімі камунікую, гэта выключна асяроддзе беларусаў. Тут столькі класных людзей – ну, вы ж ведаеце… Больш за тое скажу: для мяне Вільнюс і зараз, і раней – гэта таксама родная зямля. Ну, быццам я ў Нясвіж з’ехаў. З той розніцай, што зараз не магу вярнуцца ў Мінск, не магу пабачыцца з дзецьмі ўжо больш за год. А так жыву цалкам у беларускай тэматыцы, працую з беларусамі, проста ў мяне іншая лакацыя. Канешне, часам мяне накрывае… Самае галоўнае, па чым сумую, – атмасфера ў горадзе. У Вільнюсе яна, як мне падаецца, дэпрэсіўная, яна да зямлі цябе прыбівае: колькасць людзей на вуліцы, іх твары… Таму час ад часу трэба куды-небудзь з’язджаць. Але з пункту гледжання бытавых і іншых рэчаў усё класна.

– Вы гатовы зараз вярнуцца ў Беларусь? Вярнуцца і пакаяцца, як патрабуе Аляксандр Лукашэнка?

– Я хачу жыць і працаваць у Беларусі. З вялікім задавальненнем імгненна вярнуся дадому, калі зменіцца ўлада (ці гэты працэс пачнецца), а тыпы кшталту Азаронка панясуць адказнасць за свае дзеянні. Але гэта не значыць, што я проста чакаю моманту, будучы ў бяспецы за мяжой. Я раблю ўсё магчымае, каб захаваць культуру, якую на радзіме знішчаюць, падтрымаць беларускіх творцаў, а таксама паскорыць перамены ў роднай краіне.

– Магчыма, вам гэта падасца недалікатным (тады прашу мне прабачыць), але хачу спытацца пра ваш развод з Маргарытай Ляўчук. Мы доўга наогул не ведалі, што вы пабраліся шлюбам! Спявачка ў апошнім мінскім інтэрв’ю мне цвёрда казала, што яна не замужам.

– Пра наш шлюб рэальна ніхто не ведаў, акрамя бацькоў.

– А чаму вы хаваліся?

– Канешне, мы кахалі адзін аднаго, але, скажу шчыра, спачатку заключылі шлюб, каб Марго не размеркавалі ў правінцыю пасля заканчэння Акадэміі музыкі.

– Але у вас двое дзяцей ад папярэдняга шлюбу…

– Я ужо быў у разводзе. Прынамсі, гэта цягнулася доўга і няпроста. І не мой раман з Маргарытай быў таму прычынай. Але потым мы з Марго вырашалі захоўваць усё ў тайне. Калі ты публічная асоба, то выстаўляцца напаказ не самы добры тон.

– Але з разводу з Ляўчук зрабілі шоу ў сацыяльных сетках. Навошта?

– Мы не жадалі хайпануць, як некаторыя казалі, мы хацелі сваім прыкладам паказаць, што развод можа быць і не сварай.

– А чым – канцэртам?

– Гэта відэа было як нейкая, калі хочаце, сацыяльная місія. Паказаць людзям прыклад.

– Так чаму ваш союз распаўся? З-за эміграцыі?

– З-за пандэміі і лакдаўна ў большай ступені. У Марго не было працы, яна была блізкая да фрустрацыі. Я, наадварот, падпісаўся на ўдзел у Беларускай радзе культуры – і з азартам акунуўся ў работу. Атрымалася, што ў яе раздрай, а я не з ёй… Потым я жорстка захварэў на кавід, два тыдні дома лез, вобразна кажучы, на сценку, у бальніцу нават трапіў. Мяне каўбасіла, я часам быў неадэкватны. І Марго вырашыла, што для яе хопіць. Але я ўдзячны ёй, што яна была паслядоўнай. Яна сапраўды вырасла як асоба. Так, мне было вельмі складана першыя месяцы: чужына, лакдаўн, я адзін – проста жэсць! Але выкараскаўся. Летам паехаў у Грузію, працаваў адтуль.

– А вы не ведаеце, у Маргарыты ёсць жаданне працягваць оперную кар’еру? Шкада будзе, калі палітычная сатыра перашкодзіць яе голасу.

– Я па-ранейшаму застаюся яе імпрэсарыа, таму ведаю, што оперная сцэна – галоўнае ў жыцці Маргарыты Ляўчук. На дадзены момант мы вядзём перамовы з некалькімі тэатрамі і фестывалямі, у сакавіку Марго будзе спяваць у Каўнаскай філармоніі «Вясельку» Стравінскага. У красавіку ці ў траўні – «Кандыд» Леанарда Бернстайна ў Нацыянальным тэатры оперы і балета Літвы. Плануецца таксама шэраг канцэртаў у літоўскіх гарадах. Ідзе размова са скандынаўскімі тэатрамі і з італьянскімі. Канешне, ёсць вялікая канкурэнцыя, прычым не з боку вакалістаў, а з боку якраз-такі імпрэсарыа. То бок ёсць хлопцы-цяжкавагавікі, мне няпроста з імі цягацца на рынку, тым больш падчас кавіду.

– Я ведаю, што вы крытычна ставіліся да артыстаў, якія засталіся і працуюць у Беларусі. Вы і зараз лічыце, што свет можна ўмясціць у чорна-белую палітру?

– Я сам цяпер ні ў якім выпадку не працаваў бы на дзяржаву, але я нікога не асуджаю. Я не веру, што калі б яшчэ і Вялікі тэатр забаставаў, як Купалаўскі, то гэта станоўча адбілася б на грамадскім руху. Не, артыстам не спалохаць дыктатарскую ўладу. З іншага боку, ведаю, што атмасфера ў Вялікім тэатры цяжкая, дэпрэсіўная. І вось гэтага я дараваць уладам не магу…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(22)