Политика
Любоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

Алег Корбан і Зьміцер Хведарук у “амэрыканцы”

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Алег Корбан і Зьміцер Хведарук знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Іх затрымалі 4 лютага. Зьмітра — падчас паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі, Алега — дома. Паплечнікі маладафронтаўцаў лічаць, што Алега Корбана і Зьмітра Хведарука вінавацяць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Барыс Гарэцкі, якога ўчора затрымлівалі разам з дваццацьцю шасьцю іншымі сябрамі арганізацыі, паведаміў “Свабодзе”:

Гарэцкі: “Мы лічым, што супраць нашых сяброў Алега Корбана і Зьмітра Хведарука распачалі крымінальныя справы. Такім чынам, атрымліваецца, што трое чалавек у “Маладым фронце” праходзяць у тых палітычных папраўках, якія ўнёс Аляксандар Лукашэнка напачатку мінулага году. Гэтыя ўсе затрыманьні й пасадкі, безумоўна, сьведчаць пра тое, што ўлада вельмі баіцца моладзі. Будзем сачыць за тым, што адбудзецца вакол Зьмітра Хведарука і Алега Корбана. Калі Алега і Зьмітра арыштуюць, “Малады фронт” будзе ладзіць акцыі з патрабаваньнем вызваліць сваіх сяброў”.

Нагадаем, 4 лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля трох дзясяткаў сяброў “Маладога фронту”, калі тыя праводзілі паседжаньне цэнтральнай рады. Сярод затрыманых былі кіраўнікі рэгіянальных філіяў арганізацыі. У міліцыі Савецкага раёну Менску юнакоў і дзяўчат дапытвалі сьледчыя КДБ.

Зьмітра Хведарука асобна вывелі з будынку, нацягнуўшы яму куртку на галаву, пасадзілі ў машыну й адвезьлі ў КДБ.

Алега Корбана затрымалі дома, дзе ён са сваімі сябрамі адзначаў дзень народзінаў. Пакуль маладафронтаўцы ў міліцыі давалі паказаньні, на кватэрах актывістаў арганізацыі супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрусы.

Непаўналетняя Наста Палажанка шэсьць гадзінаў правяла ў пастарунку міліцыі. Як толькі яна выйшла на волю, ёй патэлефанавалі бацькі й паведамілі, каб яна ехала дахаты. Там яе чакалі супрацоўнікі КДБ.

Палажанка: “Прымусілі выключыць тэлефон. Забралі вельмі шмат рэчаў: сыстэмнік ад кампутара, шмат старых папераў, усялякія нататнікі, нават усе тэлефонныя кнігі, флэшкі, дыскі… Цікавіліся, што мне ў лістах напісаў Зьміцер Дашкевіч. Калі яны пачалі іх праглядаць, я ім сказала: “Навошта вы гэта робіце? Я ўпэўненая, што ўсе ксэракопіі гэтых лістоў у вас ужо дзесьці ляжаць”. Яны ўсьміхнуліся і сказалі, што, сапраўды, ім лісты не патрэбныя. Але ад Дзімы заставаліся цыдулкі, якія ён пісаў, калі быў на Валадарцы. Вось іх яны й забралі”.

Супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў кватэрах Алега Корбана, Зьмітра Хведарука, Аляксея Янушэўскага, Яраслава Грышчэні. Яны казалі, што дзейнічаюць у межах крымінальнай справы.

Актывісты “Маладога фронту” лічаць, што апэрацыя спэцслужбаў мела на мэце запалохваньне моладзі напярэдадні вулічных акцыяў. Маладафронтаўцы заяўляюць, што, нягледзячы на рэпрэсіі, зьбяруцца на плошчы Свабоды 14 лютага і што акцыя “Любові! Свабоды! Пераменаў!” адбудзецца ў любым выпадку.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч і лідэры дэмакратычных партыяў выказалі маладфронтаўцам падтрымку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)