Политика
Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Актывісты “Партнэрства” застаюцца ў ізалятарах

Пакараныя актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” пакуль знаходзяцца ў камэрах сьледчых ізалятараў. Нагадаем: 4 жніўня Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука, Эніру Браніцкую й Аляксандра Шалайку суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў пазбаўленьнем волі тэрмінам ад 6 месяцаў да двух гадоў за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Іх арыштавалі 21 лютага. Міжнародная супольнасьць разглядае справу актывістаў “Партнэрства” як палітычна матываваную. Дзярждэпартамэнт ЗША папярэдзіў афіцыйныя ўлады пра магчымыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў.

Мікола Астрэйка, якога пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі, знаходзіцца ў камэры сьледчага ізалятару КДБ. У так званай “амэрыканцы” трымаюць і Цімафея Дранчука. Яго пакаралі зьняволеньнем на год. Эніра Браніцкая й Аляксандар Шалайка, якія атрымалі пакараньне арыштам на 6 месяцаў, знаходзяцца на Валадарцы. 21 жніўня яны выйдуць на волю й змогуць распавесьці пра акалічнасьці справы.

Сваякі пакараных актывістаў “Партнэрства” атрымалі дазвол у судзьдзі Леаніда Ясіновіча на спатканьне. Міколу Астрэйку наведала ягоная адвакатка Валянціна Шыханцова. Яна паведаміла, што вязень трымаецца бадзёра й мае намер бліжэйшым часам падаць скаргу на вырак суду ў вышэйшыя інстанцыі, але пакуль не атрымаў копіі прысуду. Маці Міколы, Яўгенія Астрэйка, перадала яму харчовую перадачу.

(Астрэйка: ) “Перасталі плакаць, заняліся справай. Заўтра ў 9 гадзін я пайду да яго, а ў сераду — Поля. Сёньня перадала Колі перадачу. Бо два тыдні не перадавала: думала, што хутка, можа, усё скончыцца… Ён пісаў нават, што ня трэба перадаваць: “У мяне ўсё ёсьць”. Перадала ежу, сок, садавіну, гародніну — усё, што было дома. Сьлівы ў нас сасьпелі, яблыкі свае… Што змагла, тое й сабрала, — 15 кг. Дзякуй Богу, узялі. Хоць нечаму там парадуецца”.

Хутчэй за ўсё, днямі Міколу й Цімафея перавядуць на Валадарку. А пакуль маюць разглядаць апэляцыі, хлопцы будуць знаходзіцца ў ізалятары. Толькі пасьля набыцьця прысудам законнае сілы іх перавядуць у калёніі агульнага рэжыму.

Аляксандар Шалайка паведаміў адвакатцы, што ня бачыць пэрспэктывы абскарджаньня прысуду. Вера Страмкоўская, аднак, лічыць: трэба дабівацца апраўданьня.

(Страмкоўская: ) “Шалайка ня хоча скардзіцца ў касацыйную інстанцыю. Кажа, што ня мае больш даверу да судовых інстанцый. Аляксандар лічыць, што ў гэтай сытуацыі быць зь сям’ёй, каб другое дзіця нарадзілася пры ім, — куды важней. Пакуль ішло сьледзтва, я колькі разоў скардзілася на парушэньне правоў затрыманых на абарону. Я нават сёньня яшчэ ня маю адказаў на мае ўсе гэтыя скаргі”.

Палітыкі, паплечнікі актывістаў “Партнэрства” з дэмакратычнага руху абураны жорсткім прысудам: Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую, Аляксандра Шалайку й Цімафея Дранчука пакаралі толькі за тое, што яны ўдзельнічалі ў незарэгістраванай арганізацыі, якую стваралі для назіраньня за выбарамі. Летась Эніра, Аляксандар і Мікола былі арыштаваны за спробу правесьці ўстаноўчую канфэрэнцыю й выканаць усе належныя працэдуры для рэгістрацыі аб’яднаньня.

Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін, якога пакаралі пазбаўленьнем волі на пяць з паловай гадоў, накіраваў актывістам “Партнэрства” ліст падтрымкі. Дзярждэпартамэнт ЗША й Эўрапарлямэнт выказалі занепакоенасьць з прычыны перасьледу й жорсткіх прысудаў дэмакратычным актывістам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)