Беседка

Аксана Колб: «Нас усіх пасадзяць? Мы і за кратамі будзем нешта выдаваць»

Размова Радыё Свабода з галоўнай рэдактаркай «Новага часу», якi чытае як мінімум тысяча зьняволеных.

Аксана Колб узначаліла выданьне пасьля заўчаснай сьмерці заснавальніка СМІ Аляксея Караля ў 2015 годзе. «Новы час» сёньня — гэта папяровая газэта з накладам 7 тысяч асобнікаў, адзінае незалежнае выданьне, якое трапляе ў беларускія турмы. А таксама інтэрнэт-сайт, на якім у верасьні 2020 году было больш за 1 мільён наведнікаў.

Аксана Колб і Аляксей Кароль, архіўнае фота

«2020 год быў і цяжкі, і натхняльны»

Галоўная рэдактарка кажа, што 2020 год быў самы цяжкі за ўвесь час існаваньня газэты, якую пачынаючы з 2008 году некалькі разоў «выкідалі» і з падпіскі «Белпошты» і з шапікаў «Белдруку». Зь лютага 2021 году РУП «Белсаюздрук» зноў скасавала дамову на распаўсюд «Новага часу».

— З другога боку, 2020 год быў натхняльны, у тым ліку і для рэдакцыі. Са жніўня мы перайшлі ў амаль кругласуткавы рэжым працы.

Вядома, хацелася б, каб працы было менш, і людзей больш, і заробкі вышэйшыя, — але што ёсьць, тое ёсьць. І гэта ўсё кампэнсуецца такім водгукам ад чытачоў, якога ў іншых умовах мы і не атрымалі б, — сьцьвярджае Аксана.

У гарачыя жнівень, верасень і кастрычнік літаральна ўвесь калектыў «Новага часу» на чале з галоўным рэдактарам працаваў на нядзельных і жаночых маршах.

— На адным маршы затрымалі адразу трох фатакораў «Новага часу». Раней, калі затрымлівалі аднаго карэспандэнта, мы меркавалі, што калі накіруем некалькіх, то хоць хтосьці здолее даслаць цікавыя фота. Але ў той дзень затрымалі ўсіх трох! Але і тады мы перастрахаваліся — было яшчэ двое запасных. І адзін зь іх умудрыўся зьняць, як затрымліваюць аднаго з трох асноўных! Я патэлефанавала прэс-сакратару МУС Вользе Чамаданавай і запыталася: «Вы што, адмыслова палюеце на «Новы час»? «Яна адказвае: «Ну што вы!».

На жаль, такая наша рэчаіснасьць, што цяпер чалавек з бэджыкам ці ў камізэльцы «Прэса» — гэта мішэнь. Бэджык і камізэлька — не абарона, а трыгер: затрымаць, — мяркуе Аксана Колб.

У лістападзе трое фотакарэспандэнтаў «Новага часу» трапілі на Акрэсьціна.

20-гадовая Яна Трусіла была затрыманая 1 лістапада, адседзела 13 сутак, а праз два тыдні атрымала яшчэ 15 сутак.

— Пасьля адседкі мы зь ёй шчыра размаўлялі: 28 сутак у ізалятары яе не спынілі, наадварот, яна казала, што гэта быў вельмі цікавы і карысны досьвед, яна не шкадуе ні пра што. Больш мама яе хвалявалася, я зь ёю часта камунікавала, спрабавала супакоіць.

Дзьмітрыя Дзьмітрыева, які меў вялікі досьвед працы ў міліцыі, моцна зьбілі, у яго перапонка барабанная пашкоджаная, ён дагэтуль лечыцца, — расказвае Аксана пра тое, з чым сутыкнуліся супрацоўнікі рэдакцыі.

Але ніхто з рэдакцыі не адмовіўся працаваць, ніхто ня звольніўся.

«Тут нічога крамольнага няма, але вы ж ведаеце, у якой краіне мы жывём»

На сталага аўтара «Новага часу» Дзяніса Івашына завялі крымінальную справу за журналісцкае расьсьледаваньне «Каго ці што абараняе «Беркут» у Беларусі».

Івашына абвінавачваюць ва «ўмяшаньні ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў» (паводле артыкула 365 КК).

Рэдакцыя «Новага часу», Дзяніс Івашын другі зьлева ў ніжнім шэрагу

— Дзяніс у сваім трэцім па ліку расьсьледаваньні расказаў пра тое, як былыя ўкраінскія «беркутаўцы» ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю.

Прэтэнзій да Івашына і быць ня можа, бо ўся інфармацыя бярэцца Дзянісам з адкрытых крыніц. У дадзеным выпадку — з сайта МУС. Па-другое, звычайна перад кожнай публікацыяй мы адпраўляем матэрыял юрысту на вычытку. Адзін з апошніх камэнтароў юрыста — «тут нічога крамольнага няма, але вы ж ведаеце, у якой краіне мы жывём».

Я думаю, што гэта своеасаблівая помста Івашыну. Журналіст «Настоящего времени» запытаўся ў Дзяніса, ці зьвязваўся ён з кімсьці зь сілавых структур Украіны. Івашын адказаў, што зьвязваўся з СБУ. З улікам таго, што за пару дзён да гэтага «зь першых вуснаў» прагучаў «наезд» на Ўкраіну, было зразумела, што гэтыя словы сталі трыгерам для [затрыманьня. — РС] Дзяніса, — разважае Аксана Колб.

Стаяла ў счэпцы на «плошчы Перамен», цудам пазьбегла затрыманьня

Галоўная рэдактарка «Новага часу» працавала амаль на ўсіх летніх і восеньскіх акцыях. Была ў самых «гарачых кропках»: каля стэлы 9 жніўня, каля мэтро «Пушкінская» 10 жніўня. Прызнаецца, што найбольш яе ўразіў нядзельны марш 16 жніўня, калі на вуліцы сталіцы выйшла як мінімум 200 тысяч чалавек.

— У мяне спачатку была эўфарыя ад колькасьці такіх прыгожых і ўзьнёслых людзей. А потым я заплакала: «Людзі, а дзе вы былі раней? Чаму трывалі 26 гадоў? — дзеліцца эмоцыямі Аксана.

Кажа, што цудам пазьбегла затрыманьня 15 лістапада на «плошчы Перамен», куды людзі прышлі ўшанаваць памяць бязьвінна загінулага Рамана Бандарэнкі.

— Я стаяла ў счэпцы на «плошчы Перамен». Мы сьпявалі. «Купалінку» ажно 3 разы, потым «Магутны Божа», «Пагоню». Магчыма, мы «ўбаюкалі» сілавікоў «Купалінкай», гэта ж амаль калыханка. Калі пачаліся жорсткія затрыманьні, старшы кажа: «Чаго стаіце? Ідзіце хутчэй адсюль!» — «Куды? Вы ж паўсюль?» — перапытваю. Ён адказвае: «Ідзіце налева».

Мы пайшлі направа. З намі былі яшчэ дзьве жанчыны — мы ўсе выйшлі, нас не затрымалі. Я яшчэ ўступіла ў спрэчку з камандзірам АМАПу Дзьмітрыем Балабам, кажу: «Элітнае падразьдзяленьне прыехала сьвечкі раскідваць!» Ня ведаю, чаму нас выпусьцілі адтуль, — са сьлязьмі на вачах узгадвае тыя падзеі Аксана.

«Новы час» — глыток сьвежага паветра за кратамі»

Аксана Колб не хавае, што стамілася. Аднак на працу яе натхняюць лісты падзякі, асабліва з-за кратаў. «Новы час» — адзінае незалежнае друкаванае выданьне, якое даходзіць да турмаў.

— Прынамсі тры-чатыры сотні чалавек, якія цяпер за кратамі, падпісаныя на газэту, а з улікам таго, што яны ж не ў адзіночных камэрах сядзяць, газэту прачытае як мінімум 1 тысяча.

Бывае, працуеш-працуеш, а потым так хочацца на ўсё плюнуць, думаеш: а каму гэта трэба? Атрымаеш цэлы стос лістоў з-за кратаў — а гэта тыя чытачы, якім ты патрэбны дакладна, для якіх ты мусіш працаваць. Нават калі за кратамі застанецца два-тры чалавекі, ты ўсё адно мусіш працаваць! Літаральна ў кожным лісьце пішуць, што «Новы час» — глыток сьвежага паветра за кратамі. Мы стараемся рабіць прыгожую, кідкую вокладку кожнага нумара. Часам цэнзары не прапускаюць, адрываюць першую старонку, пісалі нам вязьні, — кажа Аксана.

Яна паказвае кранальны ліст журналісткі Каці Андрэевай, якая шчыра дзякуе за газэты, лісты Сяргея Пятрухіна, Мікалая Казлова, Зьмітра Фурманава, Ігара Лосіка — з малюнкам лася.

— Вось які ліст даслаў 18-гадовы Ціхан Клюкач — з малюнкам, зробленым звычайнымі шарыкавымі асадкамі, чорнай і чырвонай.

Пішуць у газэту ня толькі палітзьняволеныя. Рэгулярна піша звычайны крымінальнік-рэцыдывіст з калёніі № 14, што ў Навасадах. Ён прачытаў гісторыю выкладчыцы БДУІР Вольгі Філатчыкавай і папрасіў перадаць ёй паштоўку.

«Наш сталы падпісчык, у яго пажыцьцёвае зьняволеньне, у турме перайшоў на беларускую мову»

Заснавальнік «Новага часу» — Таварыства беларускай мовы. У газэце заўсёды было шмат матэрыялаў на тэмы гісторыі, культуры, ёсьць літаратурны дадатак. Ці ўдаецца захаваць гэты кірунак?

— Калі фармуеш кожны нумар, ставіш задачу-максымум: ёсьць сталыя чытачы, якія выпісваюць газэту шмат гадоў. Трэба, каб ім было цікава. Будуць тыя, хто і ўпершыню ўбачыць газэту — шмат хто раскідвае па скрынях у сваім раёне, у сваім рэгіёне. А ёсьць тыя, хто сядзіць за кратамі, — у іх зусім іншы запыт на кантэнт.

А тут зьявілася новая катэгорыя — родныя тых, хто сядзіць. Калі ліставаньне са зьняволенымі перарываецца, яны зьвяртаюцца ў газэту. У нас зьявіліся новыя рубрыкі: «Лісты за краты», «Лісты з-за кратаў», «Дзень народзінаў за кратамі». Да таго ж у кожным нумары мы стараемся даваць кранальную чалавечую гісторыю. І прыходзяць водгукі: хтосьці пра сям’ю сваю прачытаў, хтосьці ўпершыню пабачыў фота дзіцяці ў газэце, бо фатаздымкі звычайна ў турму не перадаюць, — расказвае Аксана Колб.

— І друкаванае выданьне, і сайт «Новага часу» выходзяць выключна па-беларуску. І гэта прынцыповае рашэньне, — тлумачыць галоўная рэдактарка. — У нас дагэтуль няма расейскамоўнага люстэрка, і мы не плянуем яго рабіць. І, дарэчы, менавіта жнівень, верасень і кастрычнік пацьвердзілі, што калі людзям хочацца прачытаць, калі ім цікава — яны будуць чытаць па-беларуску.

Ёсьць яшчэ адна цікавая акалічнасьць. Некаторыя палітвязьні, якія чытаюць нас ужо некалькі месяцаў, за кратамі пераходзяць на беларускую мову. У нас ёсьць сталы падпісчык, які чытае нас ужо шмат гадоў. У яго пажыцьцёвае зьняволеньне. Ён у турме перайшоў на беларускую мову, прычым з усімі камунікуе па-беларуску: з сукамэрнікамі, зь «вертухаямі». Час ад часу ён піша нам артыкулы, мы нават некалькі друкавалі.

Мы зараз жартуем, што як італьянскі джаз пайшоў ад тых, хто сядзеў у амэрыканскіх турмах, так і адраджэньне беларускай мовы пачнецца з тых, хто сядзеў у турмах і чытаў «Новы час», — кажа Аксана.

«Блогеры таксама казалі, што «папера» памірае, а цяпер чытаюць за кратамі «Новы час»

Цяпер вядзецца шмат спрэчак: ці патрэбныя наагул друкаваныя выданьні — маўляў, яны выміраюць ва ўсім сьвеце, інтэрнэт іх выціскае. Мала хто чытае і вялікія матэрыялы, так званыя «лонгрыды»: людзі перайшлі ў сацыяльныя сеткі, тэлеграм.

На думку Аксаны Колб, павінна існаваць усё, бо немагчыма прымусіць чытача чытаць тое ці іншае.

— На жаль, у маім разуменьні мэдыя робяць усё, каб іх не чыталі. Мы вымушаны выхоўваць чытача, а не падстройвацца пад яго. І калі такімі тэмпамі мы будзем зьніжаць якасьць кантэнту, колькасьць знакаў, то праз 5 гадоў ніхто, акрамя аднаго сказу, ня зможа нічога прачытаць.

Калі ў газэце будуць вялікія якасныя і цікавыя тэксты, людзі будуць іх чытаць, — перакананая Аксана.

І прывяла прыклад: калі «Новы час» праводзіў адзін з чарговых конкурсаў імя заснавальніка выданьня Аляксея Караля, свой матэрыял на конкурс даслаў 18-гадовы хлопчык.

— І калі мы яго ўзнагароджвалі, ён патлумачыў, што «мне часам складана, я толькі адзін артыкул на дзень чытаю». Цяпер ён у нас працуе, піша, шмат чытае — гэта я пра тое, што калі мы будзем да гэтага імкнуцца, будуць запатрабаваныя і тэлеграм, і сторыз, і вялікія тэксты таксама. Бо ў кожнага тэксту — свой кантэнт, свой чытач — гэта адзін бок.

А другі бок — колькі ў нас зараз блогераў за кратамі? Ледзьве ня ўсе. Блогеры таксама казалі, што папера памірае, будучыня за тэлеграмам, за ютубам, а што мы атрымліваем цяпер? Лісты з падзякамі, што ёсьць «Новы час», які яны могуць пачытаць. Калі я адказваю ім на лісты, паўжартам пішу, што калі вы выйдзеце на волю і будзеце выпісваць газэту на свой хатні адрас, варта правесьці агульную сустрэчу ўсіх палітвязьняў, а вы пра гэта раскажаце ў сваіх блогах». Як на мой розум, павінна існаваць усё — я супраць усякіх забаронаў і абмежаваньняў. Бо ніводная забарона ніякіх праблем яшчэ ня вырашыла, — перакананая Аксана Колб.

Яна мае пэўнасьць, што папяровыя мэдыя ў Беларусі хутка не памруць.

— З улікам тэндэнцый, якія маюць месца ў сьвеце, пакуль надыдзе пара паміраць паперы ў Беларусі, прыйдзе тэндэнцыя аднаўляць паперу ва ўсім сьвеце, — мяркуе яна.

«Я не лічу, што беларускія СМІ — канкурэнты. Мы калегі і партнэры»

Абнаўляць сайт штодня «Новы час» пачаў у 2014 годзе, калі галоўным рэдактарам быў Аляксей Кароль. І тады калектыў паставіў задачу: дасягнуць 1 тысячы ўнікальных наведнікаў у дзень, кажа Аксана Колб.

— Мы паціху ішлі да гэтай мэты. На жаль, Аляксей Сьцяпанавіч гэтага так і ня ўбачыў. Здаецца, у дзень, калі ён памёр, мы дасягнулі гэтай лічбы. А сёньня, калі ў нас 20–30 тысяч наведнікаў на дзень, думаем: «А што так мала? Што ня так? Чаму не чытаюць?».

Канечне, усё гэта дзякуючы жніўню, тым гарачым падзеям. І ў тым ліку праз тое, што шмат нашых калегаў тады былі заблякаваныя. Пасьля 9 жніўня на сайце на 30–40% быў наш кантэнт, астатняе — нашых калегаў. Мы стараліся зьбіраць усё самае цікавае і лепшае з розных рэсурсаў, каб людзі ведалі, што адбываецца ў краіне. Бо ня ўсе адразу маглі перайсьці на VPN. Таму мы абралі такую тактыку — працавалі як агрэгатар, без выходных, без адпачынкаў. Калі ўлічыць, што нас ня так і шмат, на дзень на сайце ў нас было па 60–70 навінаў. Натуральна, гэта адбілася і на наведвальнасьці.

Я не лічу, што беларускія СМІ — канкурэнты, паколькі мы жывём пры гэтай уладзе. Калі штосьці зьменіцца, тады будзем ваяваць за крыніцы інфармацыі, спрабаваць раней за ўсіх паставіць навіну на сайт. Цяпер мы партнэры і калегі. Таму я заўсёды з удзячнасьцю, а не з прэтэнзіямі ўспрымаю, калі хтосьці робіць перадрук нашых матэрыялаў. Бо для мяне зараз важна, каб як мага больш людзей прачытала гэта, а ня тое, хто першы гэта надрукаваў.

Паводле Similarweb, у жніўні на сайце было каля 800 тысяч наведнікаў, у верасьні — больш за 1 мільён. Для «Новага часу», які ўсё ж лічыўся «нішавым» выданьнем, гэта даволі шмат, — мяркуе галоўная рэдактарка.

«Любыя выпрабаваньні — гэта стымул да разьвіцьця»

Як і многія іншыя недзяржаўныя друкаваныя выданьні, «Новы час» пастаянна сутыкаецца зь цяжкасьцямі распаўсюду. У 2008 годзе газэту адмовіліся распаўсюджваць і «Белпошта», і «Белсаюздрук». Толькі ў 2017 годзе ўлады дазволілі падпіску і продаж газэты. Аднак у лютым 2021 году «Белсаюздрук» скасаваў дамову з «Новым часам». Галоўная рэдактарка жартуе, што за гэта можна толькі падзякаваць «Белсаюздруку».

— Мы чарговы раз даведаліся, колькі людзей нас падтрымліваюць, у нас павялічылася колькасьць падпісчыкаў. Да таго ж зьявілася шмат добраахвотных распаўсюднікаў. Людзі прыходзяць у рэдакцыю, забіраюць па 200 экзэмпляраў, развозяць па рэгіёнах, раскідваюць па паштовых скрынях.

Шмат людзей прапануюць сваю дапамогу. На некаторых глядзіш і думаеш: «вам бы яшчэ чым дапамагчы», а яны гатовыя распаўсюджваць газэту, набываючы яе за свае грошы.

Так што адмова «Белсаюздруку» — гэта быў своеасаблівы штуршок. Любыя выпрабаваньні — гэта стымул да разьвіцьця, — кажа галоўная рэдактарка.

Наклад «Новага часу» — 7 тысяч асобнікаў. У Магілёўскай вобласьці «Новы час» дагэтуль прадаецца ў шапіках.

У апошнім нумары «Новага часу» зьявіўся новы спэцпраект — «Беларусь спартыўная», дадатак выйшаў на 12 старонках. Аксана Колб мяркуе, што калі зьяўляецца новы чалавечы рэсурс — грэх яго ня выкарыстаць. Яе вельмі радуе, што людзі прыходзяць не па грошы, а менавіта па рэалізацыю сваіх магчымасьцяў.

— Да нас нядаўна прыйшоў Сяргей Кайко. Калі з «Прессбола» пачалі звальняцца і іншыя прафэсіяналы, стала зразумела: ёсьць людзі, чаму ня даць магчымасьць ім пісаць?

У нас ёсьць беларускамоўныя спартоўцы, але няма беларускамоўнага спартовага кантэнту. Мы вырашылі гэтую нішу заняць. Першы нумар спартовы быў у фармаце PDF на сайце, а зараз вырашылі выпусьціць у друкаваным выглядзе.

«Мы і за кратамі будзем нешта выдаваць»

Аксана Колб любіць плянаваць сваё жыцьцё і працу, нягледзячы на непрадказальнасьць.

— Калі ёсьць плян А, плян В, плян С — лягчэй выжываць. Канечне, хацелася б разьвівацца, рабіць дадатак — і літаратурны, і спартовы. Марым пра каляровы друк.

Хацелася б, каб расла колькасьць падпісчыкаў, бо гэта нашы грошы, нашы прыбыткі. Я спадзяюся, што ўсе тыя людзі, якія чытаюць нас за кратамі, застануцца нашымі падпісчыкамі, а некаторыя стануць інвэстарамі. Думаю, што іх месяцы за кратамі дадуць зразумець, што мэдыя — гэта важны рэсурс, які трэба выкарыстоўваць. Хто цяпер за кратамі? Банкіры, айцішнікі, прадпрымальнікі. Калі яны выйдуць, я пэўна буду зь імі размаўляць, каб яны інвэставалі ў СМІ, — заяўляе галоўная рэдактарка «Новага часу».

Тым больш што ёсьць такая клясная каманда, дадае яна.

— А я ўпэўненая, што мы будзем жыць у нармальнай краіне, і хацелася б, каб наша супэркаманда атрымлівала нармальныя заробкі і магла дастойна адпачываць, будаваць сваё жыцьцё.

Канечне, нас могуць зачыніць — як друкаванае СМІ. Але застанецца сайт. Будуць блякаваць — давядзецца шукаць іншыя шляхі. Яшчэ адзін варыянт — усіх нас пасадзяць. Але я ўпэўненая, што мы і за кратамі будзем нешта выдаваць. Бо і ў турмах ёсьць свае формы камунікацыі. Будзе рукапісны «Новы час» за кратамі, — пералічвае варыянты разьвіцьця падзей Аксана.

«І я не выбірала свой шлях, і Сьвятлана Ціханоўская не выбірала. Усё адно будзем вінаватыя»

Нядаўна Аксана Колб брала інтэрвію ў Сьвятланы Ціханоўскай. Пажартавалі: што ў іх агульнага, акрамя таго, што абедзьве не вымаўляюць літару «р»?

— І я не выбірала гэты шлях 6 гадоў таму (так сталася, што Аляксей Кароль адышоў у лепшы сьвет, і трэба было працягваць справу). Так і Сьвятлана не выбірала свой шлях, калі Сяргея Ціханоўскага пасадзілі. І пры ўсіх раскладах — будзе добра ці нядобра, — яна будзе вінаватая. Тое ж самае і са мной: што б я ні рабіла, будзе газэта разьвівацца ці не, — я буду вінаватая.

Па-другое, адказнасьць за людзей. Калі я буду пэсымісткай — як калектыў? Па-трэцяе, наш пэсымізм — гэта ў шмат разоў памножаны пэсымізм тых, хто нас чытае. І мы проста ня маем на гэта права, — разважае яна.

Аксана прызнаецца, што часам ёй хочацца «зашыцца пад коўдру», каб пашкадавалі. Бывае, што і плача.

— Я ж не «жалезная цётка». Плачу і ад кранальных гісторый, і ад маразму, які адбываецца вакол. Але стараюся трымацца. І наагул, у жанчын больш шанцаў вытрымаць, яны больш устойлівыя псыхалягічна, чым мужчыны.

У маім разуменьні, для мужчын больш важны працэс. Для жанчын збольшага важны вынік. Таму ўсе перашкоды, якія зьяўляюцца па ходу рэалізацыі гэтага выніку — гэта толькі перашкоды, празь якія трэба прайсьці і дайсьці да сваёй мэты. А ў мужчынскім разуменьні, калі гэта працэс, перашкоды — гэта ўжо праблемы, бо яны парушаюць працэс.

Таму я лічу, што жанчынам якраз лягчэй. Тое, што цяпер адбываецца, гэта толькі пацьвярджае. Хто TUT.BY узначальвае? Марына Золатава. Хто БелаПАН узначальвае? Ірына Леўшына. І «Куку», і «Сіцідог» ачольваюць жанчыны, — прыводзіць свае аргумэнты Аксана Колб.

Квадрацыкл, аэратруба, чатыры сабакі і будоўля дому з саломы

Кіраўніца «Новага часу» расказвае, што і першыя гады рэдактарства былі цяжкія, і апошні год таксама. І тады, і цяпер шукае выйсьце сваім эмоцыям.

— У той час я набыла сабе акварыюм. Сабака ў мяне ўжо быў. Так сталася, што ў мяне цяпер чатыры сабакі — я ня ведаю, як бы перажыла ўсё, каб не было сабак. У аэратрубе была, ганяла на квадрацыкле.

Канечне, ратуе дапамога і разуменьне блізкіх. Натхняюць людзі, зь якімі ты працуеш, бо кожны зь іх — сусьвет.

Зараз мы з мужам будуем дом сваімі сіламі, у асноўным па выходных. Гэта мая мара — гадоў 15 таму я прачытала пра экалягічныя саламяныя дамы, дзе будзе добра жыць, дыхацца. Я паціху ішла да гэтай мары, і вось ужо 3 гады будуем. Спадзяюся, сёлета мы скончым і будуць улазіны, — дзеліцца асабістым галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.

Аксана Колб нарадзілася ў Гомлі, але яе дзіцячыя гады прайшлі ў Лідзе. Скончыла гістарычны факультэт БДУ. З 1995-га працавала ў газэце «Згода», з 2007-га — у «Новым часе». Пасьля сьмерці Аляксея Караля ў верасьні 2015 году ўзначаліла «Новы час». Замужам, мае дарослую дачку і ўнука.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)