Ад «ядра пратэсту» да «бастыёна Лукашэнкі»: вынікі апытаньня Chatham House
Ладная частка беларускага грамадзтва ня хоча Лукашэнкі — а чаго яно хоча? Ці праўда, што беларусы атрымалі прышчэпку супраць аўтарытарызму? Пра гэта на Свабодзе на падставе вынікаў апошняга апытаньня Chatham House разважае каардынатар праекту Рыгор Астапеня.
У верасьні ў беларускім грамадзтве было значна больш аптымізму, цяпер яно больш скептычна ставіцца да перамогі пратэсту.
У пэўным сэнсе яно расчараванае.
Не зьмянілася тое, што грамадзтва ў большасьці не прымае Лукашэнкі, не прымае гвалту, які чыніць яго сыстэма.
Не зьмянілася доля прыхільнікаў бел-чырвона-белага сьцяга, яна прыкладна захавалася на ўзроўні 35%.
У большасьці беларускае грамадзтва ня ставіцца адмоўна да бел-чырвона-белага сьцяга, такое стаўленьне толькі ў адносна вузкай групы — у «бастыёна Лукашэнкі», 23% лічаць, што ён фашысцкі і яго трэба забараніць.
Гэта дае падставы лічыць, што пры зьмене ўлады бел-чырвона-белы сьцяг стане дзяржаўным.
Ёсьць вялікая група, якая лічыць, што пытаньне сьцяга наагул неістотнае.
Сярэднія групы — «назіральнікі», «скептыкі» і «абыякавыя» — не па ўсіх пытаньнях паводле сваіх поглядаў — паміж «ядром пратэсту» і «бастыёнам Лукашэнкі».
«Назіральнікі» — прыхільнікі пратэсту, яны супраць гвалту, у іх няма даверу да Лукашэнкі, але яны ня вельмі ўдзельнічалі ў пратэстах.
Для людзей, якія жывуць па-за Менскам, тое, што пратэсты зьменшыліся, відавочна, у іх пратэсты былі пераважна ў жніўні-верасьні.
«Скептыкам» не падабаецца ні ўлада, ні пратэст. Многія зь іх галасавалі супраць усіх, ім падабаецца Ўладзімір Салаўёў, які пляжыць і Лукашэнку, і пратэстоўцаў.
Яны ня вераць, што пратэст можа перамагчы.
Яны ўсьведамляюць, што на выбарах былі фальсыфікацыі.
«Абыякавыя» — тыя, хто называе сябе апалітычнымі, яны спрабуюць нічога ня ведаць і жыць у сваім сьвеце.
Сярод іх папулярны чырвона-зялёны сьцяг, яны не давяраюць Ціханоўскай і крыху давяраюць Лукашэнку.
Калі параўнаць колькасьць тых, хто глядзеў навагоднія віншаваньні Ціханоўскай і Лукашэнкі (наўпрост ці ў запісе), то атрымаецца, што гэтыя лічбы прыкладна аднолькавыя
Беларускае грамадзтва ў цэлым не ўспрымае Ціханоўскую як асобу, за якую потым давядзецца галасаваць як за прэзыдэнта.
Людзі ўсьведамляюць, што ўсё пачалося з Бабарыкі. Калі ён уступіў у кампанію, зьявілася ўяўленьне, што Лукашэнка можа прайграць.
Значная частка беларусаў абʼяднаная адмаўленьнем Лукашэнкі, хоць і не ўсяго, што зь ім зьвязана.
Людзі хочуць абіраць мясцовых начальнікаў (старшыняў рай- і аблвыканкамаў, кіраўнікоў гарадоў) наўпрост.
Значная частка людзей выказваецца за закрыцьцё стратных прадпрыемстваў і за выплату іх супрацоўнікам дапамогі па беспрацоўі.
У нас грамадзтва даволі лібэральнае ў гэтым пытаньні.
Зьніжаецца падтрымка захаваньня сьмяротнага пакараньня, цяпер гэта менш за 50% сярод гарадзкіх жыхароў, гэта паказьнік крызісу даверу да дзяржавы.
Многія людзі адчуваюць сваю безабароннасьць перад свавольствам уладаў.
Калі спрабаваць адшукаць асноўныя каштоўнасьці беларусаў, то гэта бясьпека, дабрабыт і павага.
Мы пыталіся, як павінны прызначацца кіраўнікі раённых судоў, РУУС. Людзі пра гэта ніколі ў жыцьці ня думалі.
Для многіх беларусаў дэмакратычны праект — новы і нязвыклы.
Прышчэпка ад аўтарытарызму ёсьць, але пытаньне, наколькі яна трывалая.
Падчас пратэстаў мы не пабачылі працэсу палітычнага структураваньня, паўстаньня партыяў, рухаў, арганізацыяў.
Читайте еще
Избранное