Ад чаго «пераварочваецца ў труне» Янка Купала?

Міхась Скобла ў Народнай Волі – пра выказванні мастацкай кіраўніцы Купалаўскага тэатра.

У напаўжывым Купалаўскім тэатры яшчэ год таму малапрыкметная Вольга Няфёдава сёння – і жнец, і швец, і на дудзе ігрэц. Запатрабаваная, як ніхто. І адна з вядучых акцёрак у адноўленай з горам папалам «Паўлінцы», і пастаноўшчыца гэтага спектакля-візітоўкі, і мастацкі кіраўнік усяго тэатра, і яго фактычны спікер – у шматлікіх інтэрв’ю ахвотна абмяркоўвае ўсе датычныя тэатра тэмы.

Проста салаўём заліваецца. Паслухаеш краем вуха і міжволі задасіся пытаннем: як жа такі каштоўны кадр прападаў за кулісамі раней? І з палёгкай падумаецца: ну нарэшце галоўны тэатр краіны пад энергічным кіраўніцтвам Няфёдавай немінуча пойдзе (бягом пабяжыць!) да небывалага росквіту.

Але калі прыслухацца больш уважліва да таго, што гаворыць з экрана новаяўлены Станіслаўскі ў спадніцы, то эйфарыю як рукой здымае, і хочацца крычаць «Каравул!». Каб не быць галаслоўным, спашлюся на выступленне Няфёдавай у праграме «Ничего личного», якую вядзе на АНТ Марат Маркаў.

Крытыкуючы купалаўцаў, якія пакінулі тэатр у жніўні мінулага года, Няфёдава дагаварылася да таго, што ім варта было б… вярнуць атрыманыя калісьці ад дзяржавы кватэры. Так-так, здаць на тэатральны склад, як выкарыстаныя дэкарацыі. А самім жыць ці то ў палатках за МКАДам, ці то ў лясных буданах у пушчах Палесся.

Праведны гнеў так і распіраў акцёрку: «Если вы были обласканы, принимали, получали, то почему вы принесли под двери театра только грамоты, а не ключи от квартир, деньги, которые получали? Вы обязаны вернуть государству всё, что вам давалось. Отказывайтесь от пенсий – они госудасртвенные, если государство вас не устраивает».

Гэта не булгакаўскі Швондзер – герой «Сабачага сэрца» – збалантэсіў, гэта прамовіла новаспечаная мастацкая кіраўніца Купалаўскага тэатра! Дай ёй волю – відаць, пайшла б з атрадам амапаўцаў адбіраць кватэру ў народнага артыста Віктара Манаева. Ці – высяляць на вуліцу народную артыстку Зою Белахвосцік.

Ці, разам з ГУБАЗІКам падпільнаваўшы ў цёмным двары Мікалая Пінігіна, забрала б у яго пенсіённую картку. Бо яны ж пакінулі дзяржаўны тэатр, выступілі з пратэстам, «их государство не устраивает».

Чакайце-чакайце, а з якой такой ласкі Вольга Няфёдава вырашыла, што названыя вышэй купалаўцы ды іх калегі-аднадумцы выступаюць супраць дзяржавы? Якраз наадварот! І купалаўцы, і сотні тысяч грамадзян Беларусі, што выйшлі на вуліцы пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, – перакананыя прыхільнікі беларускай дзяржаўнасці. І выступаюць, вядома ж, не супраць яе, а супраць дзікага гвалту і ўладатрымаўцы, які гэты гвалт санкцыянаваў, які з тою самаю дзяржаўнасцю вось ужо 27 гадоў гуляецца, як дзіця з цацкаю ў пясочніцы.

То нейкае «союзное государство» стварае, то ганарыцца сваім «ацечаствам» ад Буга да Курылаў, то збіраецца размясціць у Беларусі мільённую расійскую армію. Вось каго беларуская дзяржава чамусьці «не устраивает», а не звольненых купалаўцаў, чые кватэры і дзяржпрэміі не даюць спакойна спаць Няфёдавай.

Зрэшты, хіба тыя ж Манаеў з Пінігіным сваімі талентамі не заслужылі тых кватэр і прэмій ад народа, з чыіх падаткаў і складаюцца розныя дзяржаўныя падзякі? Яшчэ як заслужылі. То каму і навошта яны павінны нешта вяртаць?

Дала фаеру Няфёдава ў сваім інтэрв’ю і далей. Ненавісныя ёй «пратэстуны», аказваецца, залішне часта трывожаць цені вялікіх. «Отколупывают Купалу, Маяковского, их уже затерли, те уже в гробах делают кульбиты невероятные».

З «отколупнутым» (які выкшталцоны стыль!) Купалам справа ясная – ён патрэбны, актуальны і незаменны. І ў тэатры, і на вуліцы. А пры чым тут Маякоўскі? А ён, вяшчала Няфёдава, аўтар узнятага на шчыт змагарамі двухрадкоўя «Поэтом можешь ты не быть, / а гражданином быть обязан». Так, на яе думку, «горлан и главарь» савецкай паэзіі ў 1926 годзе пасцябаўся з бальшавікоў, якія вырашылі «поэтов и писателей приравнять к рабочим и служащим».

Бог ты мой, ды любы старшакласнік ведае, што выслоўе тое афарыстычнае прыдумаў не Маякоўскі, а Някрасаў – у вершы «Паэт і грамадзянін» (1855). Школьнік ведае, а мастацкая кіраўніца Купалаўскага – не. Класікі не засвоіла, а ўзялася кіраваць класічным тэатрам.

Вось ад чаго «пераварочваецца ў труне» Янка Купала, а не ад таго, што яго духаўздымны лозунг «Жыве Беларусь!» народ тысячагалоса і суладна выкрыкваў на шматлікіх шэсцях па ўсёй краіне.

А яшчэ «перавярнуўся ў труне» класік з-за таго, што сцэна ягонага тэатра ў час гэтак званага прастою стала пляцоўкай для пахабнага рускамоўнага шансону гурта «Галасы ЗМеста», які пасля ганебных гастроляў у Купалаўскім меў намер зганьбіць усю Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне».

А яшчэ абурэнне песняра выклікае тое, што зняты на «Беларусьфільме» выдатны фільм «Купала» вось ужо трэці год забаронены да афіцыйнага паказу.

А яшчэ не дае спакою Купалу той факт, што сёлета ў сталіцы незалежнай Беларусі па-беларуску будуць навучацца толькі два адсоткі школьнікаў. Два адсоткі! Хутка ў тым жа Купалаўскім тэатры запатрабуюцца перакладчыкі спектакляў з роднай мовы.

А яшчэ… Зрэшты, пералічваць падобныя факты можна бясконца.

Вось над чым хай бы задумалася мастацкая кіраўніца Нацыянальнага Купалаўскага тэатра Вольга Няфёдава замест таго, каб адбіраць кватэры, прэміі і пенсіі ў сваіх былых калег.

Чым цяпер займаюцца купалаўцы, якія год назад звольніліся на знак пратэсту

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(104)